Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міліцыю можна скарачаць удвая, а Службу бясьпекі прэзыдэнта ўвогуле ліквідаваць», — Мікалай Казлоў


Мікалай Казлоў

Мікалай Казлоў

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў ацэньвае заяву Лукашэнкі пра патрэбу аптымізацыі сілавых структур.

«Мы не такія багатыя, каб утрымліваць лішнюю колькасьць сілавых структур», — заявіў Аляксандар Лукашэнка на нарадзе зь сілавікамі, якая прайшла 10 лістапада ў Менску.

Якую зь сілавых структураў варта скараціць ці ўвогуле скасаваць? З такім пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да падпалкоўніка міліцыі ў адстаўцы, актывіста АГП Мікалая Казлова.

— Міліцыю можна скарачаць больш як удвая, гэта адназначна. У нас цяпер самая вялікая колькасьць міліцыянтаў у Эўропе: з разьліку на сто тысяч насельніцтва — 1400 міліцыянтаў, гэта паводле дадзеных ААН. Нават у Расеі зь яе Чачнёй, барацьбой з тэрарыстамі ды іншымі праблемамі, меней — 950 на сто тысяч, паводле статыстыкі ААН. Я магу згадаць, што ў савецкія часы было 200–300 міліцыянтаў на сто тысяч насельніцтва — і спраўляліся, а цяпер ня можам зладзіць са злачыннасьцю? Пры тым, што беларускі народ, як кажуць, адносна законапаслухмяны. Вы паглядзіце вакол, і паўсюль вам трапяцца міліцыянты: афіцэры, сяржанты, шарагоўцы, салдаты ўнутраных войскаў, якія ходзяць са сьцягамі, ППС, якія ходзяць па трое па вуліцах і кураць за рогам, каб іх ня бачылі, бо ім забаранілі курыць на дзяжурстве. Вось што яны робяць, ходзячы па трое, калі і двух зашмат? Мяркую, іх проста няма чым заняць, і тады ганяюць па вуліцах. А што ў нас робяць амапаўцы ў цэнтры сталіцы? Іх цяпер рэгулярна накіроўваюць дзяжурыць на Кастрычніцкай плошчы цягам усяго дня. Навошта? Няўжо там такая крымінагенная абстаноўка, што патрэбныя гэтыя нарады ў крапавых бэрэтах? Не, усё там спакойна. Нашы людзі, якія прыяжджаюць з-за мяжы, часам зьдзіўляюцца, што прабылі там тыдзень і ня бачылі ніводнага паліцэйскага. Вось як у Літве. У нас жа выклікае зьдзіўленьне, пэўна, калі ідзеш, а ня бачыш побач міліцыянта — настолькі мы прызвычаіліся, што яны ўвесь час недзе тут.

— Якія непасрэдна структуры ў міліцыі вы б скарацілі?

— Патрульна-паставую службу — ППС, АМАП, часьці ўнутраных войскаў. Калісьці ў Беларусі быў адзін полк унутраных войскаў, цяпер у кожнай вобласьці стварылі па палку, у тым ліку ў Менскай, акрамя самога Менску. Іх няма чым заняць, іх стварылі пад выбары, але выбары бываюць раз на 5 год, а што ім рабіць потым, незразумела. Вось і ганяюць па вуліцах, кідаюць на стадыёны ваяваць з футбольнымі фанатамі ці з маладзёнамі на дыскатэках. А грошай на іх утрыманьне трэба шмат. Між тым структуры ў міліцыі, якія непасрэдна змагаюцца са злачыннасьцю, такія, як крымінальны вышук ці ўчастковыя, — на іх нагрузка завялікая, і тут бы не скарачаць, а наадварот.

— Ці бачыце вы сярод сілавых структураў кандыдатаў на тое, каб скасаваць іх цалкам?

Якія ў нас падставы, каб мець асобную Службу бясьпекі, дзе служаць сотні чалавек, якая мае права займацца апэратыўнай дзейнасьцю?

— Мяркую, можна было б цалкам адмовіцца ад Службы аховы прэзыдэнта. Вось нядаўна чытаў навіну, як прэзыдэнт Уругвая ў самалёце аказаў дапамогу пасажырцы, якой стала блага з-за алергічнай рэакцыі. Прэзыдэнт ляцеў зь візытам у Францыю, на звычайным рэйсавым самалёце, не прыватнай асобай, а з афіцыйным візытам. Зь ім быў адзін ахоўнік. Скажыце, наколькі мы круцейшыя і якія ў нас падставы, каб мець асобную Службу бясьпекі, дзе служаць сотні чалавек, якая мае права займацца апэратыўнай дзейнасьцю, асобныя прэзыдэнцкія самалёты, верталёты, кучу аўтамабіляў? Пры гэтым у нас зусім спакойная краіна, і такой патрэбы, як мы назіраем у нейкіх небясьпечных краінах, няма.

Але і Служба аховы прэзыдэнта — яшчэ ня ўсё. Акрамя яе, у нас жа ёсьць яшчэ і такая цалкам сакрэтная структура, як Апэратыўна-аналітычны цэнтар, які, як я разумею, зьбірае кампрамат на іншыя сілавыя структуры. Навошта, калі ёсьць Рада бясьпекі? Гэтак можна бясконца ствараць новыя сілавыя структуры, якія будуць кантраляваць папярэднія, што мы ўжо і назіраем.

— Ці будзе Лукашэнка, як вы мяркуеце, скарачаць колькасьць гэтых структураў, ці абмяжуецца толькі скарачэньнем іх штатнага складу?

— Пазбаўляцца ад структураў ня будзе, але колькасьць супрацоўнікаў прыйдзецца скарачаць, нікуды ад гэтага ён ня дзенецца. Бо звышпрыбыткі, якія яму забясьпечвалі больш-менш спакойнае жыцьцё, праз той жа продаж перапрацаванай нафты, скончыліся, а плаціць усім заробак трэба. Ніякага скарачэньня ён бы не рабіў, калі б у яго была такая магчымасьць. Але, мяркую, яе ня стала, таму ён і загаварыў пра скарачэньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG