Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заклікі да байкоту, ігнору, няяўкі, на маю думку, – нашмат больш небясьпечная «інсьпірацыя ФСБ», чым усе іншыя варыянты ўдзелу разам узятыя.

Гэтыя заклікі ня толькі паралізуюць грамадзтва ў яго волевыяўленьні да перамен, але вядуць да страты незалежнасьці і самой краіны.

Ніякіх перамен ня можа быць, таму што ня можа быць ніколі! – вось сутнасьць такой «тактыкі» на бягучы момант. Ну а ў пляне «стратэгіі» – калі-небудзь абавязкова «прыйдуць нашы», нехта ў чорным фраку на белым раялі прыедзе, і затанчым усе мазурку.

Як і ўсе ранейшыя разы, 70 адсоткаў выбарцаў сёлета прыйдуць на ўчасткі і прагаласуюць. Пэнсіянэры, студэнты, кантрактнікі, вайскоўцы, прадпрымальнікі, проста далёкія ад палітыкі людзі. Інакш ня можа быць. А гэта значыць, ня можа быць і ніякага ігнору-байкоту.

(Тое, што ня прыйдзем мы з Бенедзіктам, і нават тысяча, і нават сто тысяч такіх, ні на чым не адаб’ецца – ні на яўцы, ні на лічбах. Нас усё адно халоднай рукой запішуць у яўку і ў электарат. Мы чарговы раз «абдурым кантралёра» – купім квіток і не паедзем.)

На тым можна было б і не працягваць тэму байкоту, але адкуль яна ўвогуле бярэцца, усплывае пад кожныя выбары? Давайце ўявім сабе, што байкот усё ж адбыўся.

Каб на ўчасткі не прыйшлі 70 адсоткаў выбарцаў, трэба, каб ім нешта сьвяціла «з таго боку». Яны рэальна ахвяруюцца заробкам, вучобай, месцам у інтэрнаце, выездам за мяжу, сякой-такой прыватнай стабільнасьцю і свабодай – для чаго? Дапусьцім, каб «ляснуў рэжым». Але гэтая матывацыя дарэчы толькі ў показцы пра аптыміста-мужыка, у якога згарэла гумно з жытам («Але ж і мышэй ляснула!»). Інакш кажучы, гэта не матывацыя.

Людзі могуць ахвяравацца для таго, каб наўзамен здабыць лепшае, а не для таго, каб рухнула тое, што ёсьць. Ніколі ня пойдзе работнік (у масе сваёй) на страту працы дзеля таго, каб перастаў быць Лукашэнка.

Але ж у тым і рэч, што «з таго боку» нічога ня сьвеціць. Там даўно ўжо пуста. І вось калі ў такой сытуацыі дапусьціць, што людзі не прыйшлі на ўчасткі не ў імя чагосьці, а толькі для таго, каб ляснуў рэжым, адбудзецца што? Беларусь страціць парэшткі сваёй палітычнай суб’ектнасьці, і яе лёсам не праміне заняцца – хто? Правільна, тая самая ФСБ. Менавіта так выглядае лягічнае (дзякуй богу, фантастычнае) завяршэньне тэмы байкоту.

Між іншым, і воклічы, што ў нас «выбараў няма», таксама скіраваныя супраць палітычнай суб’ектнасьці Беларусі. Што гэта за дзяржава, дзе няма выбараў? Каму гэта на руку, як вы думаеце? Тэрыторыя, дзе столькі «проживает русскоязычных», якіх ніхто не прадстаўляе і якімі ніхто, беднымі, не апякуецца?

І Крымнаш і Наваросія паўсталі ад страты палітычнай суб’ектнасьці. Зараз жа зьявілася рука заграбушчая, ласая да «нічыйнага агароду». Але да Кіева не дацягнулася, бо там ужо гаспадар аб’явіўся, украінскі народ.

Дык каму найперш выгадныя размовы пра «няма выбараў» і байкот?

Але выбары ў нас ёсьць. Несумленныя, фальшывыя, нашы, беларускія, бо мы незалежная краіна, самастойны суб’ект палітыкі і самі вырашым, як нам жыць.

Вось кандыдатка ў прэзыдэнты заклікала прыйсьці прагаласаваць і пасьля абараніць свой выбар, свае галасы. Лягічна? Лягічна. Але ж, скажаце вы, гэта ўкраінскі сцэнар першага (мірнага) Майдану, калі на плошчы выйшлі два мільёны ўкраінцаў і адстаялі свой выбар.

Разумееце? «З таго боку» ім засьвяціла іхнае ўласнае волевыяўленьне, уласны выбар, тое, дзеля чаго можна ахвяраваць працай і вучобай, каб здабыць іх іншыя, лепшыя.

Сцэнар, вядома, не ўкраінскі, ён проста – сцэнар выбараў. Ідзі, аддай свой голас, а калі трэба, абарані свой выбар. У кожнай цывілізаванай краіне пры такіх маштабных фальшаваньнях адбылося б тое самае. Бо альтэрнатыва – страта краіны.

Нашы інтэрнэтныя клікушы зараз жа запісалі кандыдатку ў ФСБ. Але клікушу слухай, а свой розум май.

Важна тое, што гэта нашы выбары, яны ёсьць, з нашымі, якія б ні былі, кандыдатамі, а не агентамі Крамля (гэта для Крамля важна). У нас і праўда не было б выбараў, калі б не было народа. Але мы ўсяму сьвету казалі, кажам і будзем казаць, што мы ёсьць. І гэта факт, зь якім мусіць лічыцца кожная заграбушчая рука.

Беларусь як дзяржава сёньня далёка не такая, якой хацела б яе бачыць, думаю, большасьць насельніцтва. Але гэта наша краіна і наш клопат мяняць яе да лепшага. І толькі нядобразычліўцы нашы могуць пажадаць гэтай большасьці замест актыўнага ўдзелу ў палітыцы сысьці ў глухую абарону, унікуды, у байкот.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG