Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа аб карупцыі на Ашмянскай мытні: затрымана 40 мытнікаў


Памежны пункт пропуску "Каменны Лог"

Памежны пункт пропуску "Каменны Лог"

Па справе аб карупцыі ў дзейнасьці Ашмянскай мытні затрыманыя 40 мытнікаў. Пра гэта паведаміў журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэту Юры Сянько.

«Шэраг крымінальных спраў ужо накіраваны ў суд. Але КДБ і Сьледчы камітэт працягваюць расьсьледаваньне гэтай гучнай карупцыйнай справы. Агулам затрыманыя каля 40 супрацоўнікаў», — паведаміў Юры Сянько.

У сакавіку КДБ разам зь іншымі праваахоўнымі органамі выявіў карупцыю ў Ашмянскай мытні. У злачынную дзейнасьць быў уцягнуты ледзь ня ўвесь асабісты склад мытнага паста «Каменны Лог». Спачатку паведамлялася пра затрыманьне 19 чалавек. У мытнікаў канфіскавалі больш за 2,2 млн даляраў.

«Удзельнікі злачыннай групы за хабар, у парушэньне мытнага заканадаўства, ажыцьцяўлялі бесьперашкодны пропуск буйных партыяў розных тавараў празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь у пункце пропуску „Каменны Лог“. Сумы незаконнага грашовага ўзнагароджаньня складалі ад 250 да 3000 даляраў ЗША ў залежнасьці ад колькасьці перамешчаных грузаў. Адзін з удзельнікаў злачыннай групы за штомесячнае грашовае ўзнагароджаньне ў памеры 1000 даляраў ЗША ажыцьцяўляў прыкрыцьцё злачыннай дзейнасьці затрыманых шляхам перадачы ім зьвестак пра плянаваныя ДМК Рэспублікі Беларусь праверачныя мерапрыемствы», — адзначалі ў КДБ.

Імёны і пасады затрыманых мытнікаў не выдаюцца, як і дэталі гэтай справы.

Пра выкрыцьцё карупцыйнай схемы ў дзейнасьці Ашмянскай мытні паведаміў 3 красавіка, наведваючы ДМК, Аляксандар Лукашэнка. Ён адзначыў, што крымінальная схема дзейнічала працяглы пэрыяд, у злачынную дзейнасьць быў уцягнуты ледзь ня ўвесь асабісты склад мытнага паста «Каменны Лог». Агульны злачынны прыбытак вылічаецца мільёнамі даляраў.

«Чаму пры наяўнасьці дасьведчанага цэнтральнага апарата, сыстэмы падбору, падрыхтоўкі, расстаноўкі кадраў, усіх службаў унутрыведамаснага кантролю, уласнай бясьпекі ў вас пад бокам сфармавалася такая банда? Я запатрабаваў прынцыпова разабрацца ў межах крымінальнай справы, хто гэта ўсё арганізаваў і хто да гэтага датычны», — сказаў Лукашэнка.

Ён запатрабаваў, каб шкода, нанесеная краіне супрацоўнікамі Ашмянскай мытні, была пакрытая ў 3—5-кротным памеры.

Паводле Юрыя Сянько, гэта «сур’ёзная пляма на гонары мундзіра мытнай службы» і яму «складана гаварыць на гэтую тэму».

Юры Сянько

Юры Сянько

«У цэлым гэта складаная праблема для мытнай службы. Але мы ўсе думаем над тым, як зрабіць правільныя высновы і не дапусьціць падобнага ў будучыні», — цытуе Сянько tut.bу.

У якасьці прафіляктычных захадаў ужываецца наведваньне папраўчых устаноў.

Гэта ня першая справа аб карупцыі на мытні. Найбольш вядомая — гэта справа мытнага пункту «Заходні Буг», або «справа Грамовіча», па якой да крымінальнай адказнасьці было прыцягнута 36 чалавек. Бальшыня зь іх былі службовымі асобамі мытні «Заходні Буг» (у тым ліку два намесьнікі начальніка мытні і начальнік паста) і ўпраўленьня КДБ па Берасьцейскай вобласьці (былыя намесьнік начальніка ўпраўленьня і начальнік аддзелу па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй). Але суд у 2011 годзе амаль усім фігурантам вынес апраўдальныя прысуды. Справа атрымала ў мэдыях назву паводле прозьвішча арыштаванага тады былога дырэктара дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю Анатоля Грамовіча.

XS
SM
MD
LG