Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Будзем адстойваць права на працу»: прадпрымальнікі з пустых рынкаў пойдуць на антыкрызісны форум


Пустыя гандлёвыя шэрагі на рынку Ждановічы ў Менску, 2 студзеня 2016 году

Пустыя гандлёвыя шэрагі на рынку Ждановічы ў Менску, 2 студзеня 2016 году

У «Пэрспэктыве» заявілі, што ня будуць падстройвацца пад указ № 222 і чакаюць ад уладаў кампраміснага рашэньня.

Ад 1 студзеня 2016 году беларускія прадпрымальнікі абавязаныя прадаваць тавары прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці краінаў Мытнага саюзу толькі з дакумэнтамі, якія пацьвярджалі б іх легальнае паходжаньне і бясьпеку для спажыўца. Прадпрымальнікі кажуць, што пастаўшчыкі не даюць такіх дакумэнтаў ці падрабляюць іх, у выніку прадаўцам пагражаюць штрафы і канфіскацыі.

У новым годзе, як і пагражалі прадпрымальнікі, рынкі апусьцелі. Працу спынілі да 90% гандляроў у такіх гандлёвых цэнтрах, як менскія «Ждановічы», «Экспабел», «Паркінг», «Эўропа», «Шчасьце», «Манэтка», не працуюць многія рынкі. Працу прыпынілі ў Віцебску, Гомелі, Берасьці, Рагачове, Наваполацку, Глыбокім, Лідзе, Маладзечне, Барысаве і іншых гарадах. На пляцоўцы, дзе працавалі гандляры рынку ў Горках, карэспандэнт Свабоды напаткаў голы самотны каркас шапіка.

Фота, якія прадпрымальнікі ад пачатку студзеня дасылалі старшыні аб’яднаньня «Пэрспэктыва»:

Як распавёў Свабодзе старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка, прадпрымальнікі загадзя рыхтаваліся да сытуацыі, у якой ня могуць легальна прадаваць звыклыя тавары. Далейшыя дзеяньні «зьнізу» будуць вызначаныя самімі прадпрымальнікамі на кангрэсе:

Анатоль Шумчанка

Анатоль Шумчанка

«Тое, пра што мы, „Пэрспэктыва“, казалі, на сёньняшні дзень спраўдзілася практычна на сто адсоткаў. Прадпрымальнікі насамрэч паказалі, што пастаўленыя ва ўмовы, калі ня могуць выконваць законы, таму прыпынілі сваю працоўную дзейнасьць. І гэта вельмі сур’ёзны „званок“ для ўладаў. Яшчэ на кангрэсе 14 сьнежня вырашылі, што 11 студзеня будзем праводзіць антыкрызісны форум, у нас усё паводле пляну.

Прадпрымальнікі рэальна асэнсоўваюць, што ўсё гэта працягнецца, гэтае пытаньне можа вырашыцца ня хутка. Але мы будзем рабіць усё, каб найхутчэй гэтае бязладзьдзе скончылася. 11 студзеня мы дамо ацэнку таму, што адбываецца, і будзем прымаць рашэньні пра далейшыя крокі — і гэта будуць рабіць самі людзі».

Ці змогуць прадпрымальнікі «выкруціцца», калі ўказ застанецца нязьменным, ці тысячам індывідуальных прадпрымальнікаў давядзецца «перакваліфікавацца ў дворнікі»? Шумчанка кажа, што прадпрымальнікі настроеныя рашуча:

Людзі асэнсавана зрабілі свой выбар, яны ведаюць, што іх чакае. Ніхто гуляць ні з кім не зьбіраецца, падстройвацца таксама.

«Людзі вывозілі тавар, яны ня выйшлі ў першыя дні году, у першыя выходныя, калі ідзе гандаль. Такога ніколі не было! Людзі асэнсавана зрабілі свой выбар, яны ведаюць, што іх чакае. Ніхто гуляць ні з кім не зьбіраецца, падстройвацца таксама. Людзі будуць чакаць кампраміснага рашэньня. А ўсе нашыя прапановы ляжаць у адміністрацыі прэзыдэнта, куды мы неаднаразова зьвярталіся.

Паглядзіце ў мяне на Facebook, там прысылаюць шмат фота, нават відэа ня толькі зь Менску, а з рэгіёнаў. Не, не перакваліфікуюцца. Барацьба будзе, вы чаго! Будзем змагацца, будзем патрабаваць умоваў для працы, будзем адстойваць права на працу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG