Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі затрымалі новых мясных махінатараў


Гомельскі мясакамбінат

Гомельскі мясакамбінат

Новы мясны скандал у Гомелі — праваахоўнікі затрымалі 2 сьнежня каля дзясятка службоўцаў і спэцыялістаў мясной галіны, у ліку якіх апынуліся дырэктар мясакамбінату Рычард Стэфановіч і куратар аграпрамысловага комплексу рэгіёну, першы намесьнік старшыні аблвыканкаму Аляксандар Максіменка.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, падставай для затрыманьня паслужылі махінацыі зь мясам: пратэрмінаваная прадукцыя з крамаў вярталася на прадпрыемства, тут яе перараблялі на фарш і зноў накіроўвалі ў гандаль.

На мясаперапрацоўчым прадпрыемстве адмаўляюцца гаварыць на тэму затрыманьня свайго кіраўніка і некаторых іншых спэцыялістаў, адказных за якасьць прадукцыі.

Гэта ўжо ня першае затрыманьне шэрагу адказных асобаў мясакамбінату. У 2012 годзе Гомельскі абласны суд пакараў два з паловай дзясяткі кіраўнікоў, спэцыялістаў і шараговых працаўнікоў камбінату, а таксама трох міліцыянтаў, якія мелі дачыненьне да буйных крадзяжоў на прадпрыемстве.

У судзе знайшла пацьверджаньне вэрсія сьледзтва, што на прадпрыемстве была створана злачынная групоўка, якая пяць гадоў крала так званыя лішкі прадукцыі на шкоду тэхналёгіі й якасьці. Кожнаму з працаўнікоў у гэтым крымінальным ланцужку адводзілася свая роля — і кіраўніку, і начальніку цэху, і тэхнолягу, і забойшчыку жывёлы, і кіроўцу. Мяса, каўбасы й іншая «левая» прадукцыя выкарыстоўвалася дзеля ўласнага абагачэньня і каб «падкормліваць» патрэбных людзей ва ўладных структурах.

Пасьля гучнага судовага працэсу на камбінат прыйшлі новыя кіраўнікі. У прыватнасьці, дырэктарам прызначылі затрыманага цяпер Рычарда Стэфановіча, які да прызначэньня займаўся кадравымі пытаньнямі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Гомельскага аблвыканкаму, а да гэтага быў старшынём Брагінскага райвыканкаму.

Летась на мясе пагарэлі два кіраўнікі самога аблвыканкаму — першы намесьнік старшыні Віктар Банчук, куратар аграпрамысловага комплексу, і намесьнік старшыні па ідэалёгіі Віктар Трызна. Суд над імі распачаўся месяц таму ў Магілёве. Пад ціскам мясцовых чыноўнікаў расейскія камэрцыйныя структуры вывозілі без аплаты з таго ж Гомельскага, а таксама Жлобінскага, Калінкавіцкага мясакамбінатаў ды некаторых гандлёвых арганізацыяў мясную прадукцыю. У выніку мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы недалічыліся 34 мільярдаў рублёў.

Пасаду першага намесьніка старшыні Гомельскага аблвыканкаму замест арыштаванага Віктара Банчука заняў Аляксандар Максіменка. Але прамінуў усяго год, і ён таксама аказаўся замяшаны ў мясных махінацыях.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG