Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не прагаласуеш датэмінова — страціш інтэрнат. Прагаласуеш — атрымаеш два адгулы


6 кастрычніка пачалося датэрміновае галасаваньне, і ўлада напоўніцу ўключае адміністрацыйны рэсурс. Прасьцей за ўсё ціснуць на іншагародніх студэнтаў і працаўнікоў, якія жывуць у інтэрнатах.

6 кастрычніка, у першы дзень датэрміновага галасаваньня на выбарах яўка выбаршчыкаў склала 4,49%, паведаміла ўвечары ЦВК.

Студэнт Дзяржаўнага інстытуту кіраваньня і сацыяльных тэхналёгій БДУ Павал распавёў:

«Выкладчыкі, загадчыкі катэдраў сказалі, што калі іншагароднія студэнты не прагаласуюць датэрмінова, то пасьля новага году з інтэрнату іх высяляць. Вось гэтая інфармацыя, натуральна, застрашыла, таму што інтэрнат — гэта вялікая перавага, здымную кватэру ня кожны можа сабе дазволіць, а з-за такой дробязі „вылецець“ з інтэрнату непрыемна. Так што кіраўніцтва робіць сваю справу. Інфармацыя гэта праўдзівая — наконт пагрозы высяленьня. Гэта проста запалохваньне альбо суровая праўда жыцьця — пакажа час. І ўсе абмяркоўваюць гэта. Шчыра кажучы, народ рэагуе хутчэй нэўтральна, чым агрэсіўна».

У Беларускім нацыянальным тэхнічным унівэрсытэце паабяцалі, што калі з аўторка па чацьвер іншагароднія студэнты прагаласуюць датэрмінова, зь пятніцы адменяць заняткі — адпусьцяць дадому. А ў Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце на факультэце тэхналёгіі і тэхнікі лясной прамысловасьці студэнтам прапанавалі пісаць заявы на вызваленьне ад заняткаў на суботу і панядзелак — маўляў, яны едуць дапамагаць бацькам. Адзін са студэнтаў выставіў узор у сацыяльных сетках:

Дарэчы, у сацыяльных сетках — ужо дзясяткі допісаў студэнтаў пра прымусовае датэрміновае галасаваньне.

Фатограф и блогер Антон Матолька прапануе студэнтам, якіх прымушаюць галасаваць датэрмінова, усё фіксаваць і наўпрост зьвяртацца да рэктара са зваротам, падаваць скаргі ў пракуратуру і Міністэрства адукацыі.

Антон Матолька

Антон Матолька

«Я пералічыў у тым запісе, якія канкрэтна пункты заканадаўства парушаюцца. Людзі маюць права самі вызначацца, калі ім галасаваць. Маё меркаваньне: ня трэба баяцца і не замоўчваць, калі вас прымушаюць галасаваць датэрмінова, ды яшчэ праз пагрозы. Я раю пагрозы запісваць, а аўдыё і відэа накіроўваць у пракуратуру. Таму што гэта грубае парушэньне закону. Так што пажадана ўсё фіксаваць. Хаця фота і відэа ў судзе не зьяўляецца доказам, то для грамадзкасьці яно зьяўляецца доказам. Ну а далей аб’ядноўвацца зь іншымі. Усю студэнцкую групу ці працоўны калектыў ня звольняць, не адлічаць, ня выселяць. Я ведаю, што запіс прагледзела шмат людзей, у тым ліку і студэнтаў».

Прымушаюць галасаваць тэрмінова ня толькі іншагародніх студэнтаў, якія жывуць у інтэрнатах.

6 кастрычніка на Менскім трактарным заводзе ў канструктарскім аддзеле адбыўся сход, на які сагналі працаўнікоў, якія жывуць у інтэрнатах. А бескватэрных інжынэраў толькі ў адным аддзеле прыкладна чвэрць — 34 чалавекі, і ўсе прыйшлі на гэты збор. Агулам для МТЗ неабходна забясьпечыць яўку 82%, кажа інжынэр:

«Інжынэрам сказалі: «Самі ведаеце, якія могуць быць наступствы». То бок намякнулі. А ў рабочых былі свае зборы. Яны прыйшлі ў жаху, сказалі: «Мы пойдзем датэрмінова галасаваць, бо нас там напужалі».

Інжынэр, які папрасіў не называць яго імя, кажа, што спрабаваў патлумачыць працаўнікам МТЗ: іх ня могуць прымусіць галасаваць датэрмінова, гэта незаконна, і параіў, як і блогер Антон Матолька, запісваць хаця б на мабільны тэлефон пагрозы начальнікаў. Але...

«Каб людзі хацелі гэта рабіць... А то людзі ня хочуць, баяцца запісваць гэтыя факты прымусу, доказы — вось у чым праблема. Калі палову бюро нашага канструктарскага павезьлі датэрмінова галасаваць, я кажу: „Давайце я вам распавяду, што казаць, якія артыкулы закону парушаюцца“. Нават раздрукаваў, маўляў, будуць прымушаць — зачытайце, там жа ёсьць і крымінальная адказнасьць тым, хто пагражае — шмат чаго ёсьць. „Не, — кажуць, ня трэба. Мы будзем маўчаць“. І маўчалі. Сумна. Зусім сумна».

7 кастрычніка рабочых арганізавана павязуць аўтобусамі датэрмінова галасаваць на выбарчыя ўчасткі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG