Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Воршы ствараюць дабрачынны грамадзкі фонд для аднаўленьня архітэктурнай спадчыны


Ідэя стварыць такі фонд выкліканая абыякавасьцю ўладаў і гаспадароў да помніка архітэктуры 18 стагодзьдзя — будынка базыльянскага кляштару, які больш за 10 год стаіць бяз даху.

Гісторыя з гэтым напаўразбураным помнікам архітэктуры, які знаходзіцца ў самым цэнтры Воршы, набыла скандальны характар. Да яе маюць дачыненьне і дзяржаўныя структуры — гэты гістарычны будынак знаходзіцца пад аховай дзяржавы, як сьведчыць адмысловая шыльда, і кіраўніцтва праваслаўнай царквы — бо ў 2006 годзе архітэктурны помнік, ужо бяз даху, быў перададзены аршанскім гарвыканкамам ва ўласнасьць Віцебскай эпархіі БПЦ.

Гаспадары пазначылі сваю прысутнасьць – збудавалі драўляную цэркаўку

Гаспадары пазначылі сваю прысутнасьць – збудавалі драўляную цэркаўку

З таго часу справа з аднаўленьнем будынка ня зрушылася ні на крок: зь Міністэрства культуры занепакоеным аршанцам адказалі, што ў будынка ёсьць уласьнік, і дзяржава ня мае права выдаткоўваць сродкі на рэстаўрацыю «не сваёй» маёмасьці. Звароты да архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя і да патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі таксама не далі плёну: спачатку на звароты прыходзілі хаця б адпіскі з абяцаньнямі, а самы апошні ліст з просьбай паўплываць на сытуацыю з помнікам віленскага барока так і застаўся без адказаў.

Фасадная сетка і загадкавая сіняя хатка ў двары

Фасадная сетка і загадкавая сіняя хатка ў двары

Сёньня будынак стаіць бяз даху, з вокнамі, дзе-нідзе забітымі дошкамі, але з таго боку, які выходзіць на вуліцу Міру, сьцены месцамі завешаныя фасаднай сеткай, мабыць, дзеля таго, каб стварыць уражаньне нейкіх зрухаў у справе рэстаўрацыі. Аднак на справе зрухаў няма. Няма ня тое, што рэстаўрацыйных працаў — гаспадары чарговы год не знайшлі магчымасьцяў, каб зрабіць часовы дах, так званую кансэрвацыю будынку. Хаця ягоныя ўласьнікі яшчэ два гады таму абвясьцілі, што створаны адмысловы банкаўскі рахунак — каб людзі мэтанакіравана ахвяравалі грошы на аднаўленьне менавіта гэтага архітэктурнага помніка.

Помнік ахоўваецца дзяржавай, а належыць праваслаўнай царкве

Помнік ахоўваецца дзяржавай, а належыць праваслаўнай царкве

Ахвярадаўцаў было нямала, толькі ніхто ня ведае, куды пайшлі ахвяраваныя грошы. Самага простага даху са звычайных дошак будынак не дачакаўся, затое ў двары зьявіўся дыхтоўны драўляны дамок, збудаваны гаспадарамі дзеля незразумелых мэтаў.

Мікола Купава

Мікола Купава

Няма празрыстасьці ў выкарыстаньні сабраных сродкаў, кажа мастак Мікола Купава, ураджэнец Воршы, ініцыятар стварэньня дабрачыннага фонду:

«Сродкі трэба зьбіраць самім, бо існуе недавер. Мне не аднойчы людзі казалі, што яны не давяраюць царкоўным зьбіральнікам. І мы ня хочам, маўляў, аддаваць туды... Ну, дык давайце створым свой фонд, будзем самі зьбіраць і кантраляваць, што і куды пайшло. Бо цяпер адчуваецца, што гаспадарам гэта ўсё чужое, а мы хочам, каб яна служыла Беларусі, наша спадчына!»

Спадар Купава, абвясьціўшы пра дабрачынны распродаж сваіх карцін, асабіста ахвяраваў цягам мінулых гадоў каля трох мільёнаў рублёў на аднаўленьне будынку кляштару базыльянаў. Грошы пайшлі на рахунак, і пра тое, як распарадзілася сродкамі Віцебская эпархія праваслаўнай царквы, гаспадары будынку ні разу не давалі справаздачы перад грамадзкасьцю. Былі і іншыя ахвярадаўцы, аднак пра выкарыстаньне сабраных сродкаў нічога не вядома, тым часам як будынак працягвае гібець.

Зьлева — частка сьцяны царквы Апекі Маці Божай, якая засталася пасьля зьнішчэньня ў 1960-я

Зьлева — частка сьцяны царквы Апекі Маці Божай, якая засталася пасьля зьнішчэньня ў 1960-я

Аршанскія актывісты, краязнаўцы і неабыякавыя гараджане 26 лістапада правялі каардынацыйную сустрэчу, на якой было прынятае рашэньне пра неабходнасьць заснаваньня дабрачыннага фонду. Мікола Купава распавёў пра мэты і пэрспэктывы працы ў гэтым накірунку, прысутныя задалі шмат пытаньняў. На некаторыя зь іх можа адказаць толькі архітэктар Мікалай Лук’янчык, які яшчэ год таму зрабіў эскізны праект рэстаўрацыі базыльянскага кляштару. Таму было вырашана запрасіць яго на сустрэчу з аршанскай грамадзкасьцю.

Сустрэча заснавальнікаў фонду

Сустрэча заснавальнікаў фонду

Аршанскі актывіст Юры Нагорны (зьлева) і Мікола Купава

Аршанскі актывіст Юры Нагорны (зьлева) і Мікола Купава

Цяпер аршанскія актывісты раяцца, якую форму грамадзкага ўтварэньня найлепей заснаваць, каб мець магчымасьць адкрыць уласны банкаўскі рахунак — дабрачынны фонд. Адна з прапанаваных назваў фонду — «Аршанскі замак». Назва пакуль «працоўная», яна можа зьмяніцца. Але ў будучыні фонд будзе дапамагаць аднаўленьню ня толькі будынку базыльянскага кляштару, але й іншых архітэктурных помнікаў, кажа спадар Купава:

«Задача, якую мы бачым перад сабой, яна значна шырэйшая, чымсьці клопат пра базыльянскі кляштар. Была і царква каля кляштара — ад яе застаўся толькі кавалак сьценкі, якую не разбурылі, на наша шчасьце. Гэта будзе мэмарыяльная частка. А яшчэ ж ёсьць у Воршы францішканскі касьцёл, ня скончаная праца ў езуіцкім касьцёле. Ня тое, каб мы зьбіраліся ўсё гэта ўзяць на сябе — мы будзем папулярызаваць аршанскую гістарычную спадчыну, у самых цяжкіх выпадках — настойваць на кансэрвацыі... І гэта ня толькі ў Воршы — ва ўсім Аршанскім рэгіёне, дзе і іншыя помнікі ёсьць».

Сьцяна базыльянскага кляштару

Сьцяна базыльянскага кляштару

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG