Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рынкі апусьцеюць? Прадпрымальнікі страцілі права прадаваць расейскі легпрам без суправаджальных дакумэнтаў


Тэрмін рэалізацыі расейскіх тавараў лёгкай прамысловасьці індывідуальнымі прадпрымальнікамі скончыўся 1 студзеня. Прадпрымальнікі супраць.

Згодна з указам № 222, ад 1 студзеня індывідуальныя прадпрымальнікі могуць прадаваць прадукцыю прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці краінаў Мытнага саюзу толькі з суправаджальнымі дакумэнтамі.

У 2014 годзе была скасаваная палёгка, што дазваляла індывідуальным прадпрымальнікам завозіць з Мытнага саюзу тавары легпраму без дакумэнтаў, што пацьвярджалі б іх легальнае паходжаньне і бясьпеку для спажыўца. Такія тавары без дакумэнтаў трэба было распрадаць да 1 сакавіка 2015 году, пазьней тэрмін быў працягнуты да канца 2015 году. Непрададзеныя тавары могуць выкарыстоўвацца толькі «ў мэтах асабістага, хатняга, сямейнага спажываньня, не зьвязанага з прадпрымальніцкай дзейнасьцю».

Указ выклікаў абурэньне прадпрымальнікаў: маўляў, пастаўшчыкі тавараў ці адмаўляюцца выдаваць такія дакумэнты, ці падрабляюць іх, — у выніку прадаўцам пагражаюць штрафы і канфіскацыі. Старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка накіроўваў ад імя прадпрымальнікаў ліст Лукашэнку з просьбай працягнуць тэрмін рэалізацыі тавараў Мытнага саюзу без дакумэнтаў, увесьці мараторый на ўказ № 222.

Праз указ № 222 індывідуальныя прадпрымальнікі ў Менску масава нясуць заявы адміністрацыям гандлёвых цэнтраў і рынкаў аб прыпыненьні ці спыненьні дзейнасьці. Пра спыненьне працы паведамляюць прадпрымальнікі Віцебску, Магілёва, а таксама іншых гарадоў Беларусі.

XS
SM
MD
LG