Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік старшыні на ўчастку, дзе назірае Мікалай Казлоў: «Ён нясе лухту!»


Назіральнікі Мікалай Казлоў і Сьвятлана Якшына

Назіральнікі Мікалай Казлоў і Сьвятлана Якшына

На выбарчым участку № 24 паміж назіральнікамі і сябрамі камісіі ўзьніклі спрэчкі пра тое, як мусіць апячатвацца скрыня для галасаваньня ў час абеду і ўночы.

Прапановы назіральніка ад АГП Мікалая Казлова грунтуюцца на ягоным досьведзе аховы ўчастку падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Тады падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў убачыў, як у скрыню для галасаваньня ўкінулі фальшывыя бюлетэні. Паводле Мікалая Казлова, гэта зрабілі намесьнік старшыні Аляксей Пятніца і сакратар Аляўтына Гладкая. «Яны адгарнулі папяровую стужку, бо яна была дрэнна наклееная, і закінулі ў скрыню бюлетэні», — згадваў Мікалай Казлоў.

Цяпер былы міліцыянт Мікалай Казлоў назірае за папярэднім галасаваньнем на 24-м участку, дзе зноў праводзяць выбары Аляксей Пятніца і Аляўтына Гладкая. Толькі цяпер спадарыня Гладкая — старшыня выбарчай камісіі, а спадар Пятніца — намесьнік старшыні.

Аляўтына Гладкая пагадзілася адказаць на пытаньні карэспандэнта Свабоды. Тое, што Мікалай Казлоў казаў пра яе прычыннасьць да фальшаваньня выбараў, спадарыня Гладкая назвала прыдумкамі. Пра цяперашнія выбары Аляўтына Гладкая распавяла на добрай беларускай мове:

«Выбары ідуць, як і раней. Учора прагаласавала 32 чалавекі. Колькі сёньня прагаласавала, яшчэ не лічыла. Я чалавек з актыўнай жыцьцёвай пазыцыяй, дык хацела б, каб ішлі жывей галасаваць».

Старшыня ўчастковай выбачай камісіі Аляўтына Гладкая

Старшыня ўчастковай выбачай камісіі Аляўтына Гладкая

Як будзе забясьпечвацца ахова скрыні для галасаваньня ў перапынку на абед і ў начны час? Аляўтына Гладкая кажа, што шчыліна скрыні будзе заклейвацца аркушам паперы, але на ім ня трэба ставіць ні пячаткі, ні подпісаў. Старшыня спаслалася на ўчорашнюю нараду ў гарадзкой выбарчай камісіі: «Ніхто пра пячатку там не казаў». Таксама Аляўтына Гладкая спаслалася на Выбарчы кодэкс: «Тут напісана, што шчыліна скрыні проста заклейваецца паперай, і больш нічога».

Назіральнік Мікалай Казлоў мяркуе, што для забесьпячэньня чысьціні папярэдняга галасаваньня гэтага недастаткова.

«Мы лічым, што заклейваньне скрыні на ноч не забясьпечвае таго, што ня ўкінуць фальшывыя бюлетэні. Робіцца што? Бярэцца аркуш паперы, накладаецца на шчыліну, па вуглах заклейваецца вузенькім канцылярскім скотчам. І гэта ўсё?

Наконт апячатваньня накрыўкі скрыні ў нас таксама ўзьніклі спрэчкі. Мы прапанавалі свой варыянт апячатваньня, каб не было магчымасьці забрацца ў скрыню, не пашкодзіўшы ліст на шчыліне. І камісія пайшла нам насустрач.

Але ўсё роўна мы лічым, што гэтага недастаткова. Бо сам пакой для галасаваньня на ноч не апячатваецца. А трэба апячатваць і потым перадаваць ключы супрацоўніку міліцыі, які будзе дзяжурыць звонку. Але старшыня камісіі лічыць, што фальсыфікатары выбараў могуць улезьці сюды праз вакно, і таму міліцыянту трэба заставацца ў пакоі. Вось такія ў нас засталіся разыходжаньні. Але што да яўкі, тут разыходжаньняў пакуль няма. Мы пацьвярджаем лічбы, што ўчора было 32, якія прагаласавалі, сёньня пакуль 15».

У размову ўступіў намесьнік старшыні Аляксей Пятніца. Даволі эмацыйна спадар Пятніца скрытыкаваў заўвагі спадара Казлова, які 7 гадоў таму абвінавачваў яго ў фальшаваньні.

Намесьнік старшыні Аляксей Пятніца

Намесьнік старшыні Аляксей Пятніца

Выказваўся намесьнік старшыні таксама па-беларуску.

«Наш назіральнік Мікалай Казлоў другі дзень нясе лухту адносна працы нашай камісіі. То пячаткі яму не падабаюцца, то як мы заклейваем шчыліну. Але гэта ягоныя справы. А мы будзем рабіць тое, што патрабуе Выбарчы кодэкс — будзем заклейваць паперай шчыліну, але ніякіх пячатак не патрэбна ўвогуле».

Мікалай Казлоў гэтак пракамэнтаваў спасылкі на Выбарчы кодэкс:

«Так, там сказана, што шчыліна заклейваецца. Але які сэнс укладзены ў гэтыя словы? Я разумею, што гаворка пра тое, каб забясьпечыць захаванасьць скрыні. Можна заклеіць, яшчэ паставіць подпісы, пячаткі — розныя ёсьць захады. А пакуль проста пазногцем можна скалупнуць той скотч па вуглах паперы, і калі ласка — кідай бюлетэні. Чаму пакой не апячатваюць, як было яшчэ тады, калі я служыў у міліцыі? Мяркую, спадар Пятніца, які кажа, што я нясу лухту, усё цудоўна разумее».

Усяго на выбарчым участку № 24 зарэгістравана 1560 выбарцаў. Паводле вынікаў першага дня галасаваньня — гэта 2%, што ўдвая меней за афіцыйныя паказчыкі агульнага галасаваньня па краіне.

Назіральнікі з АГП паведамілі Свабодзе, што на менскіх выбарчых участках № 15 і 16, якія знаходзяцца на вуліцы Мельнікайтэ, назіральнікам не дазволілі фатаграфаваць пратаколы папярэдняга галасаваньня. «Пасьля запыту на 16 участку далі дазвол, а на 15-м пакуль нават не адказалі», — паведаміла актывістка АГП Ганна Красуліна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG