Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд не заўважыў нападу «карусэльшчыкаў» на Мікалая Казлова


Мікалай Казлоў у судзе, 9 сакавіка 2016

Мікалай Казлоў у судзе, 9 сакавіка 2016

Суд Цэнтральнага раёну Менску не задаволіў скаргу падпалкоўніка МУС у запасе Мікалая Казлова на адмову ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў сувязі з нападам на яго.

Інцыдэнт здарыўся 10 кастрычніка 2015 году. У апошні дзень датэрміновага галасаваньня Мікалай Казлоў, які быў назіральнікам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, заўважыў, як на ўчастку галасавалі людзі, якія, хутчэй за ўсё, ня мелі да гэтага ўчастку ніякага дачыненьня. Назіральнік рушыў усьлед за ўдзельнікамі «карусэлі» і нават зафіксаваў момант, калі ім плацілі грошы. Калі «карусэльшчыкі» ўбачылі, што Мікалай Казлоў здымае іх на відэа, то напалі на яго і паспрабавалі адабраць пляншэт.

Мікалай Казлоў зьвярнуўся ў міліцыю з заявай, аднак праваахоўныя органы адмовілі яму ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Сёньня суд гэтае рашэньне падтрымаў. Як адзначаецца ў пастанове, «суд прыходзіць да высновы, што праверка праведзена поўна, усебакова і аб’ектыўна».

Усімі сіламі яны спрабуюць спусьціць гэтую справу на тармазах, спрабуюць схаваць злачынства, што, у сваю чаргу, таксама зьяўляецца злачынствам.

«На маю думку (а гэта меркаваньне старшага опэрупаўнаважанага па асабліва важных справах крымінальнага вышуку — гэта значыць чалавека, які ў гэтым разьбіраецца), у міліцыі не зрабілі зусім нічога, каб адшукаць падазраваных, разабрацца і даць аб’ектыўную ацэнку. Пракурор і судзьдзя павялі сябе гэтак жа, як і супрацоўнікі міліцыі, якія разглядалі маю заяву. Усімі сіламі яны спрабуюць спусьціць гэтую справу на тармазах, спрабуюць схаваць злачынства, што, у сваю чаргу, таксама зьяўляецца злачынствам. А я перакананы, і я настойваю, што ў дачыненьні да мяне было зьдзейсьнена менавіта злачынства», — падкрэсьлівае ён.

Па словах Казлова, у матэрыялы праверкі па яго заяве міліцыянты не ўключылі «нязручныя для іх дакумэнты» і апыталі толькі сябраў выбарчай камісіі. «А ў дадзеным выпадку, на мой погляд, выбарчая камісія была ў змове з фальсыфікатарамі. А ўсе мае довады яны проста адмялі», — дадаў ён.

«Вынікі не на карысьць правасудзьдзя, — лічыць Мікалай Казлоў. — І не на карысьць пошуку ісьціны. Я так разумею, што ёсьць катэгорыя спраў і ёсьць катэгорыя тэмаў у нашай краіне, дзе знайсьці справядлівасьць проста немагчыма. Ёсьць адчуваньні, што ўсё, пра што я казаў, на што зьвяртаў увагу суду, — усё прайшло міма. Я проста не разумею ні функцыю судзьдзі, ні функцыю пракурора ў дадзеным працэсе. Ніхто ня тое што ня хоча, але ўсяляк пярэчыць пошуку ісьціны і наагул аб’ектыўнаму разгляду справы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG