Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта парушэньні ў рэжыме онлайн!» — назіральніка пазбавілі акрэдытацыі за відэатрансьляцыю з выбарчага ўчастку


Пётра Маркелаў

Пётра Маркелаў

Упершыню ў гісторыі Беларусі вялася жывая трансьляцыя выбараў. Журналісты прыйшлі, каб паглядзець, у якіх умовах праходзяць здымкі. Аднак сталі сьведкамі таго, як выбарчая камісія пазбавіла назіральніка акрэдытацыі.

Такога ніхто яшчэ не рабіў

Чатыры назіральнікі з ініцыятывы #87працэнтаў другі дзень вядуць онлайн-трансьляцыю з выбарчага ўчастку № 10, што ў Менску, у завулку Калініна, 10. Навіны з участку яны публікуюць у твітэры і фэйсбуку.

«Такога ў нас не рабілі, — расказаў Пётра Маркелаў з ініцыятывы #87працэнтаў. — Гэта першая ў гісторыі Беларусі онлайн-трансьляцыя выбараў. У суседніх краінах, нават у Расеі, вядуцца трансьляцыі».

20-гадовы Пётра Маркелаў ужо мае палітычны досьвед. Увесну 2014 году ён удзельнічаў у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. У гарадзкі савет ён тады не прайшоў. Сёлета яго выключылі з БДУ. Хлопец сьцьвярджае, што за актыўную грамадзкую дзейнасьць. Хоць афіцыйнай падставай стаў пропуск заняткаў.

Першапачаткова назіраньне за прэзыдэнцкімі выбарамі хлопцы хацелі зрабіць кругласуткавым. Але паколькі іх сабралася толькі чацьвёра, вырашылі весьці начныя дзяжурствы непасрэдна перад асноўным днём галасаваньня: зь пятніцы на суботу й з суботы на нядзелю.

Зрэшты, нават дзённыя трансьляцыі сталі прычынай спрэчак з выбарчай камісіяй ад першага дня. Як кажа Маркелаў, ён хоча здымаць не саміх сябраў камісіі, а паставіць камэру насупраць урнаў для галасаваньня.

«Нам важны сам факт трансьляцыі — гэта ж празрыстасьць».

Выгналі на калідор, адключылі ад электрычнасьці

Участак для датэрміновага галасаваньня — у такім малым пакоі, што месца для назіральнікаў проста няма. А з калідора, дзе яны вымушаны сядзець, ня бачна скрыні для галасаваньня. Але ўжо ў той час, калі пісаўся артыкул, Маркелаву патэлефанавалі з ЦВК і сказалі, што ўчастак для галасаваньня перанясуць у актавую залю.

Калі сябры выбарчай камісіі сталі абурацца, што іх здымаюць, яны адключылі ад разэткі ноўтбук, зь якога вялася відэатрансьляцыя.

«У законе не сказана, што трансьляцыя забараняецца, — кажа Маркелаў. — У іх ёсьць спэцыяльныя брашуры, дзе напісана, што здымаць магчыма толькі з дазволу камісіі. Але гэта не заканадаўчыя акты! Там жа не напісана, што назіральнікам можна дыхаць. Дык нам цяпер пытацца ў камісіі, ці можна?»

Спрэчкі зь сябрамі камісіі працягваліся аж да паловы на другую дня. Калі на ўчастак прыйшлі журналісты, яны трапілі на пасяджэньне, дзе абмяркоўваліся парушэньні назіральнікаў. Старшыня Пётра Моргун зачытаў сем актаў, складзеных на Пятра Маркелава.

Асноўныя парушэньні тычыліся відэаздымак, якія вяліся без дазволу старшыні камісіі. Таксама назіральнікаў абвінавачвалі ў тым, што яны перашкаджалі працы камісіі «сваімі рэкамэндацыямі», а пра Пятра Маркелава напісалі, што «пры адкрыцьці ўчастку для галасаваньня пакінуў каля сэйфа заплечнік і фотаапарат». Пасьля гэтага камісія прагаласавала за пазбаўленьне назіральніка акрэдытацыі.

«Гэта дзіцячы садок», — сказаў адзін зь сябраў камісіі, абмяркоўваючы працу назіральнікаў.

Пётра Моргун

Пётра Моргун

Старшыня камісіі сказаў, што ўжо 30 год удзельнічае ў выбарах і ніякіх канфліктаў з назіральнікамі ў яго не было.

«Яны цудоўна ведаюць, як я зь імі ляканічна размаўляў, — распавёў Моргун. — Але мяне ня чулі, усё рабілася, каб вывесьці мяне з раўнавагі. Прасіў, вось мае сябры камісіі былі супраць (відэаздымак. — РС)».

Будзе больш здымак — больш празрыстымі будуць выбары

Маркелаў кажа, што ўвесь час яны становяцца сьведкамі парушэньняў онлайн. На іхнія заўвагі сябры камісіі прапануюць назіральнікам пісаць скаргі. Таксама пасьля здымак камісіі ў Маркелава забіралі фотаапарат. Вярнулі толькі пасьля таго, як ён выклікаў міліцыю.

«Экшн адбываецца амаль кожную хвіліну! — сказаў Маркелаў. — Яны парушаюць у рэжыме онлайн. Ёсьць назіральніца, якая замест таго, каб назіраць за выбарамі, назірае за намі. Піша на нас заявы, скаргі, акты».

Нягледзячы на пазбаўленьне акрэдытацыяў, назіральнік зьбіраецца заставацца на ўчастку й назіраць за выбарамі.

«Я чакаў, што мяне пазбавяць акрэдытацыі, усё да гэтага ішло, — сказаў Маркелаў. — Але я застануся назіраць, мне не патрэбная акрэдытацыя, каб назіраць з калідора. Гэта ж публічнае месца — не тэрыторыя ўчастку. Я маю права на збор інфармацыі».

Па словах назіральнікаў з ініцыятывы #87працэнтаў, здымкі зь іншых участкаў маглі б зрабіць выбары больш празрыстымі.

«Наша галоўная мэта — каб выбары асьвятляліся, — расказаў назіральнік Станіслаў Шашок. — Усё ж такі 21-е стагодзьдзе, і трэба, каб можна было пабачыць усё, што адбываецца на выбарчых участках».

Па ягоных словах, толькі ад адной кампаніі «Права выбару» на выбары пайшлі 1700 назіральнікаў.

«Але хто зь іх, акрамя нас, асьвятляе гэта? Калі больш людзей пачнуць асьвятляць гэта, здымаць, ня толькі мы, будуць нейкія зьмены і выбары стануць больш празрыстымі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG