Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заклікаем урад вярнуцца на шлях розуму»: прадпрымальнікі выступілі з заявай пра каляпс розьнічнага спажывецкага рынку


Гандлёвы цэнтар на рынку Ждановічы ў Менску пустуе, 2 студзеня 2016 году

Гандлёвы цэнтар на рынку Ждановічы ў Менску пустуе, 2 студзеня 2016 году

Рынкі апусьцелі праз «халатнасьць чынавенства», сьцьвярджаецца ў звароце грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва».

Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», якое яднае прадстаўнікоў малога бізнэсу Беларусі, выступіла з заявай да Адміністрацыі прэзыдэнта і Савету міністраў, у якой рэзка крытыкуе аўтараў указу № 222.

«Па ацэнцы РГА „Пэрспэктыва“, з 1 студзеня 2016 году спынілі працу 90% гандлёвых цэнтраў і рынкаў Рэспублікі Беларусь. Адбыўся каляпс розьнічнага спажывецкага рынку.

Гэтыя падзеі адбыліся з прычыны халатнасьці чынавенства, якое не аддало належнай увагі сытуацыі і праігнаравала шматлікія прапановы прадпрымальніцкай супольнасьці. [Мы] перакананыя, што пустыя рынкі і гандлёвыя цэнтры — гэта найлепшы доказ некампэтэнтнасьці дзяржорганаў і памылковасьці палітыкі рэгуляваньня малога бізнэсу ў Беларусі.

У сытуацыі, якая склалася, гэта шлях вар’яцтва, інакш нельга назваць, калі падчас крызісу ў эканоміцы бяз сродкаў да існаваньня засталося парадку 500 000 чалавек (сем’і прадпрымальнікаў і тыя, хто залежыць ад іх). Мы заклікаем урад вярнуцца на шлях розуму і прыняць своечасовыя адэкватныя рашэньні з улікам меркаваньняў саміх прадпрымальнікаў!».

З усёй Беларусі паступаюць фатаздымкі пустых рынкаў. Старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка пацьвердзіў Свабодзе: прадпрымальнікі ня маюць намеру падстройвацца пад указ і будуць «адстойваць права на працу».

Ад 1 студзеня 2016 году беларускія прадпрымальнікі абавязаныя прадаваць тавары прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці краінаў Мытнага саюзу толькі з дакумэнтамі, якія б пацьвярджалі іх легальнае паходжаньне і бясьпеку для спажыўца. Прадпрымальнікі кажуць, што пастаўшчыкі не даюць такіх дакумэнтаў ці падрабляюць іх, у выніку прадаўцам пагражаюць штрафы і канфіскацыі.

Далейшыя свае дзеяньні прадпрымальнікі маюць вызначыць 11 студзеня на антыкрызісным форуме.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG