Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельская прадпрымальніца: «Працаваць у такіх умовах — гэта падпісваць сабе сьмяротны прысуд»


Індывідуальныя прадпрымальнікі так і не дачакаліся працягу мараторыю на ўвядзеньне ўказу № 222 ці адмены яго. Таму ўжо сёньня многія пакуюць тавары ў валізы, каб разьвітацца з рынкам. Адны — назаўжды, іншыя — да лепшага часу.

Сотні прадпрымальнікаў Прудкоўскага рынку завяршаюць год у маркоце. Надыходзіць Новы год, калядныя сьвяты, а настрою няма, бо большасьць ня бачыць пэрспэктывы свайго існаваньня.

Гаворыць прадпрымальніца Валянціна:

«Зьбіраюся і сыходжу дадому. Усё! Працаваць ня будзем, падаткаў плаціць ня будзем. Рэшткі тавару дадому забіраю. Будзем рабіць падарункі сваім сваякам — што тут яшчэ прыдумаеш. Як жыць? Што засталося, з таго будзем жыць. Трэба па-добраму ставіцца да людзей: калі яны занятыя, працуюць на сябе, то й павінны працаваць. Мы ж прыносілі карысьць дзяржаве, а ня шкоду. Асабіста я па 4 мільёны падаткаў плаціла на месяц, стоячы на рынку са сваімі рэшткамі тавараў».

Перадапошні дзень працуе на рынку і маладая прадпрымальніца Насьця, колішняя інжынэрка лясной гаспадаркі з вышэйшай адукацыяй. Сэнсу працаваць у новым годзе ва ўмовах, калі ўлады патрабуюць мець сэртыфікат на кожны від тавару лёгкай прамысловасьці ды яшчэ й транспартныя дакумэнты, прадпрымальніца ня бачыць. Выйдзеш — аштрафуюць, канфіскуюць тавар і выручку на дадатак:

«Калі выйдзеш, ты рызыкуеш, што да цябе прыйдуць і ўсё забяруць. Насамрэч ты падпісваеш сабе сьмяротны прысуд. Мы нават не чакаем падаўжэньня мараторыю на ўказ, бо гэтыя адтэрміноўкі нічога не мяняюць. Мы нічога не плацілі і плаціць ня будзем — ні падаткі, ні арэнду. Мы ня можам працаваць у такіх умовах. Вывезем тавар да 1 студзеня. Але куды яго падзець і як жыць — пытаньне. Гэта ж укладзеныя сродкі. І вось ня ведаю, як жыць пасьля гэтага. Мы ж застаемся бяз працы».

Іншая прадпрымальніца, якая назвалася Сьвятланай, лічыць, што прынятыя два ўказы №№ 222 і 666 скіраваныя на ўдушэньне прадпрымальнікаў, каб дагадзіць буйным фірмам. Гэта не зьяўляецца нейкай эканамічнай мэтазгоднасьцю — гэта проста палітычнае рашэньне. Улады не жадаюць мець у грамадзтве значную частку эканамічна актыўных людзей, якія не залежаць ад яе фінансавых падачак:

«Лічу, што ў дачыненьні да нас прынятае палітычнае рашэньне, а не эканамічнае. Бо з эканамічнага гледзішча мы дзяржаве шкоды не прыносім, а толькі карысьць. У нас самазанятасьць, мы забясьпечваем сябе працоўнымі месцамі. Мы расходуем грошы, якія атрымалі ад пакупнікоў унутры краіны, падтрымліваючы сваіх вытворцаў. Мы сплачваем падаткі, сродкі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. З нашых плацяжоў выплачваюцца пэнсіі, заробкі бюджэтнікам. Таму я й лічу, што ўказы — гэта толькі палітычнае рашэньне. Мы, відавочна, праслойка ў грамадзтве, якой ёсьць што губляць і якая гатовая на пратэсты, калі прыціскаюцца яе інтарэсы».

Суразмоўніца, аднак, ня лічыць, што калегі гатовыя заўтра выйсьці на плошчу і пратэставаць — прадпрымальніцкае асяродзьдзе застаецца раздробленым. Пакуль ён пратэстуе толькі рублём, адмаўляючыся плаціць за студзень падаткі. І такіх людзей на рынку шмат:

Мы пакутуем у асноўным з-за свайго няўменьня аб’яднацца, каб вырашаць свае праблемы

«У нашай галерэі працуе каля паўсотні чалавек. І тых, хто вагаецца, чалавекі два-тры набярэцца. Але калі яны й выйдуць у студзені працаваць, то толькі на свой страх і рызыку. Мы пакутуем у асноўным з-за свайго няўменьня аб’яднацца, каб вырашаць свае праблемы. Калі б мы маглі гэта зрабіць, з намі б лічыліся».

Сьвятлана кажа, што яе парадавала пазыцыя Саюзу беларускіх прадпрымальнікаў, якія, усьлед за грамадзкім аб’яднаньнем «Пэрспэктыва», зьвярнуліся да беларускага ўраду з патрабаваньнем разабрацца ў сытуацыі. Парадокс заключаецца ў тым, што беларускія прадпрымальнікі набываюць за грошы ў Расеі тавары разам з дакумэнтамі, плацяць паводле гэтых дакумэнтаў падатак на дадатковую вартасьць за ўвоз тавараў, а пасьля падаткоўцы прызнаюць дакумэнты несапраўднымі і штрафуюць прадпрымальнікаў. Сумленна набыўшы тавар нібыта ў саюзнай дзяржаве, прадпрымальнікі застаюцца вінаватымі.

«Навошта мне плаціць падатак, калі я не магу працаваць? — задае пытаньне прадпрымальнік Сяргей з таго ж Прудкоўскага рынку. — Зачыняцца будзем зь першага студзеня. Пакуль на месяц, а там, напэўна, назаўсёды. Паедзем хутчэй за ўсё ў Расею гастарбайтэрамі. Калі мы сваёй краіне не патрэбныя, паедзем іншую падымаць».

Крыху ў лепшым становішчы тыя дробныя бізнэсоўцы, якія гандлююць толькі айчыннымі таварамі, і мяккімі цацкамі, у прыватнасьці. Аднак пры адсутнасьці разнастайных тавараў гараджане наагул забудуць на рынкі дарогу.

На другім і трэцім паверхах унівэрмагу «Гомель» арэндуюць плошчу дзясяткі прадпрымальнікаў. Каля 70 чалавек ужо падалі заявы дырэкцыі на скасаваньне дамоваў арэнды. Іншыя вывезьлі тавар і павесілі на сваіх ралетах абвесткі: «Рамонт».

Перадапошні дзень працуе тут і прадпрымальніца Алена:

«Даводзіцца зачыняцца і пакідаць усё гэта, увесь тавар, дома хіба да лепшых часоў. Пакуль будзем сядзець. І паглядзім, як паставіцца да нас улада. Калі ўсё ўляжацца, выйдзем працаваць. Калі не, то паедзем у Расею распрадаваць усё альбо будзем дарыць сваякам. Наша дзяржава, відаць, чарговы раз думае, што мы такія разумнікі, заўсёды неяк выкручваліся і цяпер выйсьце знойдзем. Але гэтым разам мы ўжо нічога зрабіць ня можам».

На Гомельшчыне, паводле афіцыйных зьвестак, працуе звыш 27 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў. У сярэднім адзін зь іх плаціць у бюджэт 16,4 мільёна рублёў падаткаў, без уліку арэнднай платы рынкам і гандлёвым арганізацыям, частка якой таксама трапляе ў бюджэтную скарбонку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG