Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кандыдаты агітуюць за сябе ў байнэце?


Свабода паспрабавала высьветліць, як зарэгістраваныя кандыдаты ў прэзыдэнты выкарыстоўваюць інтэрнэт і сацсеткі ў сваіх агітацыйных кампаніях.

Сяргей Гайдукевіч

Агітацыя ў інтэрнэце за Сяргея Гайдукевіча абмяжоўваецца сайтам Лібэральна-дэмакратычнай партыі, якую ён узначальвае. Дакладней, такіх сайтаў нават два — ldpb.net і ldpb.by. Другі сайт зьявіўся ўжо падчас прэзыдэнцкай кампаніі, хоць паміж сабой у пляне зьместу яны амаль не адрозьніваюцца. На гэтых сайтах можна пабачыць навіны перадвыбарчай кампаніі Гайдукевіча. Прычым калі раней сайт Лібэральна-дэмакратычнай партыі абнаўляўся 1–2 разы на месяц, то цяпер ён працуе значна больш інтэнсіўна.

У Гайдукевіча няма акаўнтаў у сацыяльных сетках. У ЛДП ёсьць суполка ў Фэйсбуку, але яна не абнаўлялася з 2012 году. Суполка «Ўкантакце» не абнаўлялася з 2013 году. У абедзьвюх суполках па 16 падпісчыкаў.

Тацяна Караткевіч

Самую актыўную агітацыю ў інтэрнэце вядзе Тацяна Караткевіч. Па-першае, яна адзіны кандыдат у прэзыдэнты, які актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Караткевіч мае асабістыя старонкі ў Facebook, Twitter і Instagram. Да таго ж у яе падтрымку працуюць суполкі ў «Ўкантакце» (больш за 3,5 тысячы падпісчыкаў) і Facebook (падтрымка — больш за 3,6 тысячы).

У суполках Тацяны Караткевіч распаўсюджваецца ня толькі інфармацыя пра перадвыбарчыя мерапрыемствы з удзелам кандыдаткі, яе інтэрвію і выступы, але і рознага кшталту жартоўныя вірусныя малюнкі ці проста малюнкі з цытатамі Караткевіч.

У падтрымку Караткевіч таксама працуе сайт кампаніі «Гавары праўду», дзе можна знайсьці інтэрвію кандыдаткі і публікацыі пра яе ў інтэрнэце, графік перадвыбарчых мерапрыемстваў і біяграфію.

Менавіта на сайце «Гавары праўду» першапачаткова зьявілася перадвыбарчая праграма Тацяны Караткевіч. Пасьпешлівая публікацыя праграмы ў інтэрнэце (Караткевіч была першай з кандыдатаў, хто прадставіў сваю праграму) дала магчымасьць на наступным тыдні скарэктаваць некаторыя пункты. Напрыклад, з праграмы зьніклі абяцаньні вярнуць студэнтам ільготы на праезд у транспарце, усталяваць для настаўнікаў і работнікаў культуры заробкі на ўзроўні не ніжэйшым за сярэдні па краіне і некаторыя іншыя.

Сама праграма на сайце «Гавары праўду» апублікаваная па-расейску, але ў газэце «СБ — Беларусь сегодня» яна зьявілася ўжо ў беларускамоўным варыянце. Прычым Караткевіч — адзіная з кандыдатаў, хто надрукаваў сваю праграму ў «СБ — Беларусь сегодня» па-беларуску.

Аляксандар Лукашэнка

Агітацыі за Лукашэнку ў інтэрнэце няма, калі ня ўлічваць тут сайты дзяржаўных мэдыяў. У сацыяльных сетках няма ні акаўнтаў кіраўніка дзяржавы, ні суполак у яго падтрымку. Сайт прэзыдэнта Беларусі не публікуе ніякай інфармацыі пра выбарчую кампанію.

Між тым інфармацыю пра перадвыбарчыя мерапрыемствы можна знайсьці на сайтах арганізацыяў, якія афіцыйна падтрымалі на гэтых выбарах Аляксандра Лукашэнку — грамадзкае аб’яднаньне «Белая Русь», Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, БРСМ і Камуністычная партыя Беларусі. Праўда, акрамя сайта «Белай Русі» (там, дарэчы, можна знайсьці і перадвыбарчую праграму Лукашэнкі), усе астатнія рэсурсы абнаўляюцца рэдка.

Мікалай Улаховіч

Прыкмет агітацыі ў інтэрнэце за Мікалая Ўлаховіча выявіць немагчыма. Сайта Беларускай патрыятычнай партыі, якую ўзначальвае Ўлаховіч, ніколі не існавала. На сайце «беларускага казацтва» можна знайсьці толькі артыкул пра Ўлаховіча з газэты «Вести потребкооперации», апублікаваны ўжо падчас прэзыдэнцкай кампаніі.

Праграма Улаховіча першапачаткова зьявілася толькі ў друкаваным варыянце і распаўсюджвалася ў выглядзе журналісцкіх пераказаў. Толькі потым яе цалкам апублікавалі на сайце прэзыдэнцкай газэты «СБ — Беларусь сегодня».

Улаховіч ня мае акаўнтаў у сацыяльных сетках, таксама няма акаўнтаў у Беларускай патрыятычнай партыі і «беларускага казацтва».

Пры гэтым у Facebook у жніўні зьявілася суполка «Мікалай Улаховіч», дзе публікаваліся заявы нібыта ад імя кандыдата ў прэзыдэнты. У адной з заяў «Мікалай Улаховіч» адзначаў, што сёньня беларускай мовай карыстаецца менш за 1% насельніцтва і выратаваньне мовы заключаецца «ў аднаўленьні яе спрадвечных лінгвістычных кодаў і першароднага выгляду» часоў Францыска Скарыны і статутаў Вялікага Княства Літоўскага. У суполцы таксама публікаваліся цытаты Сталіна і вершы Якуба Коласа пра Сталіна («Мудры Сталін вядзе свой народ»...), а на аватарцы суполкі было чатыры сьцягі: камуністычны, дзяржаўны чырвона-зялёны, бел-чырвона-чорны і колераў георгіеўскай стужкі.

Але на пачатку верасьня Ўлаховіч адхрысьціўся ад гэтай суполкі, назваў гэтую сытуацыю «палітычнай правакацыяй» і «бруднай і нядобрай справай», падкрэсьліўшы, што ён ня мае дачыненьня да гэтай суполкі і ніколі не рабіў такіх заяў. Пасьля гэтага суполка зьмяніла назву на «За Беларусь» (грамадзкая ініцыятыва за народнага правадыра ад патрыятычных сіл) і больш не абнаўлялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG