Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура прызнала, што Віцебская эпархія БПЦ парушыла заканадаўства аб зваротах грамадзян


Помнік архітэктуры 18ст., будынак базыльянскага кляштара

Помнік архітэктуры 18ст., будынак базыльянскага кляштара

Гаворка ідзе пра зварот аршанскіх краязнаўцаў наконт праблемнага стану помніка архітэктуры 18 стагодзьдзя, які належыць Віцебскай эпархіі. Лісты краязнаўцаў з гэтай нагоды ўпарта ігнаруюцца кіраўніцтвам БПЦ.

Яшчэ ў 2014 годзе аршанскія краязнаўцы ўпершыню зьвярнуліся да мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла з просьбай разабрацца, чаму Віцебская эпархія БПЦ, гаспадар помніка архітэктуры віленскага барока — будынка былога базыльянскага кляштара, ані ня дбае пра яго захаваньне. Будынак больш за 10 гадоў стаіць бяз даху і паступова разбураецца.

Адказу на свой допіс актывісты і гараджане не дачакаліся. А паколькі дасылалі зварот звычайным лістом, то ня мелі паштовых квіткоў з датай адпраўкі або іншых дакумэнтаў, каб зьвярнуцца ў пракуратуру.

Другім разам, 31 ліпеня 2015 году, гэта было ўлічана: зварот адаслалі заказным лістом. Зноў не дачакаўшыся адказу ад мітрапаліта, краязнаўцы зьвярнуліся ў пракуратуру, каб там далі ацэнку дзеяньням адказнай асобы.

Базыльянскі кляштар. Будынак стаіць бяз даху, з вокнамі, дзе-нідзе забітымі дошкамі, але з таго боку, які выходзіць на вуліцу Міру, сьцены месцамі завешаныя фасаднай сеткай

Базыльянскі кляштар. Будынак стаіць бяз даху, з вокнамі, дзе-нідзе забітымі дошкамі, але з таго боку, які выходзіць на вуліцу Міру, сьцены месцамі завешаныя фасаднай сеткай

Толькі з адказу старшага дарадцы юстыцыі Ягора Дарожкі, супрацоўніка пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску, аршанцы хоць нешта даведаліся пра лёс свайго звароту, распавядае адна з аўтараў ліста — Тацяна Вароніна:

«Нашу скаргу даслалі для рэагаваньня ў пракуратуру Цэнтральнага раёну Менску — па месцы знаходжаньня адміністрацыі мітрапаліта Менскага і Слуцкага Паўла. Пракурорскія работнікі высьветлілі, што наш ліст яшчэ 21 жніўня мінулага году быў перададзены для высьвятленьня акалічнасьцяў у Віцебскую эпархію БПЦ. Нам пра гэта ніхто не паведаміў. І зь Віцебскай эпархіі нам таксама ніхто не адказваў на працягу амаль што паўгода. Толькі пасьля таго як мы зьвярнуліся ў пракуратуру, нам даслалі адказ — датаваны 20.01.2016. Гэтая дата названая і ў адказе зь менскай раённай пракуратуры, якая засьведчыла парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзянаў».

Паводле супрацоўніка пракуратуры Цэнтральнага раёну Менску, старшага дарадцы юстыцыі Ягора Дарожкі, які падпісаў адказ аршанцам, у Менскае эпархіяльнае ўпраўленьне БПЦ накіраваная інфармацыя пра дапушчанае парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзян.

Помнік ахоўваецца дзяржавай, а належыць праваслаўнай царкве

Помнік ахоўваецца дзяржавай, а належыць праваслаўнай царкве

«Менавіта ў гэтую інстанцыю мы зьвярталіся, і менавіта адтуль не дачакаліся адказу. Аднак копіі дакумэнтаў праверкі дасланыя ў віцебскую гарадзкую пракуратуру. Каб там вырашылі, якім чынам рэагаваць на тое, што адказ, падпісаны архіяпіскапам Віцебскім і Аршанскім Дзімітрыем, быў адпраўлены нам толькі праз паўгода», — працягвае Тацяна Вароніна.

Цяпер у Воршы чакаюць рашэньня, ці будуць пакараныя адказныя асобы з кіраўніцтва Віцебскай япархіі. Аршанскія актывісты спадзяюцца, што спагнаньне за парушэньне заканадаўства змусіць прадстаўнікоў БПЦ ставіцца да думкі грамадзкасьці больш адказна. І ня толькі ў тым, што тычыцца перапіскі.

Галоўны клопат краязнаўцаў — захаваньне помніка архітэктуры. А гэта абавязак, які ўскладзены на гаспадароў. Аднак тыя, ігнаруючы занепакоенасьць грамадзкасьці, усяляк ухіляюцца ня толькі ад таго, каб падбаць пра будынак, але і ад сустрэч з краязнаўцамі, гатовымі прапанаваць сваю дапамогу і супрацоўніцтва.

XS
SM
MD
LG