Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі ні чытаю пра байкот/ігнор выбараў (што, на маю думку, супрацьлеглыя дзеяньне/бязьдзеяньне), не знаходжу ніводнага аргумэнту «за».

Згодны, што пры рэальнай арганізацыі байкоту яўку можна было б панізіць максымум на 10 адсоткаў, што ні на чым не адаб’ецца. Але ж і гэтага няма.

Вось думаю над «захаваньнем годнасьці». Ці спалучаюцца «годнасьць» і «ігнор»? Ці годна заклікаць да таго, што ня мае выніку і пэрспэктывы? Годна ня ўдзельнічаць у фарсе, а калі гэта ня фарс ці не зусім фарс? Ці магчыма прыйсьці да ўлады праз ігнор?..

У агітатараў за ігнор ёсьць адзін, ці ня самы галоўны, пасыл «ад праціўнага», маўляў, а вы думалі, чаму ўлады забаранілі байкот і так клічуць усіх галасаваць? Таму, маўляў, што баяцца нашага ігнору.

Як на мае назіраньні, усё прасьцей. Улады самі ў савецкім яшчэ стылі кажуць, «маўляў, знаходзяцца агітатары не хадзіць…» Для публікі гэта вельмі адчувальны закід, бо беларус адразу думае «не, я не такі». Дый што такога экстраардынарнага адбываецца, каб дваццаць гадоў я хадзіў, а цяпер не.

Зьбіраючы пакрысе ўсё сказанае да кучы, бачу дзьве адрозныя паставы. Першае вызначу прыказкай «Я ня я і хата не мая» (у сэнсе ўлада, дзяржава не мае), і мне ўсё адно, як і што тут будзе наступныя пяць гадоў. Галоўнае, я «захаваў годнасьць».

Другое – пачуцьцё, якое нарадзілася ў мяне на прэзэнтацыі кнігі Сяргея Навумчыка «1995» і якое само неяк назвалася словамі «трыюмф паражэнцаў».

Інакш кажучы, ня сёньня ўсё гэта, у тым ліку выбары, пачалося. І тут самае істотнае, за што я ўдзячны Сяргею, адчуў сваю спрычыненасьць да працэсу і непарыўнасьць гэтага працэсу ў тым выглядзе, у якім ён такі склаўся. Так, гэта былі нашы перамогі, так, гэта былі нашы паразы, так, гэта мы маем тое, што маем. У нас адна краіна, адзін народ, адна гісторыя, а значыць, мы ўсе спрычыненыя да таго, што адбываецца. Інакш не бывае.

Як той казаў, ня будзеш займацца палітыкай, палітыка зоймецца табой.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG