Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясну» не запрасілі на міжнародную канфэрэнцыю, прысьвечаную сьмяротнаму пакараньню, бо яна незарэгістраваная


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

10 сакавіка ў Менску пройдзе міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная сьмяротнаму пакараньню. Праваабарончы цэнтар «Вясна», які ня першы год займаецца пытаньнем адмены сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, не атрымаў запрашэньня на гэтую канфэрэнцыю.

Прадстаўнік «Вясны» Валянцін Стэфановіч так пракамэнтаваў гэтую сытуацыю карэспандэнту Свабоды:

«Гэта працяг палітыкі МЗС, якое прынцыпова не запрашае нас на мерапрыемствы, якія ладзяцца пры іх удзеле, паколькі мы ня маем афіцыйнай рэгістрацыі. Я разумею, што праблема ў гэтым. Бо калі былі кансультацыі па ўнівэрсальным пэрыядычным аглядзе, якія МЗС ладзіў зь няўрадавымі арганізацыямі, нас таксама не запрашалі, хоць мы актыўна ўдзельнічалі ў працэдуры ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду, рыхтавалі альтэрнатыўную справаздачу, распрацоўвалі рэкамэндацыі. Гэта працяг палітыкі беларускіх уладаў, скіраванай на маргіналізацыю нашай арганізацыі. З аднаго боку, яны нас не рэгіструюць, а зь іншага — не запрашаюць на розныя мерапрыемствы, бо мы не зарэгістраваныя. Але тое, што міжнародныя арганізацыі таксама фактычна падтрымліваюць такія падыходы падзелу арганізацыяў на «зарэгістраваныя» і «незарэгістраваныя», «дрэнныя» і «добрыя», — гэта нядобра для праваабарончага сэктару, бо ствараецца сэлекцыя на «добрых» і «дрэнных».

Сама сытуацыя зь нерэгістрацыяй «Вясны» ненармальная. Бо ў нас ёсьць два рашэньні Камітэту па правах чалавека ААН адносна ліквідацыі нашай арганізацыі і трох адмоваў у яе рэгістрацыі, дзе ёсьць патрабаваньне да ўладаў аб рэгістрацыі. Але ўлады гэтага не выконваюць. І тут няма нашай віны, што нас не рэгіструюць, бо няма на гэта палітычнага рашэньня. Дагэтуль дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў у нас крыміналізаваная, крымінальная адказнасьць за гэта ёсьць, хоць і не прымяняецца. Але, нягледзячы на ўсё гэта, мы і надалей будзем працаваць у межах кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня».

У беларускім МЗС карэспандэнту Свабоды паведамілі, што МЗС — не арганізатар канфэрэнцыі, арганізатарам выступае прадстаўніцтва Праграмы разьвіцьця ААН.

Прэсавы сакратар Прадстаўніцтва ААН у Беларусі Віктар Радзівіноўскі так патлумачыў сытуацыю:

«Прынцып запрашэньня на мерапрыемства такі — арганізацыя павінна існаваць і быць зарэгістраванай. Калі Беларускі Хэльсынскі Камітэт зарэгістраваны ў Беларусі, ён запрошаны для ўдзелу. Гэтак жа з „Прававой ініцыятывай“ і БАЖ.

Таму такі прынцып, іншага ня дадзена. „Вясна“ не зарэгістраваная, таму яе і не запрашалі».

Аднак удзельнікі канфэрэнцыі плянуюць сустрэцца па-за рамкамі канфэрэнцыі таксама з праваабаронцамі «Вясны». У прыватнасьці, на сустрэчу іх запрасіў спэцыяльны прадстаўнік Эўрапейскага Зьвязу па правах чалавека Стаўрас Ламбрынідзіс (Stavros Lambrinidis), які наведае Беларусь з працоўным візытам з 8 па 11 сакавіка. Паводле прэс-службы прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Беларусі, у Менску Ламбрынідзіс сустрэнецца з прадстаўнікамі беларускіх уладаў, палітычных партыяў, грамадзянскай супольнасьці і з праваабаронцамі. Ён таксама возьме ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай сьмяротнаму пакараньню. Канфэрэнцыю арганізуе Прадстаўніцтва ААН у Беларусі пры фінансавай падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі ў Беларусі.

Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі таксама значыцца дакладчык па Беларусі камісіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы па палітычных пытаньнях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG