Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевіч пра справу Бандарэнкі: Мяркуючы па гісторыі са «статусам», улады самі лічаць яго палітвязьнем


Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Экс-кандыдат на прэзыдэнта, былы палітвязень Мікалай Статкевіч мяркуе, што беларускія ўлады ставяцца да вязьня Андрэя Бандарэнкі як да палітычнага, таму і паклапаціліся, каб у магілёўскай турме зь яго быў зьняты «нізкі статус».

«Для мяне відавочна, што гэта не адбылося проста з ініцыятывы мясцовых зэкаў. Я па сваёй адседцы ў гэтай турме добра ведаю той кантынгент і тое, што самі яны не адважацца прымаць нейкія рашэньні насуперак адміністрацыі. А раз прынялі і зьнялі з Бандарэнкі гэты „нізкі статус“, значыць, ім загадалі. Пытаньне — чаму? Мяркую, калі б на ім па-ранейшаму вісеў гэты ярлык, дык давялося б яго трымаць у асобнай камэры, у адзіночцы. А хто тады пра яго будзе „стучаць“ і даваць апэратыўную інфармацыю пра тое, што ён кажа, чым заклапочаны? Гэта магчыма толькі ў камэры, дзе сядзяць некалькі вязьняў, сярод якіх ёсьць стукач. Гэта будзе на 100%. Але навошта адміністрацыі гэтак пільна сачыць за Бандарэнкам, калі ён звычайны зэк? Бо самі ўлады працягваюць лічыць яго палітвязьнем, чалавекам, вельмі небясьпечным для рэжыму. Мяркую, менавіта таму ў Магілёве быў дадзены загад спыніць гэты спэктакль наконт статусу, які калісьці пачалі ў Бабруйскай калёніі. Таму Андрэю можна радавацца, што ў яго зьявіўся нейкі выбар, стала лягчэй маральна і фізычна. Але трэба заставацца пільным — у тых умовах яшчэ магчымыя любыя правакацыі», — мяркуе Мікалай Статкевіч, які адбыў у Магілёўскай турме больш за 2 гады.

Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Андрэй Бандарэнка ў 2014 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. На судзе, на якім Бандарэнка часткова прызнаў віну, ён ня выключыў правакацыяў з боку сілавікоў як помсту за сваю праваабарончую дзейнасьць. У Бабруйскай калёніі, куды Бандарэнку зьмясьцілі для адбыцьця пакараньня, ён адразу сутыкнуўся з тым, што зьняволеныя залічылі яго ў катэгорыю зь нізкім статусам. Нібыта на той падставе, што падчас зьняволеньня ў Бабруйскай калёніі ў канцы 2010-х гадоў ён кантактаваў зь вязьнем з гэтай катэгорыі. Пратэсты Бандарэнкі прывялі да некалькіх запар карцэраў і суду, які пастанавіў зьмясьціць яго ў «крытую» турму ў Магілёве. Перад навагоднімі сьвятамі Андрэй Бандарэнка змог паведаміць бацьку, што ў турме статус зь яго зьнялі.

Днямі актывістка Ганна Шапуцька атрымала ад Андрэя Бандарэнкі ліст, у якім гэтая навіна пацьверджаная.

«Нарэшце скончылася гісторыя з бабруйскімі правакацыямі. Хоць гэта ў 21 стагодзьдзі гучыць па-дзікунску, але гэтак было, а цяпер усе навязаныя адміністрацыяй калёніі № 2 „статусы“ ўжо ў мінулым. Гэта аблягчае маё існаваньне тут і стала своеасаблівым падарункам мне на Новы год і Раство», — напісаў Андрэй Бандарэнка.

Умовы, у якіх цяпер будзе знаходзіцца Андрэй Бандарэнка, палітык Мікалай Статкевіч ня лічыць лёгкімі.

«23 гадзіны з 24-х — жыцьцё ў каменным меху, і толькі на адну гадзіну выводзяць з адной камэры ў другую, якая такая самая, толькі што бяз даху, а над галавой мэталічная сетка. У сталоўку таксама не выводзяць, ежу выдаюць праз „кармушку“. Так, будзе магчымасьць з кімсьці пагаварыць, але вязьні бываюць розныя. Таму, калі стане вельмі дрэнна, ёсьць магчымасьць перайсьці ў адзіночку. Праўда, адзіночнае сядзеньне можа дрэнна ўплываць, некаторыя яго не вытрымліваюць. Але Бандарэнка ўжо даказаў, што здольны вытрымаць шмат чаго, і чалавек ён вельмі кемлівы. Магу згадаць гэткую гісторыю. Калі летась яго прывезьлі да нас у шклоўскую калёнію з Бабруйску, ужо зь ягоным гэтым статусам, дык не выключаю, што разьлічвалі неяк нас зьвесьці, бо мы ж ведалі адзін аднаго, і тады тое самае на мяне распаўсюдзіцца. Але ён гэта разумеў і адразу, яшчэ ў карантыне, напісаў заяву аб зьмяшчэньні ў бясьпечнае месца ды пайшоў у ПКТ. То бок зьвёў рызыку да нуля. Вельмі яму за гэта ўдзячны», — распавёў Мікалай Статкевіч.

Паводле Мікалая Статкевіча, Андрэя Бандарэнку праз паўгода могуць зноў вярнуць у калёнію, скарыстаўшы датэрміновае пазбаўленьне ад пакараньня, і тады адсутнасьць «нізкага статусу» будзе для яго вельмі важная. «Але ўлады ад Бандарэнкі ўсё роўна не адчэпяцца і будуць сачыць за ім праз свае мэтады вельмі пільна», — мяркуе палітык Мікалай Статкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG