Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Схільны да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю» — праваабаронцу Андрэя Бандарэнку залічылі ў асабліва небясьпечную катэгорыю вязьняў


Андрэй Бандарэнка

Андрэй Бандарэнка

У Магілёўскай турме праваабаронцу Андрэя Бандарэнку паставілі на прафіляктычны ўлік як «схільнага да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў».

Падставаў стала рашэньне выязнога суду Аршанскага раёну, які зьмяніў Андрэю Бандарэнку месца адбыцьця пакараньня з калёніі на «крытую» турму за сталыя парушэньні турэмнага рэжыму. Пра гэта стала вядома пасьля наведваньня Андрэя Бандарэнкі адвакатам, паведаміў карэспандэнту Свабоды бацька былога палітвязьня Валер Бандарэнка.

«Сёньня ў Андрэя ў турме пабываў адвакат і распавёў, што сына залічылі ў гэтую самую небясьпечную катэгорыю вязьняў. Цяпер за ім будзе дадатковы пільны кантроль. Андрэй нязгодны з такімі характарыстыкамі і абавязкова будзе іх абскарджваць. Я таксама не пагаджуся, што сына запісалі фактычна ў тэрарысты. Спачатку беспрычынна „прыклеілі“ адзін статус, ганебны, цяпер, як яго зьнялі, прыдумалі іншы — „экстрэмісцкі“. А ўсё з-за некалькіх прыдуманых парушэньняў, кшталту пылу ў камэры. Таму таксама буду скардзіцца», — распавёў Валер Бандарэнка.

У канцы 2015 году Андрэя Бандарэнку з аршанскай калёніі, дзе ён сядзеў у адзіночцы, перавялі ў Магілёўскую турму, дзе зьмясьцілі ў камэру разам зь яшчэ двума вязьнямі. «На ўмовы ня скардзіўся, выглядае нармальна», — паведаміў пра Бандарэнку ягоны адвакат. Былы вязень Магілёўскай «крытай» турмы Мікалай Статкевіч мяркуе, што Андрэя Бандарэнку з адзіночнай камэры зьмясьцілі ў звычайную ў мэтах больш пільнага за ім кантролю. «Трэба ж ведаць, што ён гаворыць, якія ў яго настроі. Там абавязкова будзе „стукач“, які пра ўсё гэта будзе паведамляць», — казаў са спасылкай на ўласны досьвед Мікалай Статкевіч.

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка ў 2014 годзе быў асуджаны на 3 гады за злоснае хуліганства. Сваю віну на судзе Бандарэнка прызнаў часткова і ня выключыў, што па частцы эпізодаў справы стаў ахвярай правакацыі спэцслужбаў. Меркаваньні на гэты конт сярод беларускіх праваабаронцаў падзяліліся. Частка праваабаронцаў і грамадзкіх актывістаў заклікае прызнаць Андрэя Бандарэнку палітвязьнем, вызваліць з турмы ды перагледзець ягоную справу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG