Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​«Інтэрнэт — хуткі, клімат — лагодны, людзі — талерантныя». Праграміст з Ірану знайшоў сябе ў Беларусі


Магдзі Джадзьдзі

Магдзі Джадзьдзі

Высокая хуткасьць інтэрнэту і вольны доступ да міжнароднай банкаўскай сыстэмы прымусілі трох іранскіх праграмістаў пераехаць у 2013 годзе ў Беларусь.

Як ратуюць грошы ад дэвальвацыі ў Іране і чаму Беларусь можна лічыць разьвітай ды свабоднай краінай — пра гэта 33-гадовы Магдзі Джадзьдзі (Mahdi Jeddi) апавёў у інтэрвію Свабодзе.

Зьехалі ў Беларусь, ратуючыся ад санкцыяў супраць Ірана

Трое іранскіх сяброў апынуліся ў Беларусі выпадкова. Усе яны працавалі на адну кампанію ў Тэгеране, дзе стваралі кампутарныя гульні. Ім было ўжо па 30 год, і яны вырашылі адкрыць свой бізнэс. Аднак працаваць на сябе ў Іране даволі складана, і яны сталі думаць, куды б ім зьехаць, каб паспрабаваць свае сілы.

Паехаць за мяжу іранцаў падштурхнулі санкцыі Захаду, якія загналі краіну ў эканамічную блякаду. Праз санкцыі ў Іране не працавалі міжнародныя банкаўскія сыстэмы MasterCard і Visa.

«І нават калі празь сяброў ты адкрыеш рахунак за мяжой, грошы ў краіну можна ўвезьці толькі наяўнымі, — кажа Джадзьдзі. — Мы не маглі ні адправіць, ні атрымаць грошы з-за мяжы».

Нават іранскія студэнты, якія вучацца ў Беларусі, ня могуць атрымаць грошы ад бацькоў іншым спосабам, як толькі перадачкай. Калі хто з іранцаў зьбіраецца на радзіму, студэнты даюць яму кантакты бацькоў, каб прывёз наяўныя грошы.

Дарэчы, каб паехаць за мяжу, бацькі хлопцаў, якія не служылі ў войску, мусяць пакідаць заклад ад 1700 да 6800 даляраў — на выпадак, калі тыя ня вернуцца. Для Джадзьдзі зрабілі выключэньне, бо ў год ад’езду ён выйграў міжнародны конкурс «Robocup».

У Беларусь Магдзі Джадзьдзі трапіў выпадкова

У Беларусь Магдзі Джадзьдзі трапіў выпадкова

Яшчэ адна перашкода ў працы праграмістаў — гэта фактычная дзяржаўная манаполія ў IT-сфэры. Падтрымліваць стасункі з замежнымі кампаніямі іранцам вельмі складана, а таму яны вымушаныя працаваць на дзяржаўных замоўцаў. А гэта вельмі абмежаваны рынак.

«Гэта ў Беларусі ты альбо праграміст, альбо не, — кажа Джадзьдзі. — А ў Іране такой розьніцы няма. Дактары і інжынэры там вельмі добра зарабляюць. А праграмісты могуць зарабіць больш, але не нашмат».

Ужо на наступны дзень мяне паклікалі на працу

Сярод краін, куды можна было б зьехаць, хлопцы разглядалі тры. У Малайзію і Турэччыну іранцам не патрэбная віза, а ў Беларусі ў іх былі кантакты — знаёмыя аднаго зь сяброў. Пасьля экскурсіі ў Менск летам 2012 году яны вырашылі перабірацца сюды.

Першая паездка ў Беларусь летам 2012 году

Першая паездка ў Беларусь летам 2012 году

Паступіўшы на курсы расейскай мовы ў Менскім лінгвістычным унівэрсытэце, сябры атрымалі студэнцкія візы ў лютым 2013 году. Спачатку жылі ў інтэрнаце, паміж лекцыямі праграмавалі ў сябе ў пакоях.

«Жыцьцё ў інтэрнаце — цікавы досьвед, але гэта мела нэгатыўны эфэкт на працу, — кажа Джадзьдзі. — У цябе няма прыватнай прасторы, а яшчэ ўвесь час нехта заходзіць у госьці ды адцягвае ўвагу ад працы».

Хлопцы ўсьвядомілі, што пачаць уласны бізнэс ня так проста. А таму ўжо праз год двое з трох паехалі назад у Іран. Адзін, праўда, потым вярнуўся ў Беларусь. Другі працуе ў Тэгеране.

Джадзьдзі пашчасьціла больш. Ён разьмясьціў сваё рэзюмэ на сайце вакансій і ўжо на наступны дзень атрымаў прапанову працы.

«Я ня быў упэўнены, ці хопіць мне майго ўзроўню расейскай мовы, — кажа хлопец. — Але хапіла. Я паўтара года быў на адной працы, цяпер перайшоў на іншую. Працую праграмістам».

Не турбавала беларускіх працадаўцаў і адсутнасьць вышэйшай адукацыі. У Тэгеране Джадзьдзі кінуў унівэрсытэт, калі яму прапанавалі добрую працу. Ці атрымае ён калі-небудзь дыплём, ён ня ведае: у Беларусі можна працаваць і безь яго.

«У гэтай індустрыі працуе вельмі шмат людзей без адукацыі, — кажа ён. — Калі ты ведаеш працу, цябе возьмуць і без дыплёма».

