Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У транзытнай балканскай краіне Македоніі пераходы на межах з Грэцыяй і Сэрбіяй паралізавалі тысячы ўцекачоў з Сырыі ды іншых краін Блізкага Ўсходу. Каб уратавацца ды знайсьці зручнае месца для жыцьця, ахвяры рэлігійных ды грамадзянскіх войнаў спрабуюць перабрацца ў Эўропу. Ці цікавіць іх транзытная Беларусь?

Уцякач з Ірану Мерхдат Джамшыдыян 7 месяцаў адбыў у менскім ізалятары на Акрэсьціна, пакуль вырашалася пытаньне аб яго экстрадыцыі на радзіму. Улады ісламскай краіны абвінавачвалі Мерхдата Джамшыдыяна ў забойстве, якое было ўчынена ў Іране ў той час, калі іранец жыў ужо ў Беларусі. Беларускія ўлады разабраліся ў фальшаваньні справы і экстрадыцыю адмянілі. За час сядзеньня ў ізалятары Мерхдат пераканаўся — гэтая краіна зусім не прыдатная для транзытных мігрантаў, дзеля ўтрыманьня якіх няма ні грошай, ні нармальных умоваў.

Як ставяцца? Дрэнна, як да злачынцы. Псыхалягічна вельмі цяжка, і з харчаваньнем дрэнна. Даюць ежу 3 разы на дзень, але вельмі мала і дрэнная ежа. А харчоў у перадачы няма, толькі вада.

«Як ставяцца? Дрэнна, як да злачынцы. Псыхалягічна вельмі цяжка, і з харчаваньнем дрэнна. Даюць ежу 3 разы на дзень, але вельмі мала і дрэнная ежа. А харчоў у перадачы няма, толькі вада. Са мной сядзелі пакістанец, грузін, чалавек з Азэрбайджану, зь іншых краін. Звычайна рэгістрацыі няма, ці ехаў чалавек транзытам у Эўропу, але без дакумэнтаў. Разьбіраюцца. Кагосьці выпускалі, кагосьці прывозілі. Бывае, што да аднаго году сядзяць, пакуль нешта вырашыцца».

Як выйшаў з ізалятара, Мерхдат прайшоў інтэрвію для атрыманьня статусу ўцекача. Але гэтага статусу пакуль ня мае — і, адпаведна, ня можа працаўладкавацца. Між тым у яго сям’я, трое дзяцей, адзін зь іх захварэў на анкалёгію. Мерхдат кажа, што рэальнай дапамогі ад беларускіх дабрачынных арганізацыяў, як і ад міжнародных, пакуль не атрымаў, толькі абяцаньні.

«Вось толькі што з „Чырвонага крыжа“ прыехаў. Раней на Альшэўскага ў юрыдычнай канторы ААН мне сказалі, што 10 базавых дапамогі для арэнды кватэры павінны даць, яшчэ адзеньне і харчы. І вось я паехаў у „Чырвоны крыж“, а там сказалі, каб зьвярнуўся ў „Чырвоны крыж“ у Цэнтральным раёне па адзеньне і харчы, калі ёсьць, дык дадуць, а калі няма — пачакайце. Вось так — пакуль нічога».

Паводле начальніка дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксея Бягуна, асноўны паток мігрантаў у Беларусь складаюць уцекачы з Украіны. Іх прыехала летась каля 50 тысяч, і сёлета наплыў грамадзян Украіны, якія жадаюць жыць у Беларусі ці перачакаць тут цяжкія часы, не зьмяншаецца. Што да прыежджых зь іншых краін, дык тут у лідэрах таксама Расея, Казахстан, Туркмэнія, Кітай — адтуль у асноўным едуць спэцыялісты і рабочыя па працоўных кантрактах.

Што да ўцекачоў зь неэўрапейскіх краін, то, паводле МУС, у Беларусь прыяжджаюць у асноўным тыя, хто імкнецца трапіць у Эўропу транзытам, ня маючы шэнгенскай візы. Гэта выхадцы як з краін Азіі, гэтак і з Афрыкі, зь некаторых краін СНД, часьцей за ўсё з Грузіі. Але такіх няшмат. Прыкладам, за 5 год статус уцекача ў Беларусі атрымалі 30 грузінаў. Некалькі чалавек зьехалі, так і не атрымаўшы статусу.

У 2014 годзе ў Беларусі шмат пісалі пра ўцекача з Камэруну, які ў ізалятары на Акрэсьціна зьбіраўся скончыць жыцьцё самагубствам, бо яго ніхто не разумеў і не спрабаваў яму дапамагчы. Раней у мэдыі трапляла гісторыя дзяўчыны з Каморскіх астравоў, якая таксама амаль год правяла на Акрэсьціна сярод менскіх бамжоў і хуліганаў.

Наста Лойка

Наста Лойка

Падобнымі гісторыямі рэгулярна займаецца праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка: спрабуе дапамагчы, зрабіць агалоску. На маё пытаньне, чаму Беларусь не прываблівае вялікай колькасьці ўцекачоў з Усходу, праваабаронца кажа пра некалькі фактараў. Гэта ня толькі тое, што для сырыйскіх ды іншых бежанцаў з Блізкага Ўсходу Беларусь стаіць далёка ўбаку ад традыцыйнага маршруту ў Эўропу праз Турцыю. Таксама істотна, што ў Беларусі амаль няма ўмоваў, каб утрымліваць транзытных уцекачоў, і стаўленьне да іх дзяржавы хутчэй варожае, чым цярплівае.

«У Беларусі вельмі шмат міграцыйных абмежаваньняў, пра якія ня ведаюць замежнікі, якія сюды трапляюць, бо іх ніхто не інфармуе. Вельмі шмат падставаў, каб затрымаць тут замежніка і трымаць яго ў ізалятары як адміністрацыйнага парушальніка, бо іншых месцаў для такіх людзей не прадугледжана.

Уявіце — вось калі гэта не ўцякач, а проста чалавек едзе з краіны А ў краіну Б і ў Беларусі губляе пашпарт. Звычайна ў такой сытуацыі чалавек ідзе ў сваю амбасаду. Але, прыкладам, пашпарт згубіў грамадзянін Узбэкістану. Бліжэйшыя амбасады гэтай краіны ёсьць у Кіеве і Маскве.

Што робяць нашы міліцыянты з такім чалавекам, калі затрымліваюць яго на вуліцы? Зьмяшчаюць у цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна і накіроўваюць на яго запыт у амбасаду, дзе павінны падрыхтаваць на яго даведку.

Але часам гэтая працэдура займае некалькі месяцаў, і чалавек гэты час сядзіць на Акрэсьціна толькі таму, што ён згубіў пашпарт. То бок гэта такая абсурдная норма, з-за якой чалавека фактычна робяць парушальнікам. Альбо ў нас абсалютна з надуманых прычын не даюць статусу ўцекача.

Да таго ж ня так шмат магчымасьцяў для аказаньня юрыдычнай і гуманітарнай дапамогі мігрантам, аказаньня сацыяльнай падтрымкі іх сем’ям, малым дзецям, для іх няма нармальных моўных курсаў і ўмоў для працоўнай адаптацыі. То бок існуе вялікі-вялікі сьпіс праблемаў, зь якімі сутыкаюцца мігранты ў Беларусі. На жаль, на маю думку, дзяржаўныя арганізацыі, якія працуюць у гэтай галіне, зь імі не спраўляюцца і не ахопліваюць гэтых праблемаў».

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Намесьнік кіраўніка «Вясны», праваабаронца Валянцін Стэфановіч мяркуе, што ўрад Беларусі марудзіць з паляпшэньнем заканадаўчай і матэрыяльнай базы для прыёму ў краіне мігрантаў.

«У Эўракамісіі кажуць, што там абмяркоўваюць падпісаньне візавага пагадненьня зь Беларусьсю, і другім пытаньнем разам зь візамі стаіць пытаньне пра рэадмісію. То бок разам зь лібэралізацыяй візавага рэжыму павінна быць пагадненьне аб перанакіраваньні мігрантаў з Эўропы назад у Беларусь, калі яны трапілі туды празь Беларусь. Але тут умоваў няма ані для ўтрыманьня гэтых асобаў, ані для належнага зь імі абыходжаньня. Улады кажуць, што няма на гэта грошай. Дарэчы, гэта можа быць пытаньнем супрацы з Эўразьвязам — хай бы чыноўнікі папрасілі грошай у Эўразьвязу на гэтыя мэты».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG