Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмена сьмяротнага пакараньня — не прадмет торгу, — МЗС

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менску адкрылася міжнародная канфэрэнцыя «Сьмяротнае пакараньне: пераадоленьне разыходжаньняў», арганізаваная прадстаўніцтвам ААН у Беларусі і МЗС Беларусі пры фінансавай падтрымцы амбасады Вялікай Брытаніі.

Канфэрэнцыю адкрыў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Валянцін Рыбакоў, які запэўніў прысутных, што Беларусь «застаецца адкрытай для абмеркаваньня любых вострых пытаньняў, у тым ліку аб сьмяротнай кары».

Аднак, паводле спадара Рыбакова, вырашэньне спрэчных пытаньняў трэба перанесьці з плоскасьці канфрантацыі ў плоскасьць дыялёгу.​

Стаўрас Ламбрынідзіс (Stavros Lambrinidis)
Стаўрас Ламбрынідзіс (Stavros Lambrinidis)

Адмысловы прадстаўнік Эўразьвязу па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс нагадаў пра падзеі на ягонай радзіме, у Грэцыі, пасьля 1974 году, калі была зрынута дыктатура «чорных палкоўнікаў. Лідэраў ваеннай хунты, якія шмат гадоў правілі Грэцыяй — «радзімай дэмакратыі», асудзілі да вышэйшай меры пакараньня, і народ чакаў, што так і будзе. Але абраны прэзыдэнт Караманліс адмовіўся зноў праліваць кроў, замяніў ім пакараньне на пажыцьцёвае зьняволеньне і неўзабаве ўвогуле дамогся адмены сьмяротнага пакараньня.

«Мала сэнсу весьці дыскусіі аб адмене сьмяротнага пакараньня, калі суды працягваюць выносіць сьмяротныя прысуды, — сказаў спадар Ламбрынідзіс і заклікаў кожнага чалавека асабіста вырашыць, ці хоча ён забіваць іншага.

«Я асабіста не пушчу ў сябе злачынцу. Вы можаце забіваць, а мы ня будзем», — сказаў Стаўрас Ламбрынідзіс і выказаў надзею, што Беларусь стане лідэрам у справе адмены сьмяротнага пакараньня.​

Андрэа Рыгоні (Andrea Rigoni)
Андрэа Рыгоні (Andrea Rigoni)

Прадстаўнік ПАСЭ Андрэа Рыгоні заклікаў улады Беларусі абвясьціць мараторый на выкананьне сьмяротнага пакараньня хаця б на год.

«Фактычна ён дзейнічае, бо некалькі месяцаў запар сьмяротная кара ў вас не выконваецца. Засталося толькі даць гэтаму юрыдычнае абгрунтаваньне», — мяркуе спадар Рыгоні.

Чаму Беларусь дагэтуль не адмяніла гэтай меры пакараньня і не ўвяла на яе мараторыю? Кіраўнік працоўнай групы па пытаньнях сьмяротнага пакараньня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, былы судзьдзя Мікалай Самасейка заявіў, што гэтае рашэньне найперш заснавана на выніках рэфэрэндуму 1996 году, калі больш за 80% беларусаў выказаліся за захаваньне сьмяротнага пакараньня.

Тым ня менш у 2002 годзе ў Палаце прадстаўнікоў прайшлі слуханьні па гэтай праблеме і была створана працоўная група, якая пачала працаваць у кірунку абмеркаваньня праблемы сьмяротнага пакараньня, паведаміў удзельнікам канфэрэнцыі Мікалай Самасейка.

Мікалай Самасейка
Мікалай Самасейка

Пазьней Канстытуцыйны суд Беларусі пацьвердзіў, што сьмяротная кара — мера часовая. Гэта замацавана Канстытуцыяй і новым Крымінальным кодэксам, нагадаў Мікалай Самасейка. Але пасьля падзей у сьнежні 2010 году, якія прывялі да ўвядзеньня новых санкцыяў адносна Беларусі, працэс дыялёгу на тэму сьмяротнага пакараньня быў замарожаны. Віну за гэта Мікалай Самасейка ўсклаў на палітыкаў Захаду.

Адной з прычын Мікалай Самасейка назваў і тое, што большасьць грамадзянаў краіны працягвае выступаць за захаваньне сьмяротнай кары. Тут Мікалай Самасейка спаслаўся на меркаваньні сваіх калегаў — сяброў Палаты прадстаўнікоў.

«Не гарантую, што калі б пытаньне аб увядзеньні мараторыю ўнесьлі на галасаваньне, за яго б прагаласавала большасьць», — сказаў з трыбуны канфэрэнцыі Мікалай Самасейка.

Другі юрыдычны шлях да ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне, акрамя рашэньня парлямэнту, — указ прэзыдэнта краіны, сказаў Мікалай Самасейка.

Кіраўнік працоўнай групы Палаты прадстаўнікоў спадар Самасейка пагадзіўся з выказваньнем, якое раней працытаваў Андрэа Рыгоні — што пасьля пэрыяду, калі бакі глядзелі ў вочы адзін аднаму, прыйшоў час глядзець у адным кірунку.

Валянцін Рыбакоў
Валянцін Рыбакоў

У перапынку журналісты сустрэліся з намесьнікам міністра замежных спраў Беларусі Валянцінам Рыбаковым. У спадара Рыбакова спыталі, чаму на канфэрэнцыю не былі запрошаныя прадстаўнікі праваабарончага цэнтру «Вясна», які шмат год актыўна працуе па праблеме сьмяротнага пакараньня. Паводле Валянціна Рыбакова, «Вясну» не запрасілі таму, што гэтая арганізацыя не зарэгістраваная ў Беларусі. Таксама Валянцін Рыбакоў заявіў, што «адмена сьмяротнага пакараньня не зьяўляецца прадметам торгу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG