Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцу Андрэю Бандарэнку адмовілі ў амністыі з-за пылу ў камэры


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота
Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Былому кіраўніку праваабарончай установы «Плятформа інавэйшн» Андрэю Бандарэнку адмовілі ў амністыі на той падставе, што ён лічыцца злосным парушальнікам турэмнага рэжыму.

Парушэньні, з-за якіх Андрэй Бандарэнка быў залічаны ў злосныя парушальнікі, яму абскардзіць не ўдалося. Пра гэта Андрэй Бандарэнка паведаміў бацьку падчас учорашняга тэлефанаваньня.

«Пачну з таго, што званіць яму больш за 2 месяцы не дазвалялі і ён мусіў выставіць ультыматум: альбо даяце пазваніць бацьку, альбо пачынаю галадоўку. Дазволілі. Апавёў, што скардзіўся ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці і ў абласную ўправу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС, спрабаваў аспрэчыць тыя парушэньні, з-за якіх ён лічыцца злосным парушальнікам і ня можа разьлічваць на амністыю. Усе парушэньні былі атрыманыя напярэдадні прыняцьця закону аб амністыі. Двойчы да яго ў камэру ўрываліся ахоўнікі і нібыта знаходзілі ў камэры пыл, і за гэта запісвалі спагнаньні. А трэцяе парушэньне было такое. Разам з атрадам хадзіў у царкву. Усе 50 чалавек крыху спазьніліся вярнуцца — з аб’ектыўнай прычыны. Але чамусьці аднаго з усіх пакаралі, і гэтым адным аказаўся Андрэй. Я таксама зьвяртаўся ва ўправу Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, прасіў праверыць, але — кажуць, што ўсё пацьвярджаецца. Такім чынам, будзе сядзець далей, ніякай амністыі яму ня будзе», — паведаміў карэспандэнту Свабоды Валер Бандарэнка.

Былы палітвязень і кіраўнік праваабарончай установы «Плятформа інавэйшн» Андрэй Бандарэнка летась быў асуджаны на 3 гады за злоснае хуліганства. У судзе Андрэй Бандарэнка прызнаў віну часткова і ня выключыў, што абвінавачаньне было «арганізавана спэцслужбамі». Некаторыя беларускія праваабаронцы, якія прысутнічалі на працэсе над Бандарэнкам, кажуць, што частка доказаў віны Бандарэнкі выглядае сумнеўна. Між тым праваабаронцы зь «Вясны» пра пакараньне, вынесенае Андрэю Бандарэнку, заявілі, што яно адпавядае практыцы прысудаў за злоснае хуліганства, якая склалася ў краіне. Падобную пазыцыю адносна справы Бандарэнкі заняў і Беларускі Хэльсынскі камітэт.

Андрэй Бандарэнка спачатку адбываў тэрмін у бабруйскай калёніі, дзе ўжо сядзеў у 2009–2010 гадах паводле прысуду па эканамічных злачынствах, які быў адменены. Гэтым разам у бабруйскай калёніі ў яго склаліся дрэнныя адносіны ня толькі з адміністрацыяй, але і з часткай вязьняў. Паводле Андрэя Бандарэнкі, з-за правакацыі агентаў адміністрацыі іншыя вязьні спачатку залічылі яго ў нефармальную катэгорыю зь нізкім статусам. Ці захаваўся за Андрэем Бандарэнкам «дрэнны» статус і ў шклоўскай калёніі, куды яго перавялі ў 2015 годзе? Валер Бандарэнка падзяліўся сваімі зьвесткамі пра сытуацыю.

«Падчас доўгатэрміновага спатканьня Андрэй распавёў, што стаўленьне да яго ў бабруйскай калёніі пачало паступова мяняцца. Частка вязьняў, якія сядзяць у калёніі даўно і яго добра ведалі яшчэ па першай адседцы, заявілі, што не будуць зьвяртаць увагу на гэты статус, бо лічаць, што гэта справакавана адміністрацыяй калёніі. Але тыя вязьні, каму „сьвяціла“ неўзабаве выйсьці з калёніі па амністыі ці ўмоўна-датэрмінова, не пярэчылі. У выніку пачаліся спрэчкі паміж вязьнямі з-за стаўленьня да Андрэя. Вось тады адміністрацыя і вырашыла хадайнічаць, каб Андрэя перавялі ў іншую калёнію. А там, у шклоўскай калёніі, сына адразу зьмясьцілі ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу, прычым спачатку трымалі ў нядрэннай камэры, а потым „наклалі“ на яго парушэньняў, залічылі ў „злосьнікі“ і перавялі ў самую дрэнную камэру. Гэта тая камэра, дзе на пачатку году сядзеў Мікалай Статкевіч. Там мала дзённага сьвятла, а ўвечары слабое электрычнае асьвятленьне, у выніку там немагчыма чытаць. Колькі Андрэй ні скардзіўся, нічога не зьмянілася. Ён сядзіць там адзін, ні з кім не кантактуе. Фактычна гэта турма ў калёніі, прычым адзіночка».

Сказаў, што безь ягонага ўдзелу спыніць дзейнасьць «Плятформы» немагчыма

У ліпені стала вядома, што праваабарончая ўстанова «Плятформа інавэйшн», якую да арышту на пачатку 2014 году ўзначальваў Андрэй Бандарэнка, спыніла дзейнасьць і афіцыйна закрываецца. Замест яе былыя калегі Андрэя Бандарэнкі вырашылі стварыць новую арганізацыю дапамогі вязьням пад назвай «Рэгіён 119». Ці ведае Андрэй Бандарэнка пра лёс арганізацыі, якую ствараў больш як 3 гады таму? Бацька былога палітвязьня сказаў, што сыну гэта вядома, але ён зьдзіўляецца: «Сказаў, што безь ягонага ўдзелу спыніць дзейнасьць арганізацыі немагчыма», — сказаў Валер Бандарэнка. Паводле Валера Бандарэнкі, ягоны сын дасылаў у газэту «Народная Воля» адказ на выказваньні былых калегаў у свой адрас, але гэты ліст да адрасата не дайшоў.

«Паведаміў, што напісаў ліст на больш як 30 старонках, але, відаць, цэнзура не прапусьціла, бо зьвестак пра ліст няма. Увогуле ад яго лісты ідуць надзвычай дрэнна, большасьць не даходзіць», — паведаміў бацька Андрэя Бандарэнкі.

У 2008 годзе прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка спрабаваў абрацца ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, але ня выграў выбараў і пачаў аспрэчваць вынікі галасаваньня. Як ён лічыў, з-за гэтага супроць яго сфабрыкавалі крымінальную справу і асудзілі ў 2009 годзе на 7 гадоў зьняволеньня нібыта за эканамічныя злачынствы. Частка апазыцыі і праваабаронцаў прызналі Андрэя Бандарэнку палітвязьнем і дамагаліся ягонага вызваленьня. Пасьля вызваленьня ў 2010 годзе Андрэй Бандарэнка заснаваў праваабарончую ўстанову «Плятформа» і заняўся актыўнай праваабарончай дзейнасьцю. Падчас ягонага кіраваньня «Плятформай», а потым «Плятформай інавэйшн» было абнародавана шмат гучных гісторыяў пра катаваньне міліцыянтамі затрыманых і вязьняў калёніяў, іншыя службовыя злачынствы з боку міліцыі ды сьледчых. У 2014 годзе ў судзе Андрэй Бандарэнка казаў, што яму маглі адпомсьціць за ягоную прынцыповасьць, сфабрыкаваўшы супроць яго крымінальную справу аб злосным хуліганстве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG