Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Беларусі ператварыліся ў рытуал ляяльнасьці дзяржаве, як гэта было за савецкім часам.

Працэдура вядомая, пераможца і ягоны працэнт вызначаныя загадзя. Адзінае, за што ўлада вядзе бой, — яўка. «Советская Белоруссия» ўжо назвала задачу — 87 працэнтаў. Яўка — гэта адзінае, што незалежныя назіральнікі могуць скантраляваць падчас гэтай кампаніі. І ў прысутнасьці назіральнікаў фальсыфікацыі яўкі становяцца відавочныя і лёгка фіксуюцца.

Бюлетэні перасталі лічыць яшчэ, верагодна, у 2001. Сам дзень галасаваньня — рытуальная пастаноўка. Так было ў Мазыры ў 2010 годзе, дзе я вылучаўся кандыдатам у мясцовыя Саветы. Назіральнікам удалося зьняць на відэа маніпуляцыі са стосамі бюлетэняў, але на канчатковыя лічбы гэта не магло паўплываць — пратакол быў падрыхтаваны загадзя.

Дарэчы, нават калі Лукашэнку нічога ня будзе пагражаць (у сэнсе рэальнай канкурэнцыі на «выбарах») і ён (што неверагодна) аддасьць загад не ўжываць рэпрэсіі і фальсыфікацыі, апошнія ўсё роўна будуць, бо так дзейнічае сыстэма.

Сёлета на мабілізацыйную кампанію кінуты увесь адміністрацыйны апарат. Свайго крэатыву бракуе, то крадуць ідэі (скрыўляючы закладзеныя ў іх каштоўнасьці). Фэйсбук-суполкі БРСМ спрабуюць пераняць трэнд вышыванак. Змалпавалі спокліч мабілізацыйнай кампаніі Асамблеі дэмакратычных няўрадавых арганізацыяў «Выбірай» 2000 году. У праўладных суполках «вКонтакте» нават заклікаюць прыходзіць на ўчасткі і галасаваць «супраць усіх», галоўнае — прыходзіць.

Перад папярэднімі «выбарамі» мы зь сябрам Міхасём Пашкевічам прабраліся на зьезд БРСМ пад выглядам студэнтаў-масоўкі. У Палацы Рэспублікі нам усім далі «патрыятычныя» майкі і сказалі добра сябе паводзіць. Пасярод зьезду мы ўсталі зь месцаў і пачалі ўголас задаваць нязручныя, але важныя для моладзі пытаньні — напрыклад, пра адмену моладзевых ільготаў. Нас забралі ў пастарунак, а брсмаўцы працягвалі пакорліва слухаць, час ад часу ўздымаючы рукі ў галасаваньнях. Перад гэтымі «выбарамі» БРСМ зноў дасталі з шуфляды, але нават вышыванка ня здольная прыхаваць мярцьвячыну.

Для мяне і многіх маіх аднагодкаў цяперашнія выбары ўспрымаюцца як савок, горшы за сварлівую двухгадзінную чаргу ў паліклініцы. Ісьці — гэта значыць прыпадабняцца алкашам у чарзе па танную гарэлку, бяздумным выслужлівым прапаршчыкам-ідэолягам, дробным чыноўнікам, якія слова па-беларуску зьвязаць ня могуць.

Мне запярэчаць: але ж большасьць пойдзе галасаваць, хочаце ці не. Магчыма. Беларускія выбары сталі рытуалам ляяльнасьці «made in ussr». Чвэрць загоняць галасаваць датэрмінова, шмат хто загоніцца добраахвотна перад страхам наступстваў альбо дзеля таннага буфэту, а потым вернецца да любімай канапы і тэлевізара. Тут «канапнікі» — не прыхільнікі байкоту, а якраз тыя, хто падпарадкуюцца статкавым паводзінам і прапісанаму ўладамі сцэнару. Байкот/ігнор цяпер — актыўная пазыцыя, якая патрабуе мужнасьці, нездарма ўлады ўвялі адміністрацыйную адказнасьць за заклікі да байкоту.

Менскі таксоўшчык распавёў, што сёлета ўвесь таксапарк вырашыў выбары прабайкатаваць. І не дзеля Мікалая Статкевіча ці Тацяны Караткевіч, проста ім ня хочацца падманваць сябе. Для іх няўдзел — гэта дэманстрацыя ўласнай годнасьці.

Зрэшты, улады знайшлі сабе саюзьнікаў у выбарчай мабілізацыі. Дзіўна назіраць, як у адной з самых установачных перадач на дзяржаўным тэлебачаньні «Клюб рэдактараў» хваляць «апазыцыйную кандыдатку» Тацяну Караткевіч. Два яе апошнія тэлевізійныя выступы суправаджаліся заклікамі ісьці і галасаваць.

Рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько жартам напісаў, што выбары варта было праводзіць дзеля адных толькі выступаў Улаховіча і Гайдукевіча. Магчыма, ім такая роля і адведзена паводле сцэнару — паказваць, што Лукашэнку супрацьстаяць толькі клоўны. Але і Тацяна Караткевіч сярод «клоўнаў» (магчыма, міжволі) выглядае «клоўнам».

Калі сытуацыя ў Беларусі пачне мяняцца — гэта будзе не праз «выбары». І Майдан, і Малдова, і Армэнія паказалі, што такое магчыма. Удзел у выбарах заганяе апазыцыю у пастку дня галасаваньня, пасьля якой, як правіла, наступае апатыя і ўзмацненьне рэпрэсіяў. Адзіны спосаб перайграць улады — не гуляць паводле іхных правілаў. Варта ламаць шаблёны, дзейнічаць крэатыўна, непрадказальна, далучаючы новых людзей.

Ня трэба быць экспэртам, каб заўважыць поўную абыякавасьць людзей да выбараў. Нават тыя, хто агітуюць актыўна за ўдзел, многія на выбары самі ня пойдуць. Бо хто захоча, нават падманваючы іншых, падманвацца сам?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG