Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рынкі апусьцелі. 90% прадпрымальнікаў спынілі працу — Шумчанка


Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка выклаў у Фэйсбуку фотасправаздачу з асноўных гандлёвых кропак Менску, дзе сёньня не працуюць амаль усе індывідуальныя прадпрымальнікі.

У размове са Свабодай лідэр прадпрымальнікаў заявіў:

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«Я думаю, што амаль такая карціна і цалкам па Беларусі. Працэнтаў 90 людзей спынілі сваю працоўную дзейнасьць. Яны ня могуць выканаць тыя законы, якія прыняў урад.

Менавіта ўрад паралізаваў сёньня працу гандлёвых кропак. Пакупнікі не задаволеныя, яны не разумеюць, што адбываецца. Мы, зразумела, просім нас прабачыць. Але мы ў гэтым не вінаватыя.

Гэта не адпачынкі і не маразы. Сёньня 2 студзеня — выходны дзень. Пасьля Новага году першыя чатыры дні самыя спрыяльныя для гандлю. Потым гандляваць заўжды бывае цяжэй. І тое, што сёньня прадпрымальнікі не працуюць, паказвае ўсю глыбіню сытуацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 90% віцебскіх прадпрымальнікаў спынілі працу, але не называюць гэта страйкам

Згодна з указам № 222, ад 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі могуць прадаваць прадукцыю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці краінаў Мытнага саюзу толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі.

У 2014 годзе была скасаваная палёгка, што дазваляла індывідуальным прадпрымальнікам завозіць з Мытнага саюзу тавары легпраму без дакумэнтаў, што пацьвярджалі б іх легальнае паходжаньне і бясьпеку для спажыўца. Такія тавары без дакумэнтаў трэба было распрадаць да 1 сакавіка 2015 году, пазьней тэрмін быў працягнуты да канца 2015 году. Непрададзеныя тавары могуць выкарыстоўвацца толькі «ў мэтах асабістага, хатняга, сямейнага спажываньня, не зьвязанага з прадпрымальніцкай дзейнасьцю».

Указ выклікаў абурэньне прадпрымальнікаў: маўляў, пастаўшчыкі тавараў ці адмаўляюцца выдаваць такія дакумэнты, ці падрабляюць іх, — у выніку прадаўцам пагражаюць штрафы і канфіскацыі. Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка накіроўваў ад імя прадпрымальнікаў ліст Лукашэнку з просьбай працягнуць тэрмін рэалізацыі тавараў Мытнага саюзу без дакумэнтаў, увесьці мараторый на ўказ № 222.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG