Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь віцебскіх прадпрымальнікаў патрабуюць грошы на помнік Аляксандру Неўскаму


Ад імя адміністрацыі Кастрычніцкага раёну на кірмашах Віцебска распаўсюджваюць пісьмовае патрабаваньне — паперкі з рэквізытамі банкаўскага рахунку, на які трэба пералічыць «сродкі ў суме, ня меншай за 50 тысяч рублёў».

Зразумець гэта як просьбу пра дабрачыннае ахвяраваньне прадпрымальнікі ня могуць. Фраза пра тое, што «грошы прапануецца пералічыць на працягу пяці дзён» гучыць як загад. Тым болей, што дату пералічэньня і нумар квітанцыі трэба паведаміць свайму падатковаму інспэктару.

Энтузіязму ў прадпрымальнікаў такі зварот адміністрацыі Кастрычніцкага раёну ня выклікаў. Найперш таму, што далёка не ўсё ставяцца прыхільна да ідэі ўсталяваць помнік расейскаму князю, жыцьцё якога зь Віцебскам амаль што не зьвязана. Паводле легендаў, ён нібыта браўся шлюбам у віцебскай Дабравешчанскай царкве, але дакумэнтальна гэта не пацьверджана. Іншых «прывязак» да гораду ў гэтай асобы няма.

У 2009 годзе гарвыканкам вырашыў усталяваць у Віцебску адразу тры помнікі: князю Альгерду, легендарнай княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск, і Аляксандру Неўскаму. Быў праведзены конкурс праектаў будучых помнікаў і вызначаны пераможцы. Што да помніка Аляксандру Неўскаму, то журы выказала шэраг крытычных заўвагаў, і ўрэшце помнік быў перароблены іншым мастацкім калектывам. Аўтарамі помніка, на які заклікаюць зьбіраць грошы, зьяўляюцца віцебскія скульптары Аляксандар Гвозьдзікаў ды Іван Казак, а таксама Яўген Колчаў зь Менску.

Пляцоўка пад помнік была падрыхтавана яшчэ ў 2011 годзе: яна месьціцца на плошчы Тысячагодзьдзя Віцебску, і пакуль што выконвае ролю клюмбы.

У ліпені гэтага году было абвешчана, што помнік будуць узводзіць за пазабюджэтныя сродкі. У газэце «Віцьбічы» быў надрукаваны нумар адмыслова створанага рахунку. Цяпер на яго адкрыта змушаюць пералічваць грошы.

Паводле ўмоваў тэндэру, абвешчанага ЖКГ, помнік мусіць быць выраблены і ўсталяваны да траўня 2016 году. Кошт стварэньня і ўстаноўкі помніка — 3 396 173 532 рублёў.

Гарадзкія ўлады ўжо працяглы час спрабуюць давесьці гараджанам, што гэты помнік патрэбны, а асоба Аляксандра Неўскага вартая ўшанаваньня. Гэтаму быў прысьвечаны не адзін артыкул у дзяржаўнай прэсе, а ў кнігарнях прадаецца кніга «Віцебская галгофа», выдадзеная ў Смаленску ў 2012 годзе. Яе аўтар Анатоль Шлыкаў — «выканаўца абавязкаў панамара ў храме сьвятой роўнаапостальнай княгіні Алены» — так ён сам прадстаўляецца чытачам. Спадар Шлыкаў піша тое, што «позіркі беларусаў увесь час накіраваны на Ўсход», што «расейцы і беларусы вымушаны шэсьць стагодзьдзяў жыць у розных дзяржавах, але не забыліся, што выйшлі з адной калыскі і зьяўляюцца братамі», і што помнік Аляксандру Неўскаму дапаможа ў «братнім узьяднаньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG