Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі ўнясе Аляксандру Лукашэнку прапановы па карэктаваньні праграмы сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця краіны на 2016–2020 гады да канца студзеня.

Пра гэта паведаміў міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі ў інтэрвію тэлеканалу «Беларусь-1».

Уладзімер Зіноўскі

Уладзімер Зіноўскі

«Разумеючы, што 2016 год будзе вельмі няпросты, пра гэта кажа і кіраўнік нашай дзяржавы, мы трошкі скарэктуем усю пяцігодку, — адзначыў міністар. — Я думаю, што праз тыдзень, можа трохі пазьней, у студзені, мы занясем нашы прапановы кіраўніку дзяржавы для разгляду, каб яны былі разгледжаныя прэзыдэнтам, а затым — Усебеларускім народным сходам».

Зіноўскі заявіў, што ў Беларусі, сярод іншага, будуць адмаўляцца ад неразборлівага фінансаваньня стратных дзяржпрадпрыемстваў:

«Мы павінны адыходзіць — і гэта робіць урад зь мінулага году — ад беспадстаўнай падтрымкі дзяржаўных прадпрыемстваў і падтрымліваць высокарэнтабэльныя прадпрыемствы, якія даюць добрую дададзеную вартасьць. Зь іншага боку, мы павінны падтрымліваць тыя напрамкі і віды дзейнасьці, якія даюць інавацыйную эканоміку — для таго каб дзяржава і грамадзтва ў будучыні маглі атрымаць пэўныя дывідэнды. Абсалютна стратныя прадпрыемствы мы ня можам падтрымліваць».

Што тычыцца інфляцыі, то Зіноўскі адзначыў, што на будучы год яна не павінна перавысіць 17–18%.

«Мы завязаныя на эканоміку нашых суседзяў, у тым ліку Расейскай Фэдэрацыі. Калі барэль нафты сёньня каштуе амаль 30 даляраў і курс расейскага рубля — 75 да даляра, то мы разумеем, што тая інфляцыя, якая прагназавалася пры іншых курсах на 2016 год, наўрад ці можа спраўдзіцца. Сёньня мы можам казаць сьмела, што інфляцыя будзе складаць двухзначную лічбу. Якая яна — 14% ці 15% — складана пакуль сказаць. Мы робім пэўныя разьлікі. Але думаю, што ня будзе больш 17–18%. Урад разам з Нацыянальным банкам працуе ў гэтым кірунку».

Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, што неабходнасьць перагляду пляну сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі выклікана пэсымістычным для эканомікі пачаткам 2016 году: падае ўсясьветная цана нафты, усьлед за расейскім абясцэньваецца і беларускі рубель:

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

«Гэта выклікана тым, што бюджэт плянаваўся з такіх разьлікаў: барэль нафты — 50 даляраў, курс беларускага рубля — 18 700 за даляр. Атрымліваецца, трэба пералічваць мыта ад нафтапрадуктаў і беларускай нафты, якое будзе значна меншае, значна меншая будзе экспартная выручка. Таму зразумела, што трэба пераглядаць бюджэт і ўносіць карэкціроўкі.

Раней плянаваўся рост ВУП — хаця б 0,5%. Але пачатак году паказаў, што справы ідуць правальна, таму таксама трэба пералічваць. Паўстае пытаньне пра памер рэальнага заробку, які наўрад ці будзе расьці.

Калі глядзець на лічбы, то пачатак году пэсымістычны: трэба пераглядаць, ці будзе рост заробкаў, ці будзе рост прадукцыйнасьці працы. Калі глядзець рэальна, то гэтыя паказчыкі пойдуць у мінус. Нават цяжка сказаць, якім чынам яны пераробяць праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, але трэба закладаць рэальныя лічбы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG