Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт пра канкурэнтаў Лукашэнкі: Усе яны — ягоныя спарынг-партнэры


Экспэрты, якіх запрасілі на «круглы стол» у АГП, прааналізавалі эканамічныя разьдзелы выбарчых праграмаў Аляксандра Лукашэнкі, Тацяны Караткевіч, Сяргея Гайдукевіча і Мікалая Ўлаховіча.

Эканаміст Леў Марголін:

«На маю думку, дакладна сфармуляванай эканамічнай праграмы няма ў ніводнага з зарэгістраваных кандыдатаў, у тым ліку і ў таго, хто будзе пяты раз пераабірацца. Чаму? Настолькі ўсё празрыста і зразумела, што няма неабходнасьці нешта мяняць? Ладна, яшчэ можна зразумець Аляксандра Лукашэнку, які заяўляе, што як мы плылі, гэтак і далей будзем плыць. Але чаму астатнія гэтак жа невыразна паставіліся да эканамічных разьдзелаў сваіх праграмаў?»

Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнту «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка

Леанід Заіка

«Чаму? Бо астатнія плывуць разам з Аляксандрам Рыгоравічам