Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы палітвязень, праваабаронца Андрэй Бандарэнка ў дзень выбараў сядзеў у карцэры


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі дапамогі вязьням «Плятформа» Андрэй Бандарэнка 11 кастрычніка быў у карцэры (ШЫЗА), як і папярэднія 6 дзён. Пра гэта Андрэй Бандарэнка паведаміў свайму бацьку Валеру Бандарэнку, патэлефанаваўшы са Шклоўскай калёніі.

«Цяпер сядзіць у ПКТ — памяшканьні камэрнага тыпу, адкуль дазволілі пазваніць. А да таго быў у ШЫЗА, прычым два разы запар. Ён з 5 кастрычніка выйшаў у атрад, але там супроць яго працягваюць правакацыі, якія падтрымлівае адміністрацыя, што нібыта ў яго нізкі статус. Ён пратэстуе, не пагаджаецца і за гэта трапляе ў карцэр. Сказаў, ідзе да таго, што яму альбо дадуць „крытую“ турму як злоснаму парушальніку, альбо ўвогуле дададуць тэрмін. Але не здаецца, працягвае пратэставаць», — паведаміў Свабодзе Валер Бандарэнка.

У жніўні Андрэй Бандарэнка прасіў бацьку перадаць яму цёплыя рэчы і боты, бо разьлічваў, што яму дадуць магчымасьць працаваць на тэрыторыі калёніі. Ці атрымаў вязень працу?

«Працу не далі. Андрэй напісаў, што ўжо ня трэба дасылаць некаторыя рэчы, бо застаецца ў бараку. Прычым яго яшчэ і пазбавілі прадуктовай перадачы — цяпер ужо праз харчы вырашылі пакараць».

У верасьні Андрэй Бандарэнка зьвярнуўся да грамадзкасьці з просьбай падтрымаць яго ў змаганьні за свае правы. Сам Андрэй Бандарэнка накіраваў некалькі скаргаў на дзеяньні адміністрацыі Аршанскай калёніі ў пракуратуру і Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС. Таксама вядома, што адвакат праваабаронцы рыхтуе ад ягонага імя скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.

Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка ў 2014 годзе быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Сваю віну Бандарэнка прызнаў часткова, пры гэтым выказаў меркаваньне, што ён стаў ахвярай правакацыі за праваабарончую дзейнасьць. Актывісты грамадзкай ініцыятывы «За волю» і руху салідарнасьці «Разам» заклікаюць прызнаць Андрэя Бандарэнку палітвязьнем, за гэта зьбіраюць подпісы. Ужо падпісаліся некалькі дзясяткаў грамадзянаў, у тым ліку апазыцыйныя палітыкі Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык ды іншыя.

«Андрэй разьлічваў на амністыю, але зь яго наўмысна ў калёніі зрабілі парушальніка рэжыму — двойчы нібыта знайшлі ў камэры пыл, толькі каб залічыць яму спагнаньні. Цяпер на амністыю спадзявацца не выпадае. А на што спадзявацца яшчэ, і ня ведаю», — кажа бацька вязьня Валер Бандарэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG