Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанку паклалі ў шпіталь


Архіўнае фота: Віктар Цярэшчанка ў менскім шпіталі пасьля атручваньня маркоўным фрэшам, 28 жніўня 2015 году

Архіўнае фота: Віктар Цярэшчанка ў менскім шпіталі пасьля атручваньня маркоўным фрэшам, 28 жніўня 2015 году

Эканаміст Віктар Цярэшчанка, якога не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата на прэзыдэнта Беларусі на выбарах 2015 году, лёг у шпіталь. Гэта зьвязана зь ягоным атручваньнем у часе выбарчай кампаніі.

Пра гэта Цярэшчанка паведаміў Свабодзе:

«Я знаходжуся зараз у другім гарадзкім шпіталі Менску. Тыя аналізы і працэдуры, якія я рабіў па тры-чатыры разы, паказваюць, што па-ранейшаму застаюцца праблемы з кровазваротам. Тромбы, якія зьявіліся напрыканцы жніўня ў выніку хімічнага атручваньня, застаюцца ў мяне і сёньня. Адсюль і праблемы з кіслародным насычэньнем мозгу. Існуюць і іншыя складанасьці. Таму дактары будуць удакладняць сытуацыю».

Віктар Цярэшчанка сказаў, што нарэшце зьявіліся зрухі наконт прапановаў пра фінансавую стабілізацыю ў краіне, якія ён накіроўваў у прэзыдэнцкую адміністрацыю і ўрад. Разам з суаўтарам, эканамістам Яўгенам Доўгалем, яны наведалі навукова-дасьледчы эканамічны інстытут Міністэрства эканомікі Беларусі:

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

Навукоўцы лічаць, што трэба вывучыць нашы прапановы больш дэталёва і рыхтаваць мерапрыемствы, каб іх укараніць у жыцьцё.

«Там мы правялі рабочую сустрэчу з кіраўніцтвам інстытуту. Зрабілі даклад, адказалі на пытаньні. Праз тыдзень дырэктар інстытуту двойчы сказаў, што гэта цікава, што гэта адзіны шлях вырашэньня праблемаў. На нашым матэрыяле інстытут рыхтуе спэцыяльную запіску для кіраўніцтва краіны. Навукоўцы лічаць, што трэба вывучыць нашы прапановы больш дэталёва і рыхтаваць мерапрыемствы, каб іх укараніць у жыцьцё. Найперш прапановы пойдуць у Нацыянальны банк і Міністэрства фінансаў.

Я даслаў ім яшчэ ў электронным выглядзе 92(!) графікі, табліцы, схемы. Няхай вывучаюць і ўнікаюць у нашы прапановы».

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй. Экс-кандыдат лічыць, што яго атруцілі.

«Я лячуся і лекамі з аптэкі, і народнымі сродкамі. Чаго толькі не спрабаваў. Якраз сёньня глытаў чарговы зонд. Пакрыху ўсё зажывае, але ж вельмі марудна», — гаворыць Віктар Цярэшчанка.

Падчас сёлетняй выбарчай кампаніі Цэнтарвыбаркам не зарэгістраваў Віктара Цярэшчанку афіцыйным кандыдатам на прэзыдэнта, палічыўшы, што той ня здолеў сабраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў выбарцаў. Гэткая колькасьць подпісаў — мінімум, які неабходны для рэгістрацыі. Сапраўднымі прызналі менш за 7 тысячаў подпісаў за кандыдата.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG