Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 фактаў пра затрыманага «Птушынага караля» Яўгена Баскіна


Куры «Пятруха», «Браты Грыль» і «Курасельскія», малочныя прадукты «Кубышка» і сыры Landers — Баскін быў адным з самых пасьпяховых беларускіх бізнэсоўцаў.

Яўген Баскін
Яўген Баскін

У Магілёве затрымалі кіраўніка кампаніі «Сэрвалюкс» Яўгена Баскіна і чатырох ягоных падначаленых. «Сэрвалюкс», найбуйнейшы вытворца бройлераў у Беларусі, пакуль не камэнтуе затрыманьне. Затрыманьне Баскіна адбылося неўзабаве пасьля затрыманьня іншага буйнога бізнэсоўца, Юрыя Чыжа.

Што вядома пра Баскіна, якога называюць «Птушыным каралём» Беларусі і якога «Ежедневник» паставіў на шостае месца ў топе пасьпяховых і ўплывовых бізнэсоўцаў Беларусі?

Нарадзіўся ў 1965 годзе. Вучыўся ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце на інжынэра-радыёфізыка, там жа, дзе вучыўся ўладальнік імпартэра і дыстрыб’ютара садавіны і гародніны «Савіт» Віталь Ніс. Два гады адслужыў у войску.

З 1989 году быў індывідуальным прадпрымальнікам. У птушкагадоўлі з 2002 году, калі пачаў вытворчасьць па дамове падраду з Магілёўскай бройлернай птушкафабрыкай. Яшчэ ня маючы права ўласнасьці на фабрыку, пачаў там рэканструкцыю. У 2006 годзе атрымаў паводле ўказу Лукашэнкі фабрыку як маёмасны комплекс, на базе яе стварыў прадпрыемства «Сэрвалюкс Агра».

350 млн даляраў — прыкладна столькі агулам інвэставана ў праекты «Сэрвалюкса». На прадпрыемствах працуе 6800 чалавек. Група кампаніяў валодае 14 тысячамі гектараў зямлі, 8 тысячамі галоваў буйной рагатай жывёлы.

На сёньня «Сэрвалюкс» — гэта гандлёвыя маркі мяса птушкі «Пятруха», «Браты Грыль» і «Курасельскія», малочных прадуктаў «Кубышка» і сыроў Landers, лінейка кармоў «ЛактЭКА», сетка з 40 крамаў «Квартал смаку», фабрыка інкубацыйных яек і куранятаў, дзьве фабрыкі па вырошчваньні і перапрацоўцы мяса птушкі, два заводы камбікармоў, адзін мясакамбінат і адзін малаказавод. Таксама ў групу кампаніяў уваходзяць «Сэрвалюкс Усход» і «Сэрвалюкс Трэйд», якія займаюцца дыстрыбуцыяй прадукцыі ў Маскву і Смаленск.

Трымае 30% рынку мяса птушкі ў Беларусі, займае па ім першае месца па Беларусі і восьмае на постсавецкай прасторы. Дылер нідэрляндзкага аграхолдынгу «Nutreco», вытворцаў сельгастэхнікі «Сhore-Time Europe» і «Fancom».

Бізнэс рос: як сьцьвярджае кампанія, за 2015 год аб’ём вытворчасьці кармоў і кампанэнтаў вырас на 11% — да 505 тысяч тон, вытворчасьць мяса птушкі — на 18% да 167 тысяч тон.

Вышэй за яго ў топе прадпрымальнікаў толькі пяць чалавек — Шакуцін («Амкадор», «Абсалютбанк»...), Тапузідзіс («Тытунь-інвэст», «Карона»...), Машэнскі («Санта Брэмар», «Савушкін Прадукт»...), Арбузаў (Fenox) і Кіслы (Wargaming).

Сябра Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва ў Беларусі, памочнік сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу ад Магілёўскай вобласьці, сябра Міжведамаснай працоўнай групы па рэфармаваньні аграпрамысловага комплексу, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ГА «Беларуская фэдэрацыя веславаньня». Узнагароджаны граматай Савету міністраў Беларусі з нагоды 50-годзьдзя.

Пацярпеў ад расейскай забароны на пастаўкі прадукцыі — Расея спажывала 50% аб’ёму вытворчасьці холдынгу. Але з патрабаваньнямі «Рассельгаснагляду» разабраўся. Спрабаваў яшчэ больш павысіць стандарты якасьці — да ўзроўню пастаўшчыка McDonald’s.

Канкурэнтаў нядаўна затрымалі: у канцы кастрычніка 2015 году быў арыштаваны заснавальнік групы кампаніяў «Біякам» Андрэй Паўлоўскі і кіраўнікоў фірмы «Консул», якія займалася пастаўкамі імпартных кармоў для жывёлагадоўлі. Таксама нядаўна затрымалі, як паведамляюць СМІ, сябра Баскіна Юрыя Чыжа. Баскін, у прыватнасьці, быў на вясельлі сына Чыжа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG