Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральніца Галіна Ганчарык, якой 72 гады: Не далі месца і пагражаюць, што выдаляць


Галіна Ганчарык

Галіна Ганчарык

У Беларусі — другі дзень папярэдняга галасаваньня.

Карэспандэнт Свабоды наведаў 19-ты выбарчы ўчастак у Менску, што на праспэкце Пераможцаў у будынку школы № 44. Учора назіральніца ад АГП Галіна Ганчарык паскардзілася, што мусіць назіраць за галасаваньнем з калідора, бо не далі месца ў пакоі для галасаваньня.

Сёньня Галіна Ганчарык была ў пакоі для галасаваньня. Жанчына стаяла ў кутку, побач сядзелі яшчэ дзьве назіральніцы, а трэцяе крэсла для назіральнікаў было вольнае.

«Гэтае крэсла насамрэч занятае, назіральніца толькі сышла, але не сказала, куды і калі вернецца, таму сесьці тут я так і не магу. Крэслы зьявіліся ўчора пасьля абеду, да таго не было ўвогуле куды сесьці. Але ўсім месцаў не хапае, бо з раніцы ўсе тры месцы аказаліся занятыя, і вось мушу стаяць у свае 72 гады. У трамваі і то лепей», — распавяла Галіна Ганчарык.

Старшыня выбарчай камісіі на 19-м участку — Ларыса Новік. Спадарыня Новік прызнала, што пакой для датэрміновага галасаваньня малы і ўсім назіральнікам не хапае месца. Далей кантакт з прэсай сапсаваўся. Фатаграфавацца Ларыса Новік рашуча адмовілася, сказаўшы, што «не фотагенічная». Не пажадала і распавядаць пра яўку ў другі дзень галасаваньня. «Вашы ўсё раскажуць», — і кіўнула на Галіну Ганчарык.

«Яўка слабая. Сёньня ўсяго 15 чалавек, у асноўным пэнсіянэры. Фатаграфаваць тут нічога не дазваляюць, нават учорашні пратакол. Я пачала скардзіцца, што няма магчымасьці сесьці і назіраць, дык пагражалі, што складуць на мяне пратакол і пазбавяць акрэдытацыі. Але ўсё роўна буду падаваць скаргу на тое, што няма патрэбнага нагляду за скрыняй уначы, бо памяшканьне не апячатваюць. Скрыню заклейваюць клейкім алоўкам ды скотчам, якія лёгка аддзерці».

Галіна Ганчарык (стаіць) у пакоі для галасаваньня

Галіна Ганчарык (стаіць) у пакоі для галасаваньня

Галіна Ганчарык ужо больш за 20 гадоў назірае за выбарамі. Пачынала на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году.

«Вось тады былі дэмакратычныя выбары, галасы лічылі, як трэба, і лічыліся з заўвагамі назіральнікаў. На мінулых выбарах старшыня потым прызнаўся, што прыпісаў толькі 300 чалавек яўкі, і гэта, сказаў „яшчэ па-божаску“, іншыя і па тысячы прыпісвалі. А цяперашнія — гэта ўвогуле ня выбары. Што захочуць, тое і напішуць. І назіральнікі, якія ад праўладных арганізацыяў, ні за чым ня сочаць. Толькі хваляць, як у нас усё добра і якія людзі шчасьлівыя».

Шыльда на школе пра выбары

Шыльда на школе пра выбары

Пасьля праверкі маіх дакумэнтаў Ларыса Новік дазволіла зрабіць некалькі здымкаў на ўчастку, але чамусьці папярэдзіла, каб блізка да кабінкі не падыходзіў.

Паводле назіральнікаў, да 12 гадзіны 6 кастрычніка на 19-м участку прагаласавала 15 чалавек.

XS
SM
MD
LG