Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шварцэнбэрг: Санкцыі зь Беларусі трэба было здымаць пасьля мараторыя на сьмяротнае пакараньне


Чэскі палітык Карэл Шварцэнбэрг на сустрэчы са сваякамі асуджаных да сьмяротнага пакараньня беларусаў

Чэскі палітык Карэл Шварцэнбэрг на сустрэчы са сваякамі асуджаных да сьмяротнага пакараньня беларусаў

Чэскі палітык Карэл Шварцэнбэрг сустрэўся са сваякамі асуджаных да сьмяротнага пакараньня беларусаў.

«Занадта быў танным абмен. Трэба было здымаць санкцыі ўжо пасьля ўвядзеньня ў вас мараторыя на сьмяротнае пакараньне».

Так заявіў Карэл Шварцэнбэрг, былы міністар замежных спраў Чэхіі, які прыехаў у Менск для ўдзелу ў міжнароднай канфэрэнцыі па праблемах адмены сьмяротнага пакараньня.

Паводле Карэла Шварцэнбэрга, «па дарозе да адмены санкцыяў варта было ісьці крок за крокам, у тым ліку дамагацца ня толькі вызваленьня палітвязьняў, але і вырашэньня іншых праблемаў, як адмена ці мараторый на сьмяротнае пакараньне».

На думку вядомага ў Чэхіі палітыка, саступка кіраўнікоў Эўразьвязу адбылася ў тым ліку таму, што новая генэрацыя гэтых палітыкаў ня ставіць пытаньні правоў чалавека на першае месца, да таго ж Беларусь цяпер «увогуле не ў прыярытэце з-за падзеяў ва Ўкраіне і Сырыі».

Увечары 9 сакавіка ў гатэлі «Рэнэсанс», дзе сёньня адкрыецца міжнародная канфэрэнцыя «Сьмяротнае пакараньне: пераадоленьне разыходжаньняў», Карэл Шварцэнбэрг сустрэўся са сваякамі асуджаных да сьмяротнага пакараньня беларусаў Генадзя Якавіцкага і Сяргея Хмялеўскага, а таксама з маці пакаранага сьмерцю ў 2012 годзе Ўладзіслава Кавалёва. Карэла Шварцэнбэрга цікавілі падрабязнасьці спраў і судоў над Якавіцкім і Хмялеўскім, таксама тое, зь якімі праблемамі сутыкнуліся гэтыя людзі падчас чаканьня разгляду сваіх касацыйных скаргаў у Вярхоўным Судзе.

Дачка і жонка Генадзя Якавіцкага Аляксандра і Натальля, сястра Сяргея Хмялеўскага Наста Пальчэўская з мужам, Любоў Кавалёва (зьлева направа)

Дачка і жонка Генадзя Якавіцкага Аляксандра і Натальля, сястра Сяргея Хмялеўскага Наста Пальчэўская з мужам, Любоў Кавалёва (зьлева направа)

«З бацькі адкрыта зьдзекаваліся ахоўнікі, кпілі, казалі, што «чакаць яму засталося нядоўга», — распавяла дачка Генадзя Якавіцкага Аляксандра.

«Трымаюць яго ў адзіночцы, людзей ня бачыць. Было адно спатканьне пасьля суду, а больш сустрэцца не дазволілі, бо цяпер, пакуль не разглядзелі скаргу, невядома, да якога суду яго „прыпісалі“. А калі будзе разгляд, ніяк ня вырашаць. Маральны ціск, відаць, немалы, хаця ён нічога ня кажа, бо нельга. Як ўвялі ў пакой, дык спачатку стаяў, быццам нічога не разумеў. Магчыма, пакуль вялі, ужо разьвітаўся з жыцьцём. Не кажу ўжо пра тое, як прыводзяць — у атачэньні 5 канваіраў, з задранымі за сьпіну да гары рукамі. Вельмі худы, адно слова — сьмяротнік», — згадала пра сустрэчу з мужам на «Валадарцы» Натальля Якавіцкая зь Вілейкі.

Генадзь Якавіцкі быў прызнаны судом забойцам жанчыны і асуджаны на сьмерць. Суд улічыў тое, што 20 гадоў таму Якавіцкі ўжо быў асуджаны да вышэйшай меры пакараньня па іншай справе, але выйшаў на волю праз 12 год, атрымаўшы больш мяккае пакараньне. Паводле Натальлі, цяпер муж не прызнаў сябе вінаватым, казаў, што ня памятае падзеяў таго дня, калі піў гарэлку ў кампаніі некалькіх мужчынаў і жанчыны, якая потым была забітая. Генадзь сам выклікаў міліцыю. «Прамых доказаў сьледзтва суду не прадставіла, толькі ўскосныя. Суды ў нас часта праходзяць гэтак, як вырашыла сьледзтва», — падзялілася ўражаньнямі ад працэсу Натальля Якавіцкая.

Наста Пальчэўская, сястра асуджанага да сьмерці жыхара пасёлку Мачулішчы Сяргея Хмялеўскага, распавяла пра маральны ціск на сваякоў у сувязьзю са справай брата. Другі брат Насты, Аляксей, адбывае пакараньне ў калёніі пад Барысавым. Аляксей меў пераводзіцца на «пасяленьне», але як толькі стала вядома пра сьмяротны прысуд ягонаму брату Сяргею, у калёніі пачаліся размовы ахоўнікаў: «Ты такі самы, кроў адна».

«Адзін з афіцэраў адміністрацыі літаральна праходу не дае брату, абражае на кожным кроку, дайшло да таго, што дакумэнты на зьмену пакараньня адклалі», — распавяла Наста. На пытаньне Карэла Шварцэнбэрга пра акалічнасьці злачынства Сяргея, Наста адказала праўдзіва: асуджаны па артыкуле аб «забойства двух і болей асобаў».

Любоў Кавалёва распавяла пра некаторыя высновы з гісторыі пра сьмяротнае пакараньне свайму сыну. Уладзіслава, які быў асуджаны на сьмерць за датычнасьць да выбуху ў менскім мэтро ў 2011 годзе, расстралялі меней чым праз 3 месяцы пасьля вынясеньня прысуду. Касацыйнага разгляду скаргі не было. Найвышэйшую меру выканалі, калі ААН паведаміла ўраду Беларусі, што скарга Кавалёва на прысуд у Камітэце ААН па правах чалавека пастаўленая на ўлік. Атрымліваецца, што Беларусь ня выканала свае абавязаньні — у такіх выпадках адтэрміноўваць выкананьне прысудаў. Пасьля гэтага Камітэт ААН абавязаў Беларусь абнародаваць гэтыя абставіны праз афіцыйныя мэдыі, але і гэтага пакуль ня зроблена.

«Чыноўнікі будуць падманваць, абяцаць, казаць, што ад іх нічога не залежыць. Чым больш недэмакратычны рэжым, тым большай будзе гэта хлусьня. Але і ў простых людзей ёсьць свае „прылады“ — грамадзкае меркаваньне, якое можа націснуць на любы ўрад. Вашаму ўраду цяпер як ніколі патрэбна лагоднасьць ад Эўропы, таму я мяркую, што да ўвядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне Беларусь становіцца бліжэй, чым два гады таму, калі я быў у Менску апошні раз», — выказаўся Карэл Шварцэнбэрг пра пэрспэктыву адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG