Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На таргах 13 студзеня курс даляра чарговы раз істотна вырас і дасягнуў 19 326 беларускіх рублёў. Чаму ад пачатку году курс нацыянальнай валюты імкліва падае дзень пры дні? Ці будуць улады нешта прадпрымаць, каб спыніць дэвальвацыю? Які можа быць курс рубля на канец году? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Зьміцер Крук і Барыс Жаліба. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: У бюджэт Беларусі на 2016 год сярэднегадавы курс даляра закладзены памерам 18700. Ці ёсьць цяперашняе актыўнае падзеньне рубля, якое назіраецца штодня ад пачатку гэтага году, нармальнай рынкавай зьявай, «карэкцыяй» — ці ўладам, а тым больш насельніцтву варта пачаць хвалявацца?

Крук: Безумоўна, занепакоенасьць гэта выклікае. На стабільнасьць бюджэту гэта мае ўплыў, але ня вельмі крытычны, бо расходы зафіксаваныя ў рублях, а пэўная частка даходаў — у далярах. І калі курс даляра павялічваецца, то павялічваюцца і даходы ў рублёвым вымярэньні. Але мінусаў таксама хапае, і існуе вялікая верагоднасьць, што Міністэрству фінансаў давядзецца пералічваць бюджэт.

Тое, што адбываецца з курсам цяпер, выклікана тым, што адбываецца на глябальных рынках з нафтай. У першыя дні новага году яна патаньнела даволі значна, адпаведным чынам падаў і расейскі рубель. І цяпер, калі беларускі рубель перайшоў у так званае свабоднае плаваньне — ён вельмі блізкі да траекторыі расейскага рубля. Хоць і не паўтарае яе.

Цыганкоў: У Расеі спадзяюцца, што нафта зноў вырасьце, і, адпаведна, вырасьце расейская нацыянальная валюта. Але ў беларускай эканамічнай гісторыі амаль не было, каб беларускі рубель рос даволі вялікія пэрыяды часу. Ці варта спадзявацца, што беларускі рубель можа цяпер прыкметна ўзмацніцца?

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Крук: Устойлівага ўзмацненьня рубля ня будзе. Кароткатэрміновае, цягам некалькіх тыдняў ці нават месяцаў, я магу сябе ўявіць. Нацбанк заяўляе, што існуюць трэнды на зьніжэньне беларускага рубля, і яны гэтаму ня будуць моцна процістаяць. Таму найбольш верагодна, што нават калі расейскі рубель умацуецца, беларускі рубель узмоцніцца ў значна меншай ступені. Верагоднасьці ўстойлівай тэндэнцыі на рост беларускага рубля я ня бачу.

Цыганкоў: Ці правільная такая сытуацыя, калі курс беларускага рубля настолькі моцна залежыць ад курсу расейскага?

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Жаліба: Да гэтага ішлі шмат гадоў, ставячы сваю эканоміку ў залежнасьць ад расейскай. Таваразварот, экспарт накіраваныя пераважна на Расею. Чаго дамагаліся — тое і атрымалі.

Сёньняшнюю паскораную дэвальвацыю я разглядаю як вельмі небясьпечную зьяву, гэта можа перайсьці ў абвальную дэвальвацыю. Урад даваў надта аптымістычныя прагнозы на гэты год, якія не падзяляла большасьць незалежных эканамістаў. Няма вялікіх спадзяваньняў, што цэны на нафту падвысяцца, адпаведна, падае і расейскі рубель. Няма і дастатковых золатавалютных рэзэрваў Нацбанку, каб неяк стрымліваць дэвальвацыю.

Але калі мы дапусьцім абвальную дэвальвацыю, зноў будзе хваля інфляцыі, вырастуць працэнты па крэдытах і дэпазытах, і ўсё, чаго дабіваўся беларускі ўрад і Нацбанк, каб зьнізіць гэтыя працэнты, пойдзе прахам. Але трымаць рубель, як гэта ў свой час рабіла Ермакова — мы памятаем, да чаго гэта прывяло ў канцы 2014 году.

Цыганкоў: Калі ў Расеі восеньню 2014 году было абвальнае падзеньня рубля, яны адразу павысілі працэнтныя стаўкі. Беларускія ўлады пакуль спакойна назіраюць за дэвальвацыяй нацыянальнай валюты, але ж гэта зьніжае ўзровень даходаў насельніцтва.

Калі мы будзем стрымліваць дэвальвацыю, то гэта прывядзе да пагаршэньня сытуацыі ў рэальным сэктары эканомікі. А гэта таксама непрымальна.

Крук: Так, пагаджуся, гэта канфлікт розных мэтаў і напрамкаў эканамічнай палітыкі. Гэта адлюстраваньне сыстэмнага крызісу, у якім апынулася беларуская эканоміка. Гэта праяўлялася і ў мінулым годзе, калі ўрад казаў, што Нацбанк павінен праводзіць больш мяккую палітыку — усе гэта будзе і ў гэтым годзе.

Таму пытаньне я б паставіў так — ці адбудуцца ў адказ на аслабленьне беларускага рубля істотныя зьмены ў сыстэмнай палітыцы, ці іх не адбудзецца. Калі мы будзем стрымліваць дэвальвацыю, то гэта прывядзе да пагаршэньня сытуацыі ў рэальным сэктары эканомікі. А гэта таксама непрымальна. Многія ва ўрадзе кажуць, што трэба, наадварот, крэдытаваць прадпрыемствы, зьніжаць працэнтныя стаўкі — і што атрымаецца, мы гэта ўжо праходзілі ў 2011 годзе. Так што добрага выйсьця я пакуль ня бачу.

Цыганкоў: Пакуль жа ўлада відавочна выбірае варыянт дэвальвацыі — на карысьць экспартэраў, а не насельніцтва.

Пачатак году пацьвярджае, што ён будзе яшчэ цяжэйшы за мінулы.

Жаліба: Пачатак году пацьвярджае, што ён будзе яшчэ цяжэйшы за мінулы. Улада пакуль толькі чакае — ці, можа, павысяцца зноў цэны на нафту, ці ачуняе расейская эканоміка. Тым часам улада выдзяляе вялізныя грашовыя сродкі буйным дзяржаўным прадпрыемствам, каб тыя трымаліся на плыву. Ратаваць беларускі рубель і няма чым, і немэтазгодна.

Цыганкоў: Які курс вы прагназуеце на канец году?

Жаліба: Яшчэ пару месяцаў таму я быў аптымістам. І далучыўся да прагнозу Багданкевіча наконт 20 тысяч рублёў. Але пасьля такога пачатку году (нават калі беларускі рубель часова неяк адыграе) я б сказаў, што курс будзе 21 тысяча, ня меней.

Крук: Я вазьму даволі вялікі калідор — у залежнасьці ад цаны на нафту і эканамічнай палітыкі. Калі цана на нафту падвысіцца і палітыка Нацбанку будзе даволі жорсткая, то можна казаць пра 20 тысяч. Але калі нафта будзе каштаваць 25–30 даляраў за барэль, то курс рубля на канец году можа дайсьці да 24 тысяч.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG