Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: Бюст Суворава ў рэстарацыі, а пастамэнт пад помнік Аляксандру Неўскаму стаў клюмбай


Бюст Аляксандра Суворава на віцебскай пешаходнай вуліцы
Бюст Аляксандра Суворава на віцебскай пешаходнай вуліцы

Бадай што самы адыёзны віцебскі помнік — гіпсавы бюст Суворава, які ня мае вялікай мастацкай каштоўнасьці, але захоўваецца самым дбайным чынам.

У 1952 годзе гіпсавы бюст расейскага палкаводца ўсталявалі на аднайменнай вуліцы каля ваенкамату. Імя скульптара гісторыя не захавала, але ягоны твор стаў знакамітым дзякуючы вядомаму апазыцыянэру Ўладзімеру Плешчанку, колішняму старшыні суполкі КХП БНФ, цяпер ужо нябожчыку.

У 1998 годзе спадара Плешчанку абвінавацілі ў крадзяжы бюста, які аднойчы зьнік з пастамэнту і празь некалькі дзён быў знойдзены ў адным з суседніх двароў.

Уладзімер Плешчанка стаў падазраваным у злачынстве найперш таму, што нэгатыўна выказваўся на адрас расейскага военачальніка, якога лічыў захопнікам і катам. Пакуль сьледзтва высьвятляла, як хворы на сэрца чалавек мог звалачы з пастамэнту шматкіляграмовы бюст, апазыцыянэр амаль 7 месяцаў правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. Суд так і ня змог даказаць ягоную віну, і Плешчанку вызвалілі.

У 2007 годзе гарадзкі ваенкамат перавялі ў іншае месца, а вызвалены будынак набыла прыватная фірма. Але бюст Суворава застаўся на ранейшым месцы, згадвае паплечнік спадара Плешчанкі, апазыцыянэр Барыс Хамайда:

Барыс Хамайда
Барыс Хамайда

«Аднавілі гэты бюст — нос зьбіты ў яго быў. Дык яго пафарбавалі, нос падляпілі.. І там, дзе быў гарадзкі ваенкамат, цяпер зрабілі рэстарацыю „Графъ Суворовъ“. Як на маю думку, дык гэта плявок у твар усім беларусам! Бо Сувораў для беларусаў — кат! Колькі людзей ён тут зьнішчыў! І не павінна тут быць ні помніка, ні вуліцы імя Суворава. Гэта ўсё адно як вуліцу ў гонар Адольфа Гітлера назваць!»

Непадалёк ад вуліцы Суворава, таксама ў гістарычным цэнтры, каля Ўсьпенскага сабора, месьціцца яшчэ адзін віцебскі помнік, усталяваньне якога гараджане сустрэлі неадназначна. Гэта помнік былому патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II. Яго паставілі ў красавіку 2013 году, прыкладна ў тым самым месцы, дзе ў 1623 годзе быў закатаваны Язафат Кунцэвіч, вядомы рэлігійны і палітычны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Гэтага полацкага грэка-каталіцкага арцыбіскупа забілі праваслаўныя змоўшчыкі. Забілі жорстка: расьсеклі галаву, а потым прывязалі да ног і шыі камяні ды скінулі ў Дзьвіну. Пра Кунцэвіча ў Віцебску ведаюць, а якое дачыненьне да горада мае функцыянэр расейскай праваслаўнай царквы — пытаньне, на якое няма адказу.

Помнік Аляксію II узьвялі ў Віцебску, не спытаўшыся ў гараджан
Помнік Аляксію II узьвялі ў Віцебску, не спытаўшыся ў гараджан

Зрэшты, меркаваньнямі гараджан на гэты конт ніхто не цікавіўся. Затое крыху раней, у 2009 годзе, віцебскія ўлады ініцыявалі ўсталяваньне ў горадзе помніка расейскаму «сьвятому дабравернаму князю Аляксандру Неўскаму». Тады ж было прапанавана ўсталяваць помнікі вялікаму князю Альгерду і княгіні Вользе, якая нібыта заснавала Віцебск, хоць гісторыкі і абвяргаюць гэты факт. Былі праведзены творчыя конкурсы і арганізаваны грамадзкія абмеркаваньні.

Помнік князю Альгерду празь некалькі гадоў вострых спрэчак усё-ткі адкрылі. А пра астатнія два, супраць якіх гараджане актыўна пратэставалі, нібыта і забыліся. Праўда, летась пра помнік Аляксандру Неўскаму загаварылі зноў. Нібыта ён ужо гатовы, і ўсе чакаюць толькі ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміў тады журналістам галоўны архітэктар гораду Віталь Дубік.

Сёньня спадар Дубік ужо не займае гэтую пасаду, аднак напамін пра неўсталяваны помнік у Віцебску застаўся. Пад яго ўжо зрабілі пастамэнт на пляцоўцы каля Дабравешчанскай царквы — тут Аляксандар Неўскі, паводле некаторых зьвестак, пабраўся шлюбам з полацкай княжной Параскевіяй (Аляксандрай). Побач усталявана і маленькая драўляная царква ў гонар Аляксандра Неўскага. А пастамэнт цяпер выкарыстоўваюць як клюмбу.

Аднак нагадаць пра расейскі ўплыў на беларускую гісторыю можна ня толькі праз помнікі. Не скульптурнымі кампазыцыямі, а «жывымі карцінамі» паспрабавалі зрабіць гэта прадстаўнікі Дубровенскага раёну, калі прывезьлі на «Славянскі базар» касьцюмаваных гістарычных пэрсанажаў. Сярод іх быў і князь Грыгоры Пацёмкін, які ў 1772 годзе перакупіў землі Дубровеншчыны і пабудаваў там гадзіньнікавую і пазумэнтную фабрыкі.

Але падчас «Славянскага базару» ў 2011 годзе гістарычныя акцэнты неяк перамясьціліся: на так званым «Дубровенскім падворку» мінакам прапаноўвала сфатаграфавацца разам дзіўная пара — дама ў крыналіне і дзядзечка ў залатым камзоле. «Гэта я, Кацярына Вялікая, а гэта палюбоўнік мой князь Пацёмкін!», — зьвярталіся яны да мінакоў.

«Кацярына ІІ» і «граф Пацёмкін» з Дуброўна
«Кацярына ІІ» і «граф Пацёмкін» з Дуброўна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG