Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першае спатканьне арыштаванаму мытніку дазволілі толькі праз паўгода


Алесь Юркойць, архіўнае фота

Алесь Юркойць, архіўнае фота

Падсьледны «Валадаркі» і адзін з фігурантаў па справе карупцыі на Ашмянскай мытні Алесь Юркойць знаходзіцца за кратамі ад сакавіка. Кароткае спатканьне з жонкай праз шкло атрымаў толькі напрыканцы верасьня. Але, як сьведчаць праваабаронцы, магло быць і горш, бо паўгода бяз сувязяў з роднымі — гэта яшчэ не мяжа. Паводле інфармацыі, якую «Свабода ў турмах» атрымала ад людзей з бліжэйшага атачэньня Юркойця, арыштаваныя мытнікі праходзяць «па вельмі сур'ёзных артыкулах, якія цягнуць на 10-12 гадоў, усе кантакты ў падсьледных рэзка абмежаваныя». Некаторыя падрабязнасьці далей у праграме.

Ці можа мытнік абысьціся без хабарніцтва?

Згодна з дадзенымі генэральнай пракуратуры, у Беларусі расьце раскрывальнасьць карупцыйных злачынстваў. Летась яна склала больш за 1,3 тысячу. Нядаўна старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юры Сянько ўдакладніў некаторыя падрабязнасьці расьсьледаваньня крымінальнай справы ў сувязі з карупцыяй на Ашмянскай мытні. Агулам быў затрыманы ледзь ня ўвесь склад мытнага паста «Каменны Лог» (40 чалавек). Цяпер справы фігурантаў перадаюцца ў суд. Падчас прэсавай канфэрэнцыі сп. Сянько таксама сказаў, што ў мэтах прафіляктыкі карупцыі ўзмацняецца ідэалягічная праца. Моладзь настаўляюць «на працу і подзьвіг дзеля дабра дзяржавы». Моладзі расказваюць пра тых, каго пасадзілі за хабарніцтва, а таксама возяць у папраўчыя ўстановы.

Ці зьяўляецца прафэсія мытніка той, у якой не абысьціся без хабарніцтва? — такое пытаньне мы задалі жыхарам Гарадзеншчыны — людзям, якія рэгулярна выяжджаюць за мяжу, больш менш валодаюць сытуацыяй, якая складаецца на мытні.

Падчас апытаньня некаторыя гарадзенцы ўзгадалі, што ў мытнай службе чысткі, арышты бываюць пастаянна. Прагучала таксама: калі арыштавалі, значыць было за што. Было выказана меркаваньне: «Калі цэлых сорак чалавек не адзін год займаліся хабарніцтвам, то куды глядзела служба ўласнай бясьпекі мытні, КДБ? — задаюць пытаньне іншыя. А падатковая служба куды глядзела? Чаму не цікавілася — адкуль у мытных службоўцаў дарагія машыны, катэджы?»

На думку Паўла Сапелкі, юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна», карупцыя на мытні пераўтварылася ў нейкую складаную сыстэмную праблему, якую не ўдаецца вырашыць арыштамі, пасадкамі, а потым апраўданьнямі. Ён кажа, што нават зьбіўся ў падліках, якую менавіта паводле колькасьці хвалю арыштаў ды пасадак мытнікаў ён назірае. Наўскідку ўзгадваюцца гучныя карупцыйныя справы па ізноў жа Ашмянскай, а таксама Менскай рэгіянальнай, Берасьцейскай ды іншых мытнях.

Раней, падчас адвакацкай практыкі, Паўлу Сапелку даводзілася браць удзел у судовых працэсах па справах мытнікаў.

Павал Сапелка

Павал Сапелка

Сапелка: «Хачу прывесьці меркаваньне, над якім я часта задумваюся — а можа, гэта і насамрэч так? Некалі пры разглядзе мытных спраў у судах мне даводзілася чуць ад мытнікаў: інакш працаваць у такіх умовах не атрымліваецца. Сапраўды, калі празь мяжу штодня ідуць мільёны і няма нейкай празрыстай ды зразумелай сыстэмы эфэктыўнага кантролю, а таксама кантролю над кантролем, калі ў руках у нейкага ўмоўнага мытніка пячатка, адзін адбітак якой на той час каштаваў дзясяткі тысячаў даляраў, — усё гэта не магло не стварыць падставаў для нейкіх злоўжываньняў. Але адзін спрытны мытнік усё ж ня пойдзе на тое, каб спакойна прапусьціць празь мяжу нейкую кантрабанду».

Паводле юрыста, тэарэтычна схема выглядае так:

«Нейкі ўмоўны прадпрымальнік дамаўляецца з кіраўніцтвам, а тое ўжо па прыступках спускае сваім падчаленым указаньні стварыць спрыяльныя ўмовы для нейкага перавозчыка, дэкляранта і г.д. Калі ж супрацоўнік ня ўпісваецца ў гэтую сыстэму — ізноў жа спашлюся на тых мытнікаў, зь якімі я размаўляў — тут адно з двух: або чалавек мяняецца і пачынае ўдзельнічае ў гэтым, або яго, як правіла, выціскаюць з працы. Як я лічу, калі гэта сапраўды так, ты ў такім выпадку не працуй у сыстэме, дзе можна працаваць толькі абыходзячы закон».

«Геданізм» ад роднага краю

З гледзішча крымінолягаў, асобу эканамічнага злачынца(карупцыянэра, хабарніка) зазвычай адрозьніваюць такія асаблівасьці як высокі адукацыйны ўзровень, карысьліва-спажывецкая арыентацыя, імкненьне атрымаць нажыву любой цаной, наяўнасьць гіпэртрафаванай мэтавай жыцьцёвай устаноўкі на ўзбагачэньне, схільнасьць да геданізму. Скласьці больш дакладны партрэт прафэсіяналу дапамагаюць дадатковыя зьвесткі, набытыя падчас размоваў з людзьмі з блізкага атачэньня фігуранта справы.

...Да свайго арышту 44-гадовы супрацоўнік Ашмянскай мытні Алесь Юркойць жыў у вёсцы Варняны Астравецкага раёну. На мытні працаваў апошнія гадоў 15, а дагэтуль пасьля сканчэньня геафаку БДУ настаўнічаў. Паводле сяброў, рабіць кар’еру мытніка не імкнуўся. Нашмат значнейшым для яго было ягонае захапленьне — краязнаўства.

На гэтым тыдні ўпершыню за паўгода Алесь атрымаў дазвол на спатканьне з жонкай. Яно было прызначанае на сераду. А ў аўторак мы датэлефанаваліся да жонкі Алеся — Ганны. Яна сказала нам пра хуткае спатканьне з мужам і адзначыла, што ёй трэба параіцца зь ім: ці варта даваць хоць нейкія зьвесткі пра ягонае цяперашняе становішча?

Сустрэўшыся з мужам, Ганна сказала: яны вырашылі, што людзі яны не публічныя і нікому нічога яна ня скажа, інтэрвію даваць ня будзе.

Што ж тады рабіць? У Алеся «тысячы сяброў», калі што — пытайцеся ў іх, адказала жонка.

Адзін з такіх сяброў — Алесь Яўдаха зь Менску. Ён называе Алеся Юркойця крыху высакамоўна «сьветачам беларускага жыцьця на Астравеччыне»:

«Вакол можа чорт знае што адбывацца, але такіх людзей, як Алесь, не запляміш», — перакананы Яўдаха. Зь Юркойцем яны перапісваюцца, але пра цяперашнія справы Юркойця Яўдаху дагэтуль мала што вядома.

Алесь Яўдаха

Алесь Яўдаха

Яўдаха: «Няма ніякай канкрэтыкі ў нікога... У яго выдатны настрой. Ён настроены аптымістычна і ўспрымае ўсе выпрабаваньні „на пазытыве“, груба кажучы, прымае да ведама, матае на вус. Карацей, ён не зламаны і не зьбіраецца ламацца.

Там усіх пад адзін грэбень. На папярэднім сьледзтве ў іх вельмі абмежаванае кола кантактаў. Жонцы дазволілі толькі праз паўгода першы раз спаткацца — гэта жонцы. Ясна, што нікога да яго не пускаюць, акрамя адваката. А адвакату няма сэнсу хадзіць, таму што нічога не адбываецца абсалютна. Яны сядзяць і сядзяць».

Алесь Яўдаха мяркуе, што Юркойць пайшоў працаваць у мытную службу ў пэўным сэнсе вымушана:

«Скажам так: ягоныя жыцьцёвыя інтарэсы былі далёкія, вядома, ад ягонай працы. Іншая рэч, што на Астравеччыне проста асабліва працаваць няма дзе, — кажа Яўдаха і дадае: — Усе лісты Алесь сканчае словамі „У мяне ўсё добра, а будзе яшчэ лепей“. Нават у такіх умовах складаных не губляе аптымізму і веры».

Яшчэ адзін сябра Юркойця, Усевалад Сьцебурака, таксама жыве ў Менску. Ён кажа, што лістуецца зь Юркойцем рэгулярна, але апошнія дзён дзесяць лістоў ад яго не было. І ўдакладняе: «Ён спачатку быў каля месяца ў „амэрыканцы“, а цяпер у сьледчым ізалятары на Валадарскага. Тут крыху вальней, лісты ідуць, але ясна — ён пра справу ня піша. Газэты выпісалі яму, каб „Нашу Ніву“ чытаў».

А што можна сказаць пра саму крымінальную справу, па якой быў арыштаваны разам зь іншымі мытнікамі Алесь Юркойць?

Усевалад Сьцебурака

Усевалад Сьцебурака

Сьцебурака: «Інкрымінуюць такі глябальны артыкул: карупцыя ў асабліва буйных памерах, групай асобаў, па папярэдняй змове... і ўсё такое. Вельмі сур’ёзнае пакараньне — па дзесяць, па дванаццаць год. Як і з чаго пачалося, ніхто толкам ня ведае. Выклікалі яго на допыт у Астравец як сьведку раз-другі, а пасьля ўжо зрабілі абвінавачаным. Адвакат бывае час ад часу, але ўсё стаіць на месцы, там такая вялікая колькасьць людзей і сьведак, што расьсьледаваньне яшчэ можа цягнуцца і год, і болей. Пэрспэктывы абсалютна цьмяныя. Дзесяць год таму была падобная справа, і чалавек дваццаць амаль пасадзілі, многія толькі-толькі выйшлі. Па такой жа справе абсалютна. Інкрымінуецца вось нібыта такая карупцыйная арганізацыя».

Усевалад Сьцебурака кажа, што ў канцы жніўня езьдзіў на Астравеччыну, бачыўся зь сям’ёю Юркойця. А жонка Ганна ляжала ў Менску ў бальніцы з малой — таксама іх наведаў.

Алесь — апантаны краязнавец, ведаў дасканала свой Астравецкі раён, суседні Ашмянскі, аб’езьдзіў іх і абышоў пешшу. Купляў усе беларускія кніжкі і чытаў іх. Сабраў вялізную бібліятэку. Беларушчынай ён проста апантаны. У яго імпэту хапала на дзесяць чалавек, падсумоўвае Ўсевалад Сьцебурака.

Сяргей Дубавец

Сяргей Дубавец

Да сяброў Алеся Юркойця належыць і наш калега Сяргей Дубавец. Ягоны блог «Ордэн і ордэр. Чаму Юркойць у турме» быў апублікаваны на нашым сайце.

«Кажуць, Юркойць з калегамі папаў пад каток "спрадвечнай" міжведамаснай барацьбы мытнікаў з гэбэшнікамі? — адзначае аўтар. — Але што мне да тога, калі ў гэтай барацьбе нічога ня значыць ані лёс чалавека, ані тое, хто там рэальна "браў", а хто ня "браў". Як і для вас нічога ня значыць маё перакананьне, што Алесь ніякім чынам ва ўсім гэтым не заплямлены. Ёсьць такія людзі, да якіх нішто агіднае не прыстае, чыстыя. Але, на жаль, усё гэта ня мае значэньня. Матывы рэпрэсіяў ляжаць у іншай плоскасьці. І для мяне тут найважнейшае, што пад арышт трапіў самы беларускі і самы культурны пасіянарый на Астравеччыне».

«Усе парушэньні лепш агучваць»

Аднак вернемся да некаторых момантаў утрыманьня Алеся Юркойця ды іншых фігурантаў справы пад вартай. Як мы ведаем, Юркойць атрымаў дазвол на спатканьне з сваёй жонкай толькі праз паўгода. З чым можа быць зьвязаная такая працяглая забарона на кантакт з роднымі? Калі размова ідзе пра надзвычайную сакрэтнасьць, то няўжо настолькі цяжка неяк пракантраляваць усялякую спробу перадачы сакрэтнай інфармацыі падчас кароткага спатканьня праз тэлефон ды шкло? Такое пытаньне — юрысту праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўлу Сапелку.

Павал Сапелка

Павал Сапелка

Сапелка: «З гуманітарнага гледзішча — гэта дзікунства. Маё меркаваньне: ня ўсе тыя, хто парушае закон, увогуле заслугоўваюць таго, каб да іх ужывалася такая мера ўтрыманьня, як заключэньне пад варту. Зразумела, ёсьць выпадкі, калі неабходна ўтрымліваць пад вартай, бо неабходна выключыць магчымасьць перадачы на волю нейкіх указаньняў па працягу злачыннай дзейнасьці, нейкіх інструкцыяў па ўтойваньні сьлядоў злачынства.і г.д. Але калі размова ідзе пра спатканьне з блізкімі ды роднымі, мне падаецца, ёсьць магчымасьць пракантраляваць ход гэтага спатканьня, каб падчас яго абмяркоўваліся пытаньні сямейна-бытавога характару. Калі ня бачыць блізкіх паўгода, год... хоць паўгода, паводле нашай практыкі, — ня так ужо і кепска. Людзі, якія яшчэ не прызнаныя вінаватымі, маюць шанец ня бачаць родных і шмат больш часу, толькі пасьля завяршэньня папярэдняга расьсьледаваньня. Як гэта камэнтаваць — ня ведаю, бо гэта па-за межамі майго разуменьня».

«Свабода ў турмах»: Адрозна ад палітвязьняў, «эканамісты» ды іхнія сем’і ня любяць агучваць падрабязнасьці справы ды зьняволеньня ў мэдыях, не зьвяртаюцца яны і да праваабаронцаў. Чым вы гэта тлумачыце? І наколькі гэта правільна, з вашага гледзішча?

Сапелка: «Для таго каб чалавек расказаў грамадзкасьці — праваабаронцам, СМІ — нейкія свае вельмі важныя праблемы, ён павінен думаць і разумець, навошта ён гэта робіць. Ён гэта зробіць у тым выпадку, калі разьлічвае і верыць, што гэта нечым дапаможа. Звычайна той, хто пралічвае пэрспэктывы і да таго ж далёкі ад публічнай дзейнасьці, ад супрацьстаяньня з уладай, разумее, што нейкіх легальных агульнапрызнаных мэханізмаў уплыву на сьледзтва і на суд у такім добрым сэнсе ў Беларусі амаль што няма, што такое агучваньне выкліча ўзмацненьне жорсткасьці абвінавачаньня ці яшчэ нешта такое. У дадзеных выпадках выкарыстоўваюцца іншыя працэсуальныя магчымасьці абскарджаньня — праз адваката, самастойна. У так званым ціхім рэжыме, непрыкметна. Па вялікім рахунку, гэта ня надта добра, бо, напэўна, усе парушэньні права павінны быць агучаны, і кожны такі заяўлены ўголас выпадак калі ня дасьць яўнага выніку, то ўсё ж, магчыма, адыграе сваю ролю ў пазьнейшай пэрспэктыве. Калі гэта будуць шматлікія выпадкі звароту да грамадзкасьці, то тады цяперашнюю практыку давядзецца мяняць».

З чыста паліцэйскіх праблемаў у разрад палітычных?

Параўноўваючы сытуацыю з эканамічнай злачыннасьцю ды карупцыяй у дэмакратычных і недэмакратычных краінах, некаторыя экспэрты-крымінолягі адзначаюць, што ў апошніх праблемы пераходзяць з чыста паліцэйскіх у разрад палітычных. А гэта пагражае як нацыянальнаму прагрэсу, так і нацыянальнай бясьпецы.

Тыя, хто вызваляецца зь беларускіх турмаў, адзначаюць, што сярод асуджаных за карупцыю ды хабарніцтва — шмат прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлектуальнай эліты ды інтэлігенцыі: былыя дырэктары буйных прадпрыемстваў, навукоўцы, унівэрсытэцкія выкладчыкі, мэдыкі, колішнія высокія дзяржчыноўнікі ды пасьпяховыя мэнэджэры, сілавікі, у тым ліку і ў генэральскіх чынах. Яны адзначаюцца адукаванасьцю, культурай мовы ды паводзінаў. Праводзяцца нават паралелі з старымі савецкімі часамі, калі ў турмах можна было сустрэць, як кажуць, гонар нацыі. Толькі тады ўсе гэтыя людзі траплялі за краты як трацкісты, замежныя шпіёны і падобнае, іншымі словамі — як палітычныя, а цяпер — як раскрадальнікі народнага багацьця, якія, злоўжываючы сваімі службовымі паўнамоцтвамі, у складзе злачынных груповак крадуць у асоба вялікіх памерах.

— Ці можна, на вашу думку, назваць тых прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты, якія сёньня ўтрымліваюцца за кратамі паводле эканамічных артыкулаў, ахвярамі палітычнага рэжыму? — пытаемся ў юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна».

Сапелка: «Я праціўнік абагульненьняў і навешваньня любых ярлыкоў. Я праціўнік таго, калі на звычайнага крымінальнага злачынца навешваецца статус ахвяры палітычных рэпрэсіяў. Тут мы найперш павінны пачуць самога чалавека, што сам ён пра гэта думае. Напрыклад, гісторыя зь вядомым журналістам ды спартовым мэнэджэрам, які абвінавачваецца ў карупцыі. Усе, каму не лянота, гаварылі пра палітычны перасьлед...А сам ён што сказаў?»

«Свабода ў турмах»: «Ён падзякаваў за падтрымку і папрасіў не палітызаваць ягоную справу. Аднак сябры ды калегі, якія вераць у ягоную невінаватасьць і напачатку ініцыявалі ў СМІ гэтую магутную падтрымку, сёньня лічаць, што. іхнія дзеяньні нават у нечым нашкодзілі, сытуацыя ўскладнілася: тыя, ад каго залежыць ход справы, сталі яшчэ больш цягнуць расьсьледаваньне і «яшчэ больш не сьпяшацца»...

Сапелка: «Калі нехта лічыць сябе невінаватым і ёсьць прыкметы таго, што ў дачыненьні да яго дапушчаныя нейкія парушэньні, то пра гэта так і трэба казаць. Але ня трэба валіць усё адну кучу. Давайце вызначаць. Ёсьць тыя з "эканамістаў", хто лічыць, што ў РБ працаваць, не парушаючы закон, немагчыма. Тут бы я паспрачаўся, бо мне здаецца, што магчыма. Можа, толькі з не такім узроўнем даходнасьці, але ж… Аднак ёсьць і такія, хто стаў, напрыклад, ахвярай канкурэнтаў, а гэта людзі асуджаныя за тое, чаго не рабілі. Іншыя маглі стаць ахвярамі некваліфікаванага прачытаньня тым жа сьледчым той ці іншай нормы. Ёсьць таксама выпадкі перасьледу чалавека, калі яго дыскрэдытуюць у вачох астатніх, агаворваюць, што, маўляў, ён учыніў тое ці іншае злачынства. Тут трэба адстойваць сваю правату па канкрэтнай крымінальнай справе, скажам так, звычайнымі, а не палітычнымі ды мабілізацыйнымі захадамі, то бок без розных хваляў грамадзкага пратэсту. Паўтаруся, я не прымаю, калі статус ахвяры палітычнага рэжыму навязваецца на падставе таго, калі пра гэта кажа сам чалавек, або яго атачэньне».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG