Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэшткі паўразбуранага помніка архітэктуры ў Воршы прыкрылі сеткай


Выгляд будынку з моста па вуліцы Міру

Выгляд будынку з моста па вуліцы Міру

Апошні раз сьцены базыльянскага кляштара, над якім няма даху, прыкрывалі камуфляжнай маскіровачнай сеткай да «Дажынак-2008». Каб руіны ня трапіліся на вочы Аляксандру Лукашэнку.

Гэтым разам помнік архітэктуры 18 стагодзьдзя вырашылі схаваць ад вачэй удзельнікаў інавацыйнага форуму, які 13 лістапада праходзіў на аршанскай «Лядовай арэне». У ім узялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў і бізнэсовых колаў Беларусі, Расеі, Польшчы, Латвіі, Кітая.

Сярод арганізатараў інавацыйнага форуму — Аршанскі райвыканкам. Гараджане мяркуюць, што адтуль і выдзелілі сродкі, каб набыць «фасадную абарончую сетку», як яе называюць адмыслоўцы. «Маскіроўка» каштуе каля двух мільёнаў рублёў.

Сеткай будынак прыкрыты толькі з аднаго боку — з таго, які выходзіць на вуліцу Міру, адну з галоўных транспартных магістраляў горада. Ад рэчкі Аршыцы і з боку кірмашу адкрываецца бачныя шчарбатыя сьцены, аконныя праёмы, забітыя дошкамі, і шыльда, якая сьведчыць: помнік архітэктуры знаходзіцца пад аховай дзяржавы.

Тамсама тут узьведзена драўляная царкоўка. Гэтак Віцебская эпархія праваслаўнай царквы — гаспадары будынку, — атрымаўшы яго ад гарадзкіх уладаў у 2006 годзе, пазначылі сваю прысутнасьць. Іншых азнакаў гаспадарскага клопату няма. Ніхто ня дбае ні пра рэстаўрацыю, ні пра кансэрвацыю помніка архітэктуры, які ўжо больш за 10 год стаіць бяз даху, разбураючыся пад дажджом і сьнегам.

«Маскіровачнай» сеткі не хапіла нават на адзін бок

«Маскіровачнай» сеткі не хапіла нават на адзін бок

Адказныя за ўтрыманьне будынку — ігуменьня Анфіса (Любчак) і манахіня Данііла (Цяцькова) — ня раз казалі занепакоеным краязнаўцам, што праект рэстаўрацыі ўжо замоўлены, але няма грошай, каб за яго заплаціць. Міністэрства культуры, адказваючы на калектыўныя лісты аршанскай грамадзкасьці, паўтарае адно: фінансава дапамагчы дзяржава ня мае законнага права, бо ў будынка ёсьць гаспадар. Звароты да архіяпіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя і да патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі таксама не далі плёну: лісты з просьбай паўплываць на сытуацыю з помнікам віленскага барока так і засталіся без адказаў.

Гэты бок госьці горада ня бачаць

Гэты бок госьці горада ня бачаць

Зрэшты, аршанцы ня толькі скардзіліся ў пракуратуру на парушэньне заканадаўства аб ахове гістарычнай спадчыны і ня толькі рассылалі просьбы наконт рэстаўрацыі. Два гады таму мастак Мікола Купава, сам родам з Воршы, абвясьціў, што прадае шэраг сваіх твораў, каб ахвяраваць грошы на аднаўленьне архітэктурнага помніка. Пералічэньні на адмысловы рахунак, адкрыты з ініцыятывы БПЦ, зрабілі і іншыя грамадзяне.

Мікола Купава

Мікола Купава

Паводле Міколы Купавы, які сочыць за лёсам аршанскага гістарычнага помніка, праект рэстаўрацыі дасюль не распрацаваны:

«Ёсьць толькі эскізны праект. Яго аўтар, архітэктар Мікалай Лук’янчык, сказаў мне ў тэлефоннай размове, што пакуль яму не патлумачылі нават, пад якія мэты будзе выкарыстаны адрэстаўраваны будынак. Адпаведна, ён ня можа падключыць да справы адмыслоўцаў, якія б спраектавалі ўсе інжынэрныя камунікацыі».

Такім чынам, праект пакуль не гатовы, і гаворкі пра рэстаўрацыю няма. Хоць ва ўсім сьвеце зьяўленьне такой будаўнічай сеткі на фасадзе гістарычнага будынка — прыкмета рэстаўрацыйных прац.

Будынак 10 гадоў бяз даху, але — «ахоўваецца дзяржавай»

Будынак 10 гадоў бяз даху, але — «ахоўваецца дзяржавай»

У апошнім лісьце да журналістаў беларускіх СМІ, дзе аршанскія краязнаўцы пісалі пра ігнараваньне іхных зваротаў да кіраўніцтва Беларускай праваслаўнай царквы, было напісана:

«Намі рухае нязгода з тым уражаньнем пра аршанцаў, якое пакідае ў кожнага госьця горада цяперашні выгляд гэтай архітэктурнай каштоўнасьці, паколькі знаходзіцца яна побач з асноўным шляхам, які злучае горад з чыгуначным і аўтобусным вакзаламі».

XS
SM
MD
LG