Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гімназіі нобэлеўскага ляўрэата галасуюць у асноўным супрацоўнікі КДБ


На менскім 20 участку, што ў 42 гімназіі, якую заканчваў нобэлеўскі ляўрэат Жарэс Алфёраў, датэрмінова галасуюць у асноўным супрацоўнікі КДБ.

Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі назіральнікі ад АГП Аляксандар Мурыгін і ад руху «За свабоду» Артур Бальшоў. Паводле назіральнікаў, супрацоўнікі КДБ не пражываюць на тэрыторыі выбарчага ўчастку і галасуюць пасьля прад’яўленьня службовых даведак.

«Мы ня бачылі, каб быў сьпіс для галасаваньня гэтых людзей, і не выключаем дзьве вэрсіі. Што яны потым пойдуць галасаваць зноў на ўчастках па месцы свайго жыхарства. А другое, што гэта вялікая група камандзіровачных, якіх прывезьлі ў Менск на час выбараў, і вось яны зараз пайшлі галасаваць датэрмінова», — сказаў Артур Бальшоў і падзяліўся вынікамі назіраньня за два мінулыя дні.

Паводле назіральніка, 6 кастрычніка з 50 выбарцаў толькі 10 жылі непасрэдна на ўчастку, а астатнія галасавалі паводле даведак з КДБ. У другі дзень датэрміновага галасаваньня, 7 кастрычніка, з 93 тых, хто прагаласаваў, было толькі 17 жыхароў раёну, падлічыў назіральнік.

Артур Бальшоў

Артур Бальшоў

«Сёньня на 12 гадзіну дня было 11 жыхароў і 6 супрацоўнікаў КДБ па даведках. То бок усяго пакуль толькі кожны чацьвёрты з тых, хто галасуе, жыве тут», — падсумаваў назіральнік Аляксандар Мурыгін.

Старшыня выбарчай камісіі Галіна Жандарава ня стала вызначаць, якую частку ад усіх выбарцаў, якія прагаласавалі датэрмінова, складаюць супрацоўнікі КДБ.

Назіральнік Аляксандар Мурыгін

Назіральнік Аляксандар Мурыгін

Спадарыня Жандарава пацьвердзіла, што яны галасуюць паводле даведак, і запэўніла, што ў яе ёсьць папярэдні сьпіс гэтых супрацоўнікаў, але паказаць яго яна ня можа. «Гэта канфідэнцыйны сьпіс, такое ведамства, самі разумееце», — сказала Галіна Жандарава. У прысутнасьці карэспандэнта Свабоды старшыня камісіі паказала сьпісы выбарцаў назіральніку Аляксандру Мурыгіну, які раней паскардзіўся, што сьпісы выбарцаў ад яго хаваюць. Галіна Жандарава дазволіла журналісту здымаць на выбарчым участку, у тым ліку дазволіла сфатаграфаваць сэйф, у які хаваюць выбарчую скрыню ў перапынку і на ноч.

«Аднак на ноч пакой для галасаваньня не апячатваюць. Яшчэ некаторыя выбарцы называюць дамы, якіх чамусьці няма ў сьпісе адрасоў участку», — дадаў Аляксандар Мурыгін.

Што стала прычынай датэрміновага галасаваньня на 20 участку больш як 100 супрацоўнікаў КДБ?

Кіраўнік цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Дзьмітры Пабяржын гэтак пракамэнтаваў вэрсіі назіральнікаў з 20 участку.

«Меркаваць можа кожны што заўгодна. Як я разумею, галасаваньне на гэтым участку супрацоўнікаў КДБ ня ёсьць парушэньнем закону, і ў кожнага супрацоўніка КДБ можа быць свая прычына прагаласаваць датэрмінова. Што нібыта супрацоўнікі КДБ будуць парушаць закон, галасуючы ў некалькіх месцах, гэта з пункту гледжаньня закону немагчыма. З улікам таго, што мы стаім на ахове закону, паверце, гэтага рабіць ніхто з супрацоўнікаў КДБ ня будзе. А што да камандзіровачных, гэтую прыдумку пакідаю без камэнтару».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG