Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрміновае галасаваньне ў Магілёве: для пажылых — традыцыя, для моладзі — магніцік


Урачыстасьць на выбарчым участку: магніцік і дыплём студэнтам, якія ўпершыню прагаласавалі

Урачыстасьць на выбарчым участку: магніцік і дыплём студэнтам, якія ўпершыню прагаласавалі

На Магілёўшчыне ў першы дзень датэрміновага галасаваньня, паводле афіцыйнай інфармацыі, на выбарчыя ўчасткі прыйшло больш за чатыры працэнты выбарцаў. Ва ўчастковых камісіях заяўляюць: другі дзень будзе гэткі ж актыўны. Загадзя аддаюць свае галасы студэнты і людзі пажылога веку.

Чэргаў з ахвотнікаў датэрмінова прагаласаваць на выбарчых участках пабачыць не давялося. На бальшыні тых, што журналіст наведаў, выбарцаў наагул не было. Сябры камісіяў сумавалі.

На выбарчым участку ў Архітэктурна-будаўнічым каледжы галасавала моладзь. За той час, што журналіст тут прабыў, прагаласавала пяцёра навучэнцаў. Тым, хто прагаласаваў упершыню, давалі дыплём з надпісам «Час выбіраць» і магніцік.

Паводле сяброў камісіі, за першыя дзьве гадзіны другога дня датэрмінова прагаласавалі 42 чалавекі.

«Даволі актыўна галасуюць выбарцы, — заўважае старшыня камісіі. — 12 працэнтаў было ўчора, і на сёньняшнюю раніцу яшчэ дзесяць працэнтаў. Гэта нармальна. У нас участак адказны. Шмат пажылых людзей, якія прыходзяць у асноўным у дзень выбараў. Многія хочуць канцэрт паслухаць ды ў буфэт схадзіць. Выбарцаў заўжды многа, і працэнт добры».

Суразмоўніца не пагадзілася, што датэрмінова галасуюць толькі студэнты: «Не. Было шмат жыхароў з суседніх дамоў. Ідуць пастаянна па адным, па два чалавекі на працягу дня», — зазначыла старшыня камісіі.

Афармленьне інфармацыйнага стэнду на адным з участкаў для галасаваньня

Афармленьне інфармацыйнага стэнду на адным з участкаў для галасаваньня

Студэнты на тэму выбараў гаварылі зь неахвотаю. Некаторыя на пытаньне, ці пасьпелі ўжо прагаласаваць, адказвалі адным словам «Прагаласавалі!». Тыя, хто наважваўся на гутарку з журналістам, называлі свае прычыны для датэрміновага галасаваньня.

«Людзей у дзень выбараў, відаць, шмат будзе. Чэргі будуць. А так — прыйшоў, пакуль нікога няма, прагаласаваў, і ўсё», — кажа адна са студэнтак.

Яшчэ адзін студэнт заявіў, што галасаваць зьбіраецца сёньня: «У мяне сёньня час вольны ёсьць. А наагул мне бяз розьніцы, калі галасаваць».

«Мы студэнты і зьбіраемся ехаць дадому на выходныя. Ніякіх бонусаў за рашэньне загадзя прагаласаваць нам не прапаноўвалі», — адказалі яшчэ двое студэнтаў.

«Напэўна, будзем галасаваць датэрмінова, — заяўляюць яшчэ двое студэнтаў. — Прымушаюць ва ўнівэрсытэце. Просяць галасаваць датэрмінова. Пратэсту ў нас няма ніякага. Нам усё роўна».

Прымушаюць ва ўнівэрсытэце. Просяць галасаваць датэрмінова. Пратэсту ў нас няма ніякага. Нам усё роўна

Пра тое, што студэнтам прапануюць прагаласаваць датэрмінова, паведаміў і адзін зь мінакоў:

«Мае знаёмцы апавядаюць, што ім даволі настойліва прапануюць прагаласаваць датэрмінова. Асабліва тым, хто зь вёсак прыехаў. Я ж лічу: калі выбары праходзяць у нядзелю, то пайду ў нядзелю».

Яшчэ двое студэнтаў сказалі журналісту: галасаваць будзем у дзень выбараў.

«Нам ня трэба датэрмінова галасаваць. Мы ня чулі, каб некага прымушалі галасаваць загадзя. Нам пра тое ніхто не казаў», — заявілі суразмоўцы.

Ніводзін са студэнтаў не раскрыў таямніцы, за каго з кандыдатаў аддаў свой голас.

Яшчэ на адным выбарчым участку ў цэнтры гораду датэрмінова прагаласаваў 71 выбаршчык з 1360. У камісіі заявілі: галасаваньне адбываецца актыўна:

«Напэўна, гэта тлумачыцца тым, што на нашым участку многа людзей пажылога веку. Гэта людзі трыццатага, саракавога году нараджэньня. Некаторыя кепска ходзяць ужо, але заўжды прыходзяць датэрмінова галасаваць. У нас няма студэнтаў, няма інтэрнатаў. Мы ж не выпытваем у людзей, чаму яны прыходзяць галасаваць датэрмінова. Яны прыходзяць неяк ужо па традыцыі датэрмінова галасаваць».

Людзі сталага веку сваё рашэньне прагаласаваць датэрмінова тлумачаць, як і студэнты, па-рознаму.

«Датэрмінова. Гэта ж сьвята. Уздым душэўны. Вялікі спадзеў ускладаем на нашага прэзыдэнта. За яго галасавалі адпачатку і будзем падтрымліваць яго», — сказала адна з жанчын.

Яшчэ адна суразмоўніца заявіла:

«Я сёньня зьбіраюся. У выхадны дзень будзе некалі. Зьяжджаю. Сьвята вялікага няма праз тое, што выбары. Калі б маладзейшыя былі, то радаваліся б болей».

«Толькі ў дзень выбараў пайду галасаваць, — сказала яшчэ адна жанчына. — Гэта маё сьвята. За многа год я ўжо прывыкла, што сьвята толькі ў дзень выбараў».

Той жа пазыцыі трымаецца і наступная суразмоўніца:

«Я толькі ў асноўны дзень выбараў. Мне сьпяшацца няма куды. Я люблю, каб афіцыйна было і каб уліцца ў агульную масу людзей. Вы ж цудоўна ведаеце, за каго людзі майго веку галасуюць».

XS
SM
MD
LG