Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сустрэнемся ў судзе» — праваабаронцы зноў разышліся ў поглядзе на справу Андрэя Бандарэнкі


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Актывісты ініцыятыўнай групы ў абарону былых праваабаронцаў Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага падпісалі калектыўны зварот да мэдыяў адносна асьвятленьня справы Андрэя Бандарэнкі. Аўтары звароту мяркуюць, што былая калега Андрэя Бандарэнкі па працы ў «Плятформе» Алена Красоўская-Касьпяровіч распаўсюдзіла пра яго недакладныя зьвесткі. «Калі так, гатова сустрэцца ў судзе», — кажа на гэта праваабаронца з новастворанай арганізацыі «Рэгіен 119» Алена Красоўская-Касьпяровіч.

Адным з аўтароў звароту з абвінавачваньнем яе ў паклёпе зьяўляецца былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў. Спадар Пастухоў паведаміў карэспандэнту Свабоды:

Міхаіл Пастухоў

Міхаіл Пастухоў

«Мы на ўчорашнім паседжаньні ініцыятыўнай групы, якая заклапочаная лёсам Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага, зьвярнулі ўвагу на тое, што распаўсюджваюцца недакладныя зьвесткі пра гэтых асуджаных праваабаронцаў. У прыватнасьці, былая дырэктарка арганізацыі „Плятформа інавэйшн“ Алена Красоўская-Касьпяровіч паведаміла мэдыям, што нібыта Міхаіл Жамчужны перадаваў Андрэю Бандарэнку нейкія флэшкі, якія той камусьці перапрадаваў. Таксама інфармацыя, якая выклікала нашу нэгатыўную рэакцыю, гэта тое, што Андрэю Бандарэнку нібыта ўжо далі ў калёніі нізкі статус. Але гэта ня так. Таму мы і прынялі заяву для прэсы, што распаўсюджваецца аднабаковая неаб’ектыўная інфармацыя».

Што пішуць аўтары звароту ў мэдыі?

«Мы зьвяртаемся з заклікам да СМІ крытычна ставіцца да інфармацыі, якую распаўсюджвае Красоўская-Касьпяровіч. Мы лічым, што яна зацікаўленая ў пагаршэньні становішча Бандарэнкі і Жамчужнага. У любым выпадку мы просім заўсёды даваць магчымасьць выказацца іншаму боку».

Зварот, паводле каардынатара ініцыятыўнай групы Ганны Шапуцькі, акрамя яе і Міхаіла Пастухова, падпісалі таксама Аляксандар Дабравольскі, Кацярына Садоўская, Людміла Гразнова, Натальля Гарачка, Вольга Мікалайчык, Валер Бандарэнка, Алеся Садоўская.

А што адказвае на абвінавачваньні ў распаўсюдзе недакладных зьвестак пра Андрэя Бандарэнку Алена Красоўская-Касьпяровіч? На просьбу Свабоды праваабаронца дала такі камэнтар:

Алена Красоўская-Касьпяровіч

Алена Красоўская-Касьпяровіч

«Калі я распаўсюджваю адносна флэшэк інфармацыю, якая нібыта не адпавядае рэчаіснасьці, і гэтаму ёсьць доказы — гатовая сустрэцца ў судзе. Што да інфармацыі пра статус Бандарэнкі, мэдыям пра гэта паведаміў ягоны бацька яшчэ ў лістападзе 2014 году. Нам на той момант гэта ўжо было вядома, але вырашылі не казаць, каб не пагоршыць становішча», — пракамэнтавала прэтэнзіі да яе Алена Красоўская-Касьпяровіч.

Тым часам Андрэй Бандарэнка 22 сьнежня змог пазваніць сваякам са Шклоўскай калёніі і распавёў, што яго адпраўляюць па этапе ў крытую турму ў Магілёве, паведаміў ягоны бацька Валер Бандарэнка:

«Я званіў ў турму, каб даведацца, ці прывезьлі яго. Але там па тэлефоне зьвестак не даюць. Мяркую, што ён ўжо ў турме ці хутка там будзе, бо гэта недалёка — Шклоў і Магілёў».

17 сьнежня выязны суд Шклоўскага раёну прызнаў Андрэя Бандарэнку злосным парушальнікам турэмнага рэжыму і накіраваў яго ў крытую турму да канца тэрміну.

Былы праваабаронца Андрэя Бандарэнка асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі за злоснае хуліганства. У судзе Бандарэнка прызнаў сваю віну часткова і ня выключыў, што супроць яго спэцслужбы зладзілі правакацыю. Частка беларускіх праваабаронцаў таксама мяркуе, што Бандарэнка стаў ахвярай правакацыі з-за ягонай праваабарончай дзейнасьці. Пры гэтым праваабаронцы «Вясны» пасьля суду заявілі, што прысуд Бандарэнку адпавядае судовай практыцы ў Беларусі. У канцы 2015 году «Вясна» адзначыла ў адмысловай заяве, што ціск на Андрэя Бандарэнку ў Шклоўскай калёніі зьвязаны з ягонай праваабарончай дзейнасьцю.

Валер Бандарэнка

Валер Бандарэнка

Бацька вязьня Валер Бандарэнка працягвае аспрэчваць тое, што ягоны сын ў калёніі меў «нізкі статус»:

«Гэтак ім бы хацелася, і яны прыдумалі, што нібыта падчас свайго першага тэрміну ў Бабруйскай калёніі ён меў такі статус, і гэта цяпер на яго таксама распаўсюджваецца. Насамрэч такога не было, бо ён з усімі вязьнямі добра кантактаваў, дапамагаў ім пісаць розныя паперы, скаргі. Тады ўсю калёнію трэба было залічыць ў гэты нізкі статус. Цяпер яны распаўсюдзілі пра яго паклёп, і Красоўская-Касьпяровіч гэта паўтарае. Сын абараняецца ад гэта як можа, і я буду яго абараняць, як магу», — кажа Валер Бандарэнка.

У лістападзе беларускія праваабаронцы прызналі Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG