Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктару Цярэшчанку паўторна адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы


Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

У дзень атручваньня відэакамэры ў кавярні «Грунвальд» не працавалі, а шклянка, зь якой піў маркоўны сок Цярэшчанка, бясьсьледна зьнікла.

Эканамісту Віктару Цярэшчанку, які спрабаваў балятавацца на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах, паўторна адмовілі ва ўзбуджэньні крымінальнай справы аб яго магчымым атручваньні. Такі адказ прыслаў на адрас Цярэшчанкі кіраўнік міліцыі Ленінскага раёну Менску падпалкоўнік Сьвірыд.

У лісьце гаворыцца:

«Падчас дадатковай праверкі ўстаноўлена, што з тэхнічных прычынаў камэры відэаназіраньня 28.08.2015 году ў кавярні „Грунвальд“ не працавалі... У сувязі з тым, што шклянка, зь якой піў сьвежавыціснуты маркоўны сок Цярэшчанка В.І., адсутнічае, прызначыць экспэртызу па факце яго магчымага атручваньня не ўяўляецца магчымым».

Віктару Цярэшчанку патлумачылі, што гэтае рашэньне ён можа абскардзіць альбо ў пракуратуру, альбо ў суд.

Спадар Цярэшчанка так пракамэнтаваў Свабодзе гэты адказ зь міліцыі:

Я буду сустракацца з адвакатам, і мы будзем абмяркоўваць, што рабіць далей.

«Я буду сустракацца з адвакатам, і мы будзем абмяркоўваць, што рабіць далей.

Але ж простая рэч — калі відэакамэры ў кавярні не працавалі, то яны, вядома, не маглі зафіксаваць тое, што адбылося. Але ж мы сядзелі ўтрох не ў самой кавярні, а за столікам, які стаяў на вуліцы. А вуліца Карла Маркса, на якой знаходзіцца будынак прэзыдэнцкай адміністрацыі, праглядаецца сто разоў з розных камэр. Калі б я сядзеў дзесьці ў двары альбо на ўласнай кухні, то тады было б усё зразумела. А тут — фармальная адпіска.

І лячылі не ад таго, ад нейкай алергіі. Колькі я перажыў, колькі я ня тых лекаў прыняў. І нікому нічога не патрэбна. Закрываюць вочы і нібыта нічога ня бачаць. Ну як можна так жыць! Думаюць, што пасьля выбараў пра ўсё забыліся, як забыліся пра Лёзна.

Чаму я павінны штодня хадзіць па аптэках, паліклініках, глытаць зонды, рабіць УЗІ? Гэта зусім не піяр, як Ярмошына назвала.

Не, Цярэшчанку атруцілі. Я не хачу маўчаць. Чаму я павінны штодня хадзіць па аптэках, паліклініках, глытаць зонды, рабіць УЗІ? Гэта зусім не піяр, як Ярмошына назвала».

Віктар Цярэшчанка зьвяртае ўвагу і на такую дэталь: два месяцы таму міліцыянт Гушчын, які займаўся гэтай справай, быў у званьні старшага лейтэнанта. У апошнім лісьце ён згадваецца ўжо як капітан.

Два тыдні таму Віктар Цярэшчанка накіраваў на адрас Лукашэнкі, прэзыдэнцкай адміністрацыі і ўраду свае прапановы аб выхадзе Беларусі з эканамічна-фінансавага крызісу.

«Прыйшоў адказ з адміністрацыі, што матэрыял накіраваны ад іх у апарат Савету Міністраў для разгляду і адказу аўтару», — кажа эканаміст.

Віктара Цярэшчанку 28 жніўня даставілі ў шпіталь проста зь дзелавой сустрэчы ў кавярні «Грунвальд», што на вуліцы Карла Маркса ў цэнтры Менску. Ён замовіў сабе сьвежавыціснуты маркоўны сок зь вяршкамі. У Цярэшчанкі пачалася моцная адмоўная рэакцыя арганізму, зьявіўся ацёк, здранцьвеньне твару і вачэй. Экс-кандыдат лічыць, што яго атруцілі.

Віктар Цярэшчынка ў шпіталі пасьля атручваньня, архіўнае фота

Віктар Цярэшчынка ў шпіталі пасьля атручваньня, архіўнае фота

Цэнтравыбаркам не зарэгістраваў Віктара Цярэшчанку афіцыйным кандыдатам на прэзыдэнта, палічыўшы, што той ня здолеў сабраць 100 тысяч сапраўдных подпісаў выбарцаў. Гэткая колькасьць подпісаў — мінімум, які неабходны для рэгістрацыі. У кандыдата прызналі сапраўднымі менш за 7 тысяч подпісаў.

XS
SM
MD
LG