Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы фіксуюць прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні і ўмяшаньне ў працу камісіяў


Студэнты ідуць на датэрміновае галасаваньне

Студэнты ідуць на датэрміновае галасаваньне

Праваабаронцы канстатуюць, што цяперашнія прэзыдэнцкія выбары амаль не адрозьніваюцца ад мінулых па ўзроўні і характары парушэньняў.

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

«Ніякіх адрозьненьняў, па вялікім рахунку, няма. У прынцыпе, сама практыка правядзеньня датэрміновага галасаваньня абсалютна не зьмянілася. Усе тыя тэндэнцыі, якія мы назіралі раней, мы назіраем і цяпер», — кажа ён.

Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Паводле слоў Стэфановіча, ёсьць два асноўныя парушэньні, якія фіксуюць назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» — гэта прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаваньні і ўмяшаньне пабочных асобаў у працу УВК.

«Ёсьць падставы казаць, што арганізавана прымусовае галасаваньне. Фіксуюцца выпадкі, калі супрацоўнікі прадпрыемстваў просяць даведкі пра тое, што яны прагаласавалі, каб прадставіць па месцы працы, калі арганізавана куратары прыводзяць студэнтаў і калі выкладчыкі ўнівэрсытэтаў адначасова зьяўляюцца і сябрамі камісіяў і глядзяць, якая група павінна прыйсьці. Вот такія парушэньні ў нас адзначылі 14% назіральнікаў са 162 участкаў, і 14% адзначылі, што былі сьведкамі ўмяшаньня пабочных асобаў у працу УВК. Гэта, зноў жа, могуць быць прадстаўнікі навучальных устаноў, якія прыходзяць, зьвяраюць сьпісы і выпісваюць тых, хто не прагаласаваў. Гэта, бадай, самыя распаўсюджаныя парушэньні», — паведаміў ён.

Стэфановіч адзначае, што скардзяцца на прымус да ўдзелу ў галасаваньні людзі пераважна ананімна, а афіцыйныя скаргі яны пісаць баяцца.

Сумняюся, што людзі будуць скардзіцца. Яна не давяраюць праваахоўным органам, ня вераць, што яны абароняць ад самавольства кіраўніцтва па месцы працы.

«Паводле закону людзі маюць права зьвярнуцца ў органы пракуратуры, бо згодна з заканадаўствам у нас выбары павінны быць свабоднымі: кожны выбаршчык сам вырашае, хадзіць яму на выбары ці не. Але я сумняюся, што гэтыя людзі будуць скардзіцца. Гэта сьведчыць пра тое, што людзі не давяраюць праваахоўным органам, ня вераць, што яны абароняць ад самавольства кіраўніцтва па месцы працы. Ну, людзі думаюць, што ўсё адно гэтае начальства выйдзе сухім з вады, а мне толькі будзе горш», — кажа праваабаронца.

Розьніца па ўзроўні яўкі паміж дадзенымі выбарчых камісіяў і дадзенымі назіральнікаў ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» складае 4,8%. Гэта больш, чым было на папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах, але казаць пра масавае і маштабнае завышэньне ўладамі яўкі ўсё ж такі нельга, падкрэсьлівае Стэфановіч.

«Розьніца на сёньня складае 4,8% са 162 выбарчых участкаў. Паводле правілаў рэпрэзэнтатыўнай выбаркі цяжка сказаць, што гэта можна распаўсюдзіць на ўсю тэрыторыю краіны, але пэўныя тэндэнцыі гэта адлюстроўвае. Паглядзім, што будзе ў пятніцу-суботу. Бо падчас парлямэнцкіх выбараў там якраз у апошнія дні датэрміновага галасаваньня фіксавалася вялікае несупадзеньне — да 20%. Гэта была істотна, і там мы сапраўды назіралі тэндэнцыю, што яўка такім чынам накручваецца. Цяпер 4,8% — гэта ня надта сур’ёзна. Хоць ёсьць участкі, дзе сапраўды гэтая розьніца вялікая, але зь якіх прычын там такое адбываецца — цяжка сказаць», — кажа намесьнік старшыні ПЦ «Вясна».

Паводле дадзеных Цэнтравыбаркаму, за два дні датэрміновага галасаваньня на выбарчыя ўчасткі прыйшлі 10,94% выбарцаў. На выбарах 2010 году за першыя два дні датэрмінова прагаласавалі 7,2 адсотка выбарцаў.

XS
SM
MD
LG