Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Карусельшчыкі», якім плацілі за выбары, зьбілі назіральніка і спрабавалі забраць у яго ноўтбук


Падчас датэрміновага галасаваньня на выбарчым участку № 24 Менску назіральнікі зафіксавалі двух «карусельшчыкаў» і ўбачылі, як ім плацілі грошы за фіктыўны ўдзел у выбарах. На назіральніка ад АГП Мікалая Казлова, які пачаў перасьлед «карусельшыкаў», на вуліцы Багдановіча напалі і спрабавалі адабраць у яго ноўтбук. Назіральнік выклікаў міліцыю і патрабуе завядзеньня крымінальнай справы.

Мікалай Казлоў распавёў карэспандэнту Свабоды, што зь ім адбывалася на 24 участку 10 кастрычніка.

Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

«Да 12 гадзінаў нібыта было ўсё нармальна, ішло звычайнае датэрміновае галасаваньне — то бок людзі пакрыху падыходзяць, галасуюць. І тут маю ўвагу прыцягнуў адзін выбарца сталага веку — на ім быў капялюш яўна не ягонага памеру і паводзіў ён сябе на участку неяк няўпэўнена. Але зарэгістраваўся, кінуў бюлетэнь. На выхадзе я падышоў да яго і папрасіў паказаць дакумэнты, а міліцыянта, які дзяжурыць на участку, папрасіў іх праверыць. Ці сапраўды ён тут жыве і мае права тут галасаваць? Але міліцыянт і супрацоўнікі выбарчай камісіі адмовіліся правяраць, сказалі, што на гэта ў іх няма права. Той чалавек адразу сышоў, а я пайшоў за ім. На вуліцы Багдановіча ўбачыў, што ён далучыўся да кампаніі такіх жа як ён людзей сталага веку, недзе іх было 4-5, у тым ліку жанчына. Я пайшоў за імі і пазьней убачыў, як ужо другая жанчына, маладзейшая, дае ім грошы — тым, якія ўжо прагаласавалі. Пачаў здымаць іх праз ноўтбук і тады два зь іх на мяне накінуліся, ударылі па нагах, спрабавалі адабраць ноўтбук. Цяпер я знаходжуся на выбарчым участку, выклікаў сюды апэратыўна-сьледчую групу і чакаю, калі прыедуць. Хачу хадайнічаць, каб завялі крымінальную справу на „карусельшчыкаў“ за напад і за тое, што яны ўдзельнічалі ў фальшаваньні выбараў. Цяпер я дакладна ведаю, што ім плацяць за гэта грошы і падазраю, што супрацоўнікі выбарчай камісіі могуць у гэтым удзельнічаць», — сказаў Мікалай Казлоў.

Паводле Мікалая Казлова, два дні таму на выбарчы ўчастак № 24 ужо прыходзілі 6 «карусельшчыкаў», але прагаласаваць ім не ўдалося . «Ім, відаць, падалі сыгнал, што тут назіральнікі, і яны сышлі. На вуліцы я засьняў іх твары на відэа, яно выкладзенае на сайце АГП — „карусельшчыкаў“ можна вызначыць. Між тым ў камісіі на мяне за гэта склалі пратакол, што нібыта перашкаджаю выбарцам. Магчыма, камісія захоча пазбавіць мяне акрэдытацыі назіральніка», — распавядаў Мікалай Казлоў 9 кастрычніка.

Мікалай Казлоў — актывіст АГП, былы падпалкоўнік міліцыі, які на парлямэнцкіх выбарах 2008 году выкрыў укідваньне фальшывых бюлетэняў падчас датэрміновага галасаваньня, пасьля чаго быў звольнены з міліцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG