Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы міліцыянт пра дзейную судзьдзю: На яе месцы можна ставіць манэкен


Мікалай Казлоў у судзе, 9 сакавіка 2016 году

Мікалай Казлоў у судзе, 9 сакавіка 2016 году

Змагару з фальшаваньнем выбараў, былому міліцыянту Мікалаю Казлову адмовілі ў завядзеньні крымінальнай справы супроць тых, хто яго зьбіваў і спрабаваў абрабаваць у перадапошні дзень выбараў 10 кастрычніка 2015 году. Пасьля таго, як расьсьледаваць справу адмовілася міліцыя, гэтае ж рашэньне 17 сакавіка прадублявала судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Менску Тацяна Рак.

Асаблівасьць гісторыі ў тым, што расьсьледаваць зьбіцьцё мусілі былыя калегі Мікалая Казлова, які да выхаду на пэнсію па ўзросьце служыў у крымінальным вышуку менавіта міліцыі Цэнтральнага раёну сталіцы.

Мне сорамна за сваіх калегаў у Цэнтральным РУУС. Ёсьць відэа людзей, якія на мяне напалі, зьбівалі і спрабавалі абрабаваць. Высьветліць іх асобы — прафэсійны абавязак міліцыянтаў.

«Мне сорамна за сваіх калегаў у Цэнтральным РУУС. Ёсьць відэа людзей, якія на мяне напалі, зьбівалі і спрабавалі абрабаваць. Высьветліць іх асобы — прафэсійны абавязак міліцыянтаў, іх гэтаму вучаць і за гэта плацяць заробак. Ды гэта і не асабліва складана, кажу як прафэсіянал. Але „калегі“ ня хочуць шукаць і займаюцца адпіскамі. Я гэта без пакараньня не пакіну», — абураўся Мікалая Казлоў пасьля таго, як з Цэнтральнага РУУС атрымаў адмову ў завядзеньні крымінальнай справы. Тады ён зьвярнуўся з пазовам на міліцыянтаў у суд Цэнтральнага раёну, каб ужо суд абавязаў праваахоўнікаў завесьці справу. Аднак у выніку і судзьдзя Тацяна Рак пагадзілася з тым, што злодзеяў не знайсьці. «Тады лепш на месцы судзьдзі паставіць манэкен зь імем і прозьвішчам, які будзе зацьвярджаць рашэньні зьверху», — абураецца Мікалай Казлоў.

Пачатак гісторыі паклаў інцыдэнт на выбарчым участку № 24, дзе 10 кастрычніка, у апошні дзень галасаваньня, назіральнік Мікалай Казлоў прадухіліў укідваньне фальшывых бюлетэняў групай невядомых асобаў. «Карусэльшчыкі», якія спрабавалі незаконна прагаласаваць на ўчастку, зьбеглі на вуліцу, але назіральнік Мікалай Казлоў рушыў за імі і стаў здымаць іх на відэа праз ноўтбук. Тады «карусэльшчыкі» напалі на Мікалая Казлова, нанесьлі яму некалькі ўдараў нагамі і паспрабавалі забраць ноўтбук.

Пазьней Мікалай Казлоў напісаў заяву ў міліцыю, каб нападнікаў выявілі і прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Праверку праводзілі ў Цэнтральным РУУС Менску.

На маю думку, гэта службовае злачынства, калі фактычна хаваюць сьляды іншага злачынства.

«Разьбіраліся больш за тры месяцы і ў выніку адпісалі мне, што „невядомых асобаў высьветліць не ўдалося“ і таму справу заводзіць ня будуць. На маю думку, гэта службовае злачынства, калі фактычна хаваюць сьляды іншага злачынства», — гэтак назваў дзеяньні сваіх былых калегаў Мікалай Казлоў.

Разгляд пазову назіральніка ў Цэнтральным судзе Менску цягнуўся ня больш за 1,5 гадзіны. «Цалкам замоўчваўся той факт, што прычынай інцыдэнту была спроба фальшаваньня выбараў», — кажа Мікалай Казлоў. Вось якія падрабязнасьці распавёў былы міліцыянт пра разгляд ягонага пазову.

«У сваім выступе ў судзе я загаварыў пра спробу фальсыфікацыі, але судзьдзя Тацяна Рак мяне перапыніла і заявіла, што разгляд тычыцца толькі спробы рабаваньня ў мяне ноўтбука. Хоць у матэрыялах я падрабязна апісваю сытуацыю, і пракурор ды судзьдзя, мяркую, мусілі адрэагаваць на тое, што адносна гэтага злачынства ўвогуле нічога не было дасьледавана».

Справа цягнецца ўжо пяты месяц. Ці будзе Мікалай Казлоў далей змагацца, каб факт нападу на яго як на назіральніка быў расьсьледаваны?

«Так, я буду далей скардзіцца і дамагацца завядзеньня крымінальнай справы, а цяпер яшчэ і пакараньня тых, хто паводле закону мусіў разабрацца і са зьбіцьцём, з і фальшаваньнем, але нічога не зрабіў.

Такія міліцыянты, такія судзьдзі пакрываюць тых, хто вінаваты, як я мяркую, у той эканамічнай сытуацыі, у якой мы ўсе апынуліся. Скраўшы выбары, схаваўшы рэальнае стаўленьне выбарцаў да дзейнай улады, яны дазволілі ўладзе рабіць што заўгодна.

Лічу, што рашэньне судзьдзі Тацяны Рак беззаконнае. Ня толькі адносна мяне, але і адносна іншых грамадзянаў. Бо гэта абсалютна зьвязана з фальсыфікацыямі на выбарах.

Такія міліцыянты, такія судзьдзі пакрываюць тых, хто вінаваты, як я мяркую, у той эканамічнай сытуацыі, у якой мы ўсе апынуліся. Скраўшы выбары, схаваўшы рэальнае стаўленьне выбарцаў да дзейнай улады, яны дазволілі ўладзе рабіць што заўгодна.

Таму пайду далей да гарадзкога суду, да Вярхоўнага суду. Урэшце, гэтая справа павінна застацца ў архівах, каб потым з кожнага, хто вінаваты, можна было спытаць за тое, што ён нарабіў», — паведаміў Свабодзе Мікалай Казлоў.

XS
SM
MD
LG