Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Датэрміновае галасаваньне: чэргі са студэнтаў і пэнсіянэраў


6 кастрычніка распачалося датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. Адразу пасьля таго, як а 10 гадзіне раніцы адкрыліся ўчасткі для галасаваньня, на некаторых зь іх па бюлетэні выстройваліся чэргі.

Участак № 58 — у Кастрычніцкім раёне Менску, у гімназіі № 75. Першыя выбарцы зьявіліся тут празь лічаныя хвіліны пасьля адкрыцьця. Дзяўчына-студэнтка апусьціла бюлетэнь у скрыню і неўзабаве атрымала поціск рукі старшыні ўчастковай камісіі і пісьмовае віншаваньне ад імя старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Студэнтка Ганна Лісава размаўляць пад аўдыё- ці відэазапіс ня хоча. Тлумачыць, што першай прагаласаваць яе ніхто не прымушаў, але ёй так зручна, бо ў выходныя мае паехаць да бацькоў.

Пакуль размаўляем, на выбарчы ўчастак прыходзяць іншыя выбарцы. Перадусім студэнты — паасобку і групамі, а таксама пэнсіянэры і людзі з інваліднасьцю. Размаўляю зь некаторымі:

Карэспандэнтка: «Выбарчы ўчастак адкрыўся літаральна колькі хвілін таму. Чаму вы прыйшлі галасаваць у першы дзень і гэтак рана?»

Юнак: «Я галасую першы раз. Ну, і хацеў як найхутчэй аддаць свой голас. Чаму?..»

Юнак сьмяецца і недагаворвае. А на пытаньне, ці не прымушалі яго ісьці галасаваць датэрмінова, сьцьвярджае, што не — сам прыйшоў.

Людзі старэйшага веку альбо адмаўляюцца ад камэнтароў, альбо кажуць, што ня могуць прагаласаваць у нядзелю, бо зьяжджаюць на лецішча. Таму прыйшлі менавіта цяпер, бо мусяць выканаць свой грамадзянскі абавязак, патлумачыў адзін з выбарцаў — спадар сярэдніх гадоў:

Спадар: «Галасаваньне кожнага вызначае будучыню краіны. Таму хочацца прагаласаваць, каб хварэць душой за будучыню краіны».

Карэспандэнтка: «Калі галасаваць у нядзелю, то хіба гэта будзе ня так?»

Спадар: «Не магу сказаць...»

Пакой для галасаваньня на ўчастку № 58 абсталяваны як належыць: партрэты кандыдатаў, кабіны для галасаваньня, месца для назіральнікаў. Асаблівасьць участку — тое, што зь дзьвюх тысяч выбарцаў пераважная бальшыня — студэнты ВНУ, жыхары бліжэйшых інтэрнатаў. Літаральна за 15 хвілін першага дня галасаваньня да скрыняў зь бюлетэнямі падыйшлі больш за два дзясяткі юнакоў і дзяўчат. Старшыня камісіі Васіль Ананька асабіста павіншаваў кожнага зь першых галасавальнікаў.

Пажылы чалавек пратэстуе супраць працы карэспандэнта. Васіль Ананька тлумачыць яму, што журналісты маюць права працаваць на выбарчым участку. Старшыня камісіі адказвае на ўсе пытаньні, дорыць паштоўку і кажа добрыя словы пра беларускую мову. Пра датэрміновае галасаваньне выказваецца гэтак:

«Кожны чалавек жыве паводле сваіх плянаў. Іншы раз яны супадаюць з такімі важнымі грамадзка-палітычнымі падзеямі. Але людзі маюць лецішчы, яшчэ ня скончаны сэзон, а таму чалавек не павінен разрывацца і думаць, як яму трапіць туды і туды. Зрэшты, гэта права кожнага грамадзяніна, і ніхто не павінен змушаць да датэрміновага галасаваньня».

Прадстаўнікі незалежнага назіраньня таксама выказалі сваё меркаваньне адносна датэрміновага галасаваньня. Адзін зь іх — прадстаўнік кампаніі «Права выбару» Ільля:

«Датэрміновае галасаваньне павінна быць, але ня так, як гэта адбываецца ў нашай краіне. Бо гэта заўсёды прымусова. Таму назіральнікі павінны быць вельмі ўважлівыя, бо падчас датэрміновага галасаваньня адбываецца шмат парушэньняў і людзі прыходзяць часта прымусова. Таму важна сачыць, што і як адбываецца. Прайшло пятнаццаць хвілін, прыйшлі некалькі чалавек — пакуль парушэньняў не было».

Датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах працягнецца да 10 кастрычніка.

Датэрміновае галасаваньне ў студэнцкім гарадку на Паўднёвым Захадзе

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG