Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Навумчык: Мая радзіма — Беларускае Адраджэньне, гэта быў залаты час


Заля на прэзэнтацыі

Заля на прэзэнтацыі

«Калі б не рэфэрэндум 1995 году, мы б жылі ў зусім іншай краіне», — так Сяргей Навумчык падвёў вынік прэзэнтацыі сваёй новай кнігі з цыклю пра найноўшую гісторыю Беларусі.

У малой залі Палацу мастацтва прайшла прэзэнтацыя кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты». На імпрэзу прыйшло каля 300 чалавек. Аўтар, знаходзячыся ў Празе, быў на сувязі з заляй праз скайп.

«Дзевяноста пяты» — трэцяя кніга Сяргея Навумчыка ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды 21 стагодзьдзе». Першая выйшла два гады таму пад назвай «Дзевяноста першы», яна была прысьвечаная здабыцьцю Беларусьсю незалежнасьцю ў 1991 годзе. Другая кніга «Дзевяноста чацьверты» прэзэнтавалася паўгода таму, і была прысьвечаная першым выбарам прэзыдэнта.

«Дзевяноста пяты» тычыцца лёсавызначальнай для Беларусі падзеі — першага рэфэрэндуму, які зьмяніў дзяржаўную сымболіку і ўвёў расейскую мову ў якасьці другой дзяржаўнай.

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук зачытаў прадмову да кнігі «Дзевяноста пяты» і сказаў пра важнасьць літаратуры нон-фікш для барацьбы за сапраўдную гісторыю краіны:

«Мы ўсе ўдзельнікі той барацьбы, якой чалавецтва займаецца ўсю сваю гісторыю. Гэта барацьба за мінулае, за яго трактоўку. Але 20-е стагодзьдзе, магчыма, упершыню так татальна паставіла гэтае пытаньне. Упершыню таталітарныя грамадзтвы адчулі, што такое веды пра гісторыю, якая стала інструмэнтам кіраваньня дзяржавай. Гэта досьвед 20-га стагодзьдзя, калі выходзілі самыя розныя вэрсіі падзеяў. Кнігі, які робяць журналісты, — гэта адзін са спосабаў змаганьня культуры з тым, што ёй супрацьстаіць. Пра аўтара гэтай кнігі, Сяргея Навумчыка, можна сказаць, што яго радзіма — гэта 90-я. І сёньня мы вітаем яшчэ адзін адрас гэтай радзімы — дзевяноста пяты».

Аляскандар Лукашук

Аляскандар Лукашук


Сяргей Навумчык, які камунікаваў з заляй праз інтэрнэт-сувязь, сказаў, што насамрэч яго радзіма — Адраджэньне, залаты час беларускай гісторыі, які выпаў на 90-я гады.


«Мне і маім калегам па Вярхоўным савеце 12-га скліканьня давялося спрычыніцца да гістарычных падзеяў. 1995 год быў сапраўды пераломным годам і пачаўся ён з заявы Лукашэнкі пра паскарэньне інтэграцыі з Расеяй. Яшчэ адразу пасьля выбараў 1994 году Лукашэнка заявіў, што Беларусь для яго гэта пройдзены этап і цяпер яго шлях ляжыць у Крэмль. І сапраўды шмат хто ў Расеі бачыў бы Лукашэнку на месцы нямоглага Ельцына. Усё да гэтага ішло, але трэба было прынесьці ў ахвяру незалежнасьць. Але была адна перашкода — беларускі народ, грамадзянская супольнасьць, якая ўжо сфармавалася. Зьявіліся людзі, гатовыя супрацьстаяць анэксіі Беларусі Расеяй. Нават коштам свайго жыцьця. Цэнтральны эпізод кнігі — наша галадоўка ў Авальнай залі. Мы пратэставалі супраць рэфэрэндуму. Акцыя была вельмі эфэктыўная, ужо ў пешыя гадзіны галадоўкі пытаньні Лукашэнкі правальваліся адно за другім, яны не набіралі галасоў. Мы глядзелі дэпутатам у вочы, і яны бачылі, што мы гатовыя на ўсё, нават пакласьці свае жыцьці. Такія рэчы адчуваюцца, калі чалавек гатовы ісьці на сьмерць... Ёсьць шмат меркаваньня наконт таго, што мы павінны былі рабіць, каб зьмяніць сытуацыю. Але я лічу, што мы не змаглі зрабіць лепш, чым яно атрымалася. Зьбіцьцё групы дэпутатаў парлямэнту ў момант, калі гэты парлямэнт разглядае пытаньне пра прызначэньне рэфэрэндуму, робіць вынікі гэтага рэфэрэндуму юрыдычна нікчэмнымі. Таму для мяне бел-чыровона-белы сьцяг і герб «Пагоня» застаюцца дзяржаўнымі сымбалямі. І яны абавязкова вернуцца. А паказаць, чаму гэты рэфэрэндум быў нелегітымным, — і было мэтай кнігі «Дзевяноста пяты».

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў быў на зьезьдзе ПЭН-цэнтру, на якім беларускія літаратары выступілі супраць рэфэрэндуму 1995 году.
«Як літаратар я скажу, што ад кнігі да кнігі стыль Сяргея Навумчыка робіцца ўсё больш упэўненым, а мова яго твораў — багацейшай. Кніга „Дзевяноста пяты“ — адпавядае ўсім крытэрам нон-фікшн. Увогуле кнігі Навумчыка ўжо змагаюцца за прэміі, удзельнічаюць у конкурсах. Як гісторык я шчасьлівы, што ў асобе Навумчыка нашая найноўшая гісторыя знайшла свайго летапісца і дасьледчыка. Кнігі Навумчыка былі б вельмі важнымі і дарэчнымі, калі б мы жылі ў свабоднай краіне. Стакроць яны важныя ў краіне несвабоднай».

Сяргей Навумчык у сваёй кнізе цытуе выступ на сэсіі Вярхоўнага Савета дэпутата Мікалая Крыжаноўскага: «Не магу не зьвярнуць увагу на выказваньне прэзыдэнта аб тым, што дакладныя навукі можна вывучаць толькі на расейскай мове. Мне адразу стала неяк шкада японскіх, карэйскіх, нямецкіх, амэрыканскіх ды іншых інжынэраў і навукоўцаў, якія ня ведаюць расейскай мовы».


Мікалай Крыжаноўскі адзначыў, што з трох соцен дэпутатаў толькі Сяргей Навумчык узяўся за тое, каб апісаць вызначальныя для краіны падзеі
«1995 год быў вызначальным, ужо можна было даць ацэнкі прэзыдэнцтва. Мы, дэпутаты апазыцыі, былі за тое, каб Беларусь была парлямэнцкай рэспублікай. Але большасьць прыняла іншае рашэньне — увялі прэзыдэнцтва. Яны былі за моцную ўладу, яны яе атрымалі. Сёньня шмат хто з тых людзей кажа, што яны памыліліся. Але час назад ня вернеш. У Авальнай залі было больш за трыста дэпутатаў, але толькі Навумчык узяўся за тое, да чаго ні ў каго не дайшлі рукі. Ён храналягічна апісаў тыя гістарычныя падзеі, якія адбываліся. Гэта застанецца, хоць пройдзе час і зьменяцца пакаленьні. А кнігі застануцца. Людзі будуць ведаць, што тады адбылося ў Авальнай залі Вярхоўнага савету».
Падчас прэзэнтацыі быў паказаны зроблены ў Нью-Ёрку відэазапіс былога кіраўніка парлямэнцкай Апазыцыі БНФ Зянона Пазьняка, які падзяліўся сваімі ацэнкамі новай кнігі і ў прыватнасьці сказаў:
«Мы маем незалежную дзяржаву, мы дасягнулі гэтага, мы паклалі шмат часу і сілаў на гэта, але патрэбна яшчэ ўлада. Патрэбная нацыянальная ўлада, якая будзе зыходзіць з нацыянальных інтарэсаў дзяржавы, якая будзе абараняць яе і дасьць магчымасьць свабодна разьвівацца нашаму народу. Гэта яшчэ стаіць перад намі, і гэтая кніга павінна гэтаму спрыяць».

Мікалай Крыжаноўскі

Мікалай Крыжаноўскі

Старшыню ТБМ Алег Трусаў у сваім вітальным слове вельмі горача параіў Сяргею Навумчыку выдаць пераклады сваіх кніг на ангельскую мову. Тады, на думку Трусава, пра Беларусь у сьвеце будуць ведаць праўду:

«Жадаю перакласьці гэтыя кнігі на ангельскую мову і распаўсюдзіць ва ўсе бібліятэкі сьвету. Тады стаўленьне да Беларусі рэзка памяняецца. І яшчэ трэба, каб Сяргей Навумчык напісаў кнігу „Дэпутаты ВС 12-га скліканьня“, дзе б апісаў усіх дэпутатаў. Гэта былі людзі, якія маглі моцна зьмяніць гісторыю Беларусі».

Алег Трусаў

Алег Трусаў

Намесьнік страршыні КХП-БНФ, таксама дэпутат Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Юры Беленькі сказаў, што людзі, адказныя да нелегітымны рэфэрэндум 1995 году, абавязкова павінны панесьці адказнасьць перад будучай нацыянальнай уладай Беларусі:

«Калі тыя людзі парушылі тыя законы, то яны павінна панесьці адказнасьць. Я думаю, што будучая нацыянальная ўлада мусіць зрабіць суд над тым людзьмі».

Юры Беленькі таксама падзяліўся тым, як дэпутаты апазыцыі перадавалі адно аднаму інфармацыю пра будучую галадоўку:

«Для падрыхтоўкі галадоўкі мы выбралі схему „твар у твар“. Мы адно аднаму перадавалі інфармацыю, што будзе галадоўка. Сустракаліся і перадавалі, не выкарыстоўвалі тэлефон. Гэтая тэхналёгія дала плён — рэжым ня ведаў, што будзе адбывацца».

Юры Беленькі (у цэнтры)

Юры Беленькі (у цэнтры)

Яшчэ адзін калега Сяргея Навумчыка па Вярхоўным савеце 12-га скліканьня Сяргей Антончык сказаў, што ў 1995 годзе адбыўся пераход Беларусі ад эўрапейскай дзяржавы да «расейскага сьвету»:

«Перавод Беларусі з Эўропы ў „расейскі сьвет“ адбыўся ў 1995 годзе. Гэта гістарычная выснова, якую павінна разумець усе. Усё, што адбылося пасьля, — гэта наступствы рэфэрэндуму 1995 году. На жаль, гісторыя ня вучыць сучасных палітыкаў, якія кіруюць Беларусьсю цяпер. Мы назіраем, што людзі выкарыстоўваюць гісторыю так, як ім выгодна. Добра, што Сяргей Навумчык канкрэтна паказвае, як усё адбылося. Мы павінна выкарыстоўваць гістарычныя вынікі, у іншым выпадку ня будзе незалежнасьці Беларусі».

Сяргей Антончык

Сяргей Антончык

Гісторык Валянцін Голубеў сказаў, што ў 1995 годзе пачаўся беларускі Майдан:

«Я прафэсійны гісторык, але не дарос да таго, каб пісаць пра тое, што ўжо было. А Сяргей робіць гэта. Сяргея вінавацяць у суб’ектыўнасьці. Ну канечне. Любая праца праходзіць праз чалавека. Але ў Сяргей дакладныя факты. Ён паказвае, як мы да гэтага ставіліся. Але дае магчымасьць чытачу трактаваць па-свойму. Я думаю, як бы назваць тую апазыцыю, якой мы былі ў Вярхоўным савеце 12-га скліканьня. Я б назваў яе Майданам. Тады пачаўся беларускі Майдан. І толькі гэты Майдан прывёў да таго, што мы маем незалежнасьць».

Валянцін Голубеў (у цэнтры)

Валянцін Голубеў (у цэнтры)

Бацька аўтара Іосіф Навумчык, які цяпер узначальвае ТБМ Віцебскай вобласьці, падкрэсьліў ганебныя наступствы рэфэрэндуму 1995 — сучаснае пакаленьня ня ўмее размаўляць на дзяржаўнай беларускай мове.

«У 1995 годзе адбыўся ганебны рэфэрэндум. Рэфэрэндум праходзіў ужо ня так, як выбары 1994 году. Была фальсыфікацыя, быў ціск. Была гістэрыка па тэлебачаньні людзей, якія рабілі ўсё, каб загнаць у кут беларускую мову. Таму сёньня мы маем пакаленьне, якое ня ведае беларускай мовы і ня можа размаўляць. І той, хто рабіў тую справу, заслугоўвае пашаны і ўдзячнасьці».

Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Міхаіл Пастухоў у сваім выступе сказаў, што лічыць рэфэрэндум 1995 году юрыдычна нікчэмным:

«На жаль, тады Канстытуцыйны суд адхіліўся ад разгляду канстытуцыйнасьці таго рэфэрэндуму. Але той рэфэрэндум быў незаконны, ён супярэчыць нацыянальным каштоўнасьцям. Зьдзейсьнілася злачынства. Таму я лічу, што ў Беларусі вернецца бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“. Я падтрымліваю пазыцыю, што для Беларусі ня трэба прэзыдэнт, трэба парлямэнцкая рэспубліка. Тыя 19 дэпутатаў, пра якіх піша Навумчык, — гэта героі таго часу. Я хачу ім пакланіцца. Яны прынесьлі сябе ў ахвяру незалежнасьці Беларусі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG