Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іранец, які хаваецца ў Беларусі ад «вартавых рэвалюцыі»: Статусу ўцекача не даюць, часовай працы ня стала


Мэгрдад Джамшыдыян — уцякач зь Ірану, жыве ў Беларусі ўжо некалькі гадоў, але дагэтуль ня мае статусу ўцекача, які б дазволіў яму атрымаць хоць мізэрную дзяржаўную дапамогу.

Стала працаваць у Беларусі іранец ня можа, а цяпер пачаліся праблемы і з выпадковымі падпрацоўкамі. Міграцыйныя прыгоды Мэгрдада могуць зацікавіць кінэматаграфістаў. Але пакуль што ён ня хоча здымацца, у тым ліку ня даў згоды на фота для сайту Свабоды.

«Я палітычны праціўнік іранскага рэжыму, да таго ж быў мусульманінам, а стаў хрысьціянінам. У Іране дамагаюцца маёй выдачы зь Беларусі, але прычыну прыдумалі крымінальную — нібыта я кагосьці забіў. Добра, што беларускія ўлады, калі мяне затрымалі, заўважылі, што тое забойства прыпадае на час, калі я ўжо быў за мяжой. У Іран мяне ня выдалі, але і статус уцекача дагэтуль не далі, пратрымалі ў ізалятары больш за 7 месяцаў, выпусьцілі, але асабіста для мяне нічога не зьмянілася — як быў без дакумэнтаў, гэтак і застаўся. Нядаўна я быў на прыёме ў начальніка Дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі спадара Бегуна. Той запэўніў, што да студзеня 2016 году маё пытаньне неяк вырашыцца, спадзяюся, станоўча. Цяпер жыву чаканьнем гэтага рашэньня, якое можа быць у любы дзень», — распавёў пра сябе Мэгрдад.

Паводле Мэгрдада, у Беларусі пражываюць каля трохсот іранцаў. Большасьць з былых суайчыньнікаў, мяркуе суразмоўца, зьвязаныя з афіцыйнымі іранскімі структурамі ў Беларусі. Лепш за іншых уладкаваліся тыя, хто працуе ў іранскай амбасадзе ці банку зь іранскім капіталам, але і супрацоўнікам іранскіх фірмаў ды сумесных прадпрыемстваў таксама няблага. Але Мэгрдад ім не зайздросьціць, бо лічыць, што яны мусяць крывадушнічаць і закрываць вочы на тое, што творыцца ў Іране. Паводле Мэгрдада, там квітнеюць карупцыя і палітычныя рэпрэсіі, а лёзунгі пра «ісламскую рэвалюцыю» — казкі для даверлівых бедных мусульманаў. Паводле Мэгрдада, сапраўдных веруючых ва ўладных вярхах краіны засталося ня больш за 5-10%.

Тое, што Іран разам з Расеяй падтрымлівае сырыйскага дыктатара Асада Мэгрдад лічыць паказальным адносна сутнасьці і самога іранскага рэжыму.

«Вартавых ісламскай рэвалюцыі», якія цяпер змагаюцца з сырыйскай апазыцыяй на баку Асада, Мэгрдад апасаецца нават у Беларусі.

Кажа, што знаёмыя папярэдзілі яго, каб ня думаў вяртацца і не кантактаваў з афіцыйнымі прадстаўнікамі Ірану.

Мэгрдад жанаты зь беларускай, мае сына і двух дачок. Чым зарабляе на ўтрыманьне сям’і? Кажа, што сталай працы яму нідзе не даюць, бо ня мае дакумэнтаў. Большасьцю яны жывуць на заробак жонкі, але і яна тры месяцы таму працу страціла і цяпер шукае. Сам Мэгрдад крыху зарабляў рамонтам кватэр, але цяпер з гэтым стала вельмі кепска.

«За апошнія 2 гады на рынку кватэрных рамонтнікаў цэны значна ўпалі. Магчыма, гэта ўкраінцы зьбілі цэны. Сапраўды, тое, што раней каштавала адну цану, будаўнікі з Ўкраіны згодныя зрабіць удвая таньней. Але і беларусаў стала болей — усе кінуліся падрабляць на рамонце, аднак рамантаваць цяпер амаль няма чаго. Эканомяць людзі на рамонце. Крызіс у вас вельмі адчуваецца», — зазначыў Мэгрдад.

Іранец кажа, што калі атрымае статус уцекача, яшчэ падумае, ці заставацца ў Беларусі назаўсёды.

«Лепш бы паехаць куды ў Эўропу, дзе можна нармальна зарабляць. Тут, бачу, зарабіць ніколі ня ўдасца. Але пакуль мне пра гэта марыць не даводзіцца», — прызнае Мэгрдад Джамшыдыян.

Усяго паводле дадзеных Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС у Беларусь у 2015 годзе прыехала на працу 26 тысяч замежнікаў. Сярод працоўным мігрантаў большасьць — грамадзяне Ўкраіны. У апошнія гады стала расьце і працоўная міграцыя з Кітаю — ў верасьні 2015 году на розных аб’ектах у Беларусі стала працавала 6 тысяч кітайцаў, яшчэ год таму іх было 4 тысячы. А вось плыня працоўных мігрантаў з Расеі стала меншай. За першае паўгодзе з Расеі ў Беларусь прыехала 500 працаўнікоў, у той час як за 2014 год заехала 4,5 тысячы. У МУС і Мінпрацы і сацыяльнай абароны Беларусі лічаць, што прычына памяньшэньня працоўнай міграцыі з Расеі сталі эканамічныя цяжкасьці ў гэтай краіне.

Паводле дадзеных цэнтру дасьледаваньняў міграцыі CARIM, за межамі Беларусі працуе ад 500 тысячаў да 1 мільёна 200 тысячаў беларусаў, зь іх большасьць у Расеі, у асноўным у Маскве, Санкт-Пецярбурзе. Беларусы ў Расеі зарабляюць на будоўлях, рамонтных і сэзонных працах, на нафтавых і газавых радовішчах. Сярод людзей з вышэйшай адукацыяй у Расеі часьцей за іншых працуюць таксама беларускія будаўнікі, репэтытары, мэдыкі.

Афіцыйныя крыніцы прызнаюць, што за мяжой працуюць каля 400 тысяч беларусаў.

Колькасьць беларусаў, якія працуюць у далёкім замежжы, адмыслоўцы вымяраюць некалькімі дзесяткамі тысяч чалавек штогод. Пры гэтым адзначаецца, што значная частка тых, хто едзе працаваць на Захад, застаюцца там назаўсёды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG