Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі ЭЗ абмяркуюць у Менску сьмяротнае пакараньне


Спэцпрадстаўнік ЭЗ па правах чалавека Ламбрынідзіс заўтра сустрэнецца з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанкам.

9 сакавіка ў Менску, у Доме ўраду, адбудзецца сустрэча адмысловага прадстаўніка Эўразьвязу па правах чалавека Стаўраса Ламбрынідзіса са старшынём Палаты прадстаўнікоў Ўладзімірам Андрэйчанкам.

Паводле прэс-службы ніжняй палаты парлямэнту, асаблівая ўвага падчас сустрэчы будзе нададзеная пытаньням разьвіцьця дыялёгу па правах чалавека паміж Беларусьсю і ЭЗ.

Асноўнай мэтай візыту Ламбрынідзіса зьяўляецца ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі па праблеме сьмяротнага пакараньня, якую 10 сакавіка арганізуе прадстаўніцтва ААН пры фінансавай падтрымцы пасольства Вялікабрытаніі ў Беларусі. Удзел у канфэрэнцыі возьмуць спэцдакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па сытуацыі ў Беларусі Андрэа Рыгоні, старшыня камітэту па замежных справах Палаты дэпутатаў Чэхіі Карл Шварцэнбэрг, пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Фіёна Гіб, прадстаўнік ПРААН у Беларусі Санака Самарасінха, а таксама шэраг замежных экспэртаў.

Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе дагэтуль прымяняецца сьмяротнае пакараньне. З-за гэтай прычыны яна таксама зьяўляецца адзінай эўрапейскай краінай, якая не ўваходзіць у Раду Эўропы.

За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 сьмяротных прысудаў, прычым два апошнія — за няпоўныя два месяцы сёлетняга году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG