Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Стэфановіч: Кожныя выбары людзей арганізавана выганяюць на датэрміновае галасаваньне


Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч заявіў Свабодзе, што ўлады надаюць вялікую ўвагу датэрміноваму галасаваньню, бо яно вырашае шэраг пытаньняў, якія для іх важныя — у тым ліку пытаньне яўкі.

Хоць, як адзначае праваабаронца, завышэньне яўкі больш характэрнае для парлямэнцкіх і мясцовых выбараў, бо на прэзыдэнцкіх выбарах звычайна яўка і так высокая.

«Аднак у любым разе стаіць задача, каб максымальная колькасьць людзей узяла ўдзел у выбарах. Кожныя выбары мы бачым адну і тую ж карціну, калі адны і тыя ж катэгорыі грамадзянаў падпадаюць пад гэты арганізаваны „дабраахвотна-прымусовы“ ўдзел у датэрміновым галасаваньні. Я маю на ўвазе студэнтаў ВНУ, жыхароў інтэрнатаў (студэнцкіх і нестудэнцкіх), а таксама супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў у малых гарадах — асабліва гэта тычыцца так званых горадаўтваральных прадпрыемстваў, дзе фактычна працуюць усе жыхары гэтага гораду», — кажа праваабаронца.

Літаральна ўчора Стэфановіч атрымаў адказ на сваю скаргу на дзеяньні кіраўніцтва ААТ «Беларуськалій», якое на працоўным сходзе патрабавала пракантраляваць яўку рабочых на выбарах (гэта было зафіксавана на відэа). Пракуратура не знайшла ў дзеяньнях кіраўніцтва прадпрыемства «прыкметаў крымінальна-каральнай дзеі і адміністратыўнага правапарушэньня», хоць і правяла адпаведную «прафіляктычную размову».

«Кожныя выбары мы сутыкаемся з карцінай, калі людзей арганізавана выганяюць на галасаваньне. Я думаю, што гэтыя выбары таксама ня будуць выключэньнем. Мы за гэтым будзем уважліва сачыць. Таксама мы будзем сачыць за яўкай і кожны дзень параўноўваць дадзеныя, якія нам дасылаюць назіральнікі, з тымі дадзенымі, якія будуць зьмешчаныя пасьля кожнага дня датэрміновага галасаваньня ў пратаколах выбарчых камісіяў. Тут трэба адзначыць, што ў 2010 годзе мы не заўважылі вялікіх адрозьненьняў у яўцы і яна фактычна супадала з дадзенымі ЦВК (пры гэтым на парлямэнцкіх выбарах 2012 году, паводле дадзеных назіральнікаў, ЦВК завысіў яўку на 10,4% падчас датэрміновага галасаваньня і на 18,8% у асноўны дзень. — РС). Паглядзім, што будзе ў гэтым годзе», — кажа праваабаронца.

У Беларусі традыцыйна вельмі высокі ўзровень яўкі падчас датэрміновага галасаваньня, што праваабаронцы заўсёды крытыкуюць.

«Бо датэрміновае галасаваньне выкарыстоўваецца хутчэй як выключэньне, а ня правіла — то бок для тых выбаршчыкаў, якія ў асноўны дзень галасаваньня ня могуць узяць удзел у выбарах. Іншая справа, што ў нас настолькі гэта зроблена нібыта лібэральна, што выбаршчыку ня трэба прад’яўляць нейкіх дакумэнтаў, якія б сьведчылі, што ён ня можа прагаласаваць у асноўны дзень галасаваньня, і гэта робіць магчымым выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу ў самых розных мэтах. У тым ліку ў мэтах забесьпячэньня яўкі. У нас колькасьць тых, хто датэрмінова галасуе на выбарах, складае 20–30% — гэта вельмі шмат. А на некаторых выбарчых участках, дзе, напрыклад, галасуюць студэнты, часам бывае так, што выбары ўжо і завяршыліся, не дачакаўшыся асноўнага дня галасаваньня — усе, хто мог, там ужо прагаласавалі датэрмінова», — распавёў намесьнік старшыні ПЦ «Вясна».

Але, бадай, галоўная праблема датэрміновага галасаваньня — гэта традыцыйныя падазрэньні ў яе фальсыфікацыях, што зьвязана зь непразрыстымі ўмовамі назіраньня і захаваньня выбарчых бюлетэняў у скрынях.

«Назіральнік мае права прысутнічаць пры датэрміновым галасаваньні падчас самога галасаваньня (то бок з 10.00 да 14.00. і з 16.00. да 19.00). Але падчас перапынку і ўвечары, калі ўчастак ужо зачыняецца, там ніхто ня можа знаходзіцца, і адказнасьць за захаваньне выбарчых бюлетэняў у будынку нясуць органы МУС. Але мы памятаем розныя гісторыі, і той жа супрацоўнік міліцыі Казлоў распавядаў, што ён сам асабіста быў сьведкам таго, як уначы мяняліся бюлетэні ў скрыні. І, безумоўна, тут бы варта было, каб былі ўсталяваныя камэры назіраньня за выбарчымі скрынямі менавіта — усе гэтыя пяць начэй. Але Лідзія Міхайлаўна Ярмошына лічыць, што ў гэтым няма патрэбы», — кажа праваабаронца.

Усяго ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» за датэрміновым галасаваньнем будуць назіраць звыш 400 назіральнікаў больш як на 200 участках.

XS
SM
MD
LG