Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Воршы адчынілася дабрачынная выстава Міколы Купавы


Мікола Купава каля базыльянскага кляштара

Мікола Купава каля базыльянскага кляштара

Выстава твораў мастака Міколы Купавы «Сьвятло Бацькаўшчыны» — гэта працяг праекту, ініцыяванага дзеля збору сродкаў на рэстаўрацыю помніка архітэктуры XVIII стагодзьдзя, які разбураецца на вачах у аршанцаў.

Будынак кляштара базыльянаў — помнік архітэктуры, які ўжо больш за 10 гадоў стаіць бяз даху. Пасьля таго, як дах некалі праваліўся падчас чарговага зімовага сьнегападу, гарадзкія ўлады Воршы перадалі паўразбураны будынак Віцебскай эпархіі праваслаўнай царквы. Але зьмена ўласьніка ня мела плёну: будынак кляштара так і стаіць бяз даху, далей разбураючыся ад дажджу і сьнегу.
Занядбаны помнік архітэктуры

Занядбаны помнік архітэктуры


Ураджэнец Воршы Мікола Купава, на вачах у якога за савецкім часам была разбурана частка кляштарнага комплексу — царква Апекі Маці Божай, вырашыў асабіста паспрыяць захаваньню хаця б таго, што засталося. Ён абвясьціў, што выстаўляе частку сваіх прац на продаж, каб 65% атрыманых сродкаў ахвяраваць на кансэрвацыю былога жылога будынку кляштра, а ў далейшым — і на адбудову царквы.

Некалькі месяцаў таму была створана віртуальная выстава «Сьвятло Бацькаўшчыны», таксама Мікола Купава выстаўляе свае карціны і на рэальных экспазыцыях. Адна такая выстава прайшла ў Віцебску, але тая, што адчынілася ў Воршы 10 ліпеня, істотна адрозьніваецца: тут выстаўлены выключна тыя творы, якія мастак гатовы прадаць.

Паводле кіраўніка аршанскага моладзевага аб’яднаньня «Зьвяз» Ігара Казьмерчака, які дапамагаў у арганізацыі адкрыцьця выставы, было накіравана каля 20 асабістых запрашэньняў да вядомых мясцовых прадпрымальнікаў ды кіраўнікоў прадпрыемстваў. Ім было прапанавана стаць мэцэнатамі — набыць нейкі мастацкі твор або ахвараваць грашовыя сродкі на рэстаўрацыю гістарычнага будынку. Але гэтыя запрашэньні былі праігнараваныя: на адкрыцьцё сабраліся пераважна шараговыя жыхары гораду ды грамадзкія актывісты. І гэтыя далёка ня самыя багатыя ў горадзе людзі ахвотна клалі грошы ў скарбонку, што знаходзілася ў выставачнай залі.

Кіраўнік музэйнага комплексу «Гісторыя і культура Аршаншчыны» Ўладзімер Кузубаў, выступаючы перад прысутнымі, паведаміў і добрую навіну: у Воршы знайшоўся чалавек, гатовы набыць за ўласныя сродкі партрэт Канстанціна Астрожскага, героя славутай Аршанскай бітвы, ды падарыць гэты твор музэйнаму комплексу. Імя гэтага шчодрага чалавека пакуль трымаюць у таямніцы.

Спадар Кузубаў мяркуе, што творы Міколы Купавы захочуць набыць і госьці фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску», якія прыяжджаюць у Воршу на экскурсіі.

Мікола Купава падарыў музэйнаму комплексу «Гісторыя і культура Аршаншчыны» адну са сваіх прац — лінарыт «Вязынка», і сам атрымаў падарункі ад культурніцкіх установаў гораду — кнігі пра гісторыю Воршы.
Лінарыт «Вязынка» — падарунак музэйнаму комплексу

Лінарыт «Вязынка» — падарунак музэйнаму комплексу


Першая дабрачынная выстава «Сьвятло Бацькаўшчыны», размешчаная ў будынку музэя Ўладзімера Караткевіча, будзе працаваць да канца месяца. Набыць упадабаны твор або проста ахвяраваць сродкі для рэстаўрацыі помніка архітэктуры, на гаротны стан якога мясцовыя ўлады не зьвяртаюць увагі, можа кожны ахвотны.
XS
SM
MD
LG