Іран ня хутка дагоніць Беларусь

Джадзьдзі кажа, што цалкам задаволены сваім жыцьцём у Беларусі. Асноўныя паказчыкі якасьці ягонага жыцьця — тэхнічныя і эканамічныя. Інтэрнэт у нас прынамсі ў дзесяць разоў хутчэйшы за іранскі. У Тэгеране, кажа ён, хуткасьць хатняга падключэньня на момант іхняга ад’езду вагалася ад 256 да 512 кб/с. Юрыдычная асоба магла мець хуткасьць да 2 Мб/с. У Беларусі ўжо тады хуткасьць была да 100 Мб/с.

Самым галоўным для іранскіх хлопцаў былі тэхналягічныя дасягненьні й эканамічныя ўмовы працы ў Беларусі

Самым галоўным для іранскіх хлопцаў былі тэхналягічныя дасягненьні й эканамічныя ўмовы працы ў Беларусі

«Каб заліць гульню на iStore, мне трэба было прачынацца раніцай, і гэта займала некалькі гадзін, — узгадвае Джадзьдзі. — Тут гэта займае менш за 10 хвілін».

Таксама ў Беларусі ёсьць Paypal, можна адпраўляць гульні на Google Play, Windows StoreMicrosoft, Xbox. Нічога з гэтага немагчыма ў Іране.

Жывучы ў Беларусі, Джадзьдзі можа нарэшце карыстацца тымі грашыма, якія зарабляе за сваю працу на замежныя кампаніі.

«Калі гэтага нехта ня ведаў, я ім скажу: Беларусь — вельмі разьвітая краіна, — кажа іранец. — Мне, замежніку, тут прасьцей адкрыць уласны бізнэс, чым у Іране».

Вялікіх спадзеваў на спыненьне санкцыяў ён ня мае. Па-першае, адмена — толькі першы крок. Невядома, калі пачнуць працаваць іншыя мэханізмы, калі банкі падключацца да міжнародных сыстэм. Па-другое, у Іране, кажа ён, усё вельмі павольна зьмяняецца.

«Нават калі дазволіць нешта раней забароненае, людзям страшна брацца за новыя рэчы. А тут, як толькі зьяўляецца новая магчымасьць, людзі ёй адразу карыстаюцца, не чакаюць нічога. У Беларусі я навучыўся прынцыпу, што калі табе трапляецца нешта лепшае, трэба гэтым адразу карыстацца».

Таму на радзіму ў хуткім часе Джадзьдзі не зьбіраецца. Нават калі Іран пачне разьвівацца, ён так хутка не дагоніць Беларусь.

«Тут увесь час умовы для бізнэсу паляпшаюцца. Напэўна, таму, што ў вас высокія падаткі і дзяржаве выгадна, каб людзі больш зараблялі».

Тут я свой, а ў Эўропе быў бы тэрарыстам

Цяпер у Тэгеране стаіць 40-градусная сьпёка. На пытаньне, ці ня холадна яму ў Беларусі, Джадзьдзі пярэчыць. Ён, маўляў, вельмі цяжка пераносіць лета ў Іране, а ў Беларусі адчувае сябе выдатна.

Беларускі холад для Джадзьдзі нашмат лепшы за іранскую сьпёку

Беларускі холад для Джадзьдзі нашмат лепшы за іранскую сьпёку

«У холад ты можаш надзець яшчэ адзін швэдар, а калі горача, ты хоць да трусоў разьдзенься — гэта не дапаможа. Але хіба толькі я такі. Многія іранцы мяне не разумеюць».

Да таго ж кандыцыянэры абыходзяцца даражэй за ацяпленьне. Карацей, клімат у Беларусі для яго проста ідэальны.

Не адчувае Джадзьдзі і ніякай варожасьці ад беларусаў. На працы ён адзіны замежнік, для якога расейская мова ня родная, але працуе на роўных з усімі.

Мясцовым усё адно, адкуль я. У мяне ніколі не было праблемаў з тым, што я замежнік

«Мясцовым усё адно, адкуль я. У мяне ніколі не было праблемаў з тым, што я замежнік. А вось у Эўропе і ЗША на ўладальнікаў іранскіх пашпартоў могуць глядзець як на тэрарыстаў».

Дэвальвацыі і абмежаваньні з валютай для Джадзьдзі — не навіна. Курс рыала, іранскай валюты, у два разы ніжэйшы за курс беларускага рубля. То бок 1 даляр у іх каштуе 29 тысяч рыалаў.

Аднак валютай да нядаўняга часу ніхто асабліва не цікавіўся. Усе разьлікі ў краіне праходзяць у рыалах. А калі нехта хоча ўкласьці грошы, то купляе золата ці нерухомасьць. Толькі апошнім часам, калі ў краіне павялічыліся пераддэвальвацыйныя настроі, іранцы пачалі скупляць валюту. Як калісьці і ў нас, часам яе вельмі складана набыць.

Усё, што забаронена рэлігійнымі ўладамі, усё адно можна набыць, кажа Джадзьдзі. Толькі гэта будзе небясьпечна і каштаваць будзе даражэй, чым у іншых краінах.

«Алькаголь у нас — як наркотыкі. Трэба ведаць чалавека, які табе прадасьць. Некаторыя робяць віно дома. Але мяне гэта не хвалюе, бо я не ўжываю алькаголю».

Джадзьдзі ня бачыць у Беларусі ніякіх абмежаваньняў, тут яго ўсё задавальняе

Джадзьдзі ня бачыць у Беларусі ніякіх абмежаваньняў, тут яго ўсё задавальняе

На пытаньне пра свабоду слова іранец пацьвярджае антырэйтынгі правоў чалавека і абмежаваньняў прэсы, якія ўзначальвае Іран. Але ён ня згодны, што з такімі самымі праблемамі сутыкаюцца беларусы.

«Беларусаў абмяжоўваюць? Я гэтага ўвогуле не адчуваю. У важных для мяне рэчах мяне тут ніяк не абмяжоўваюць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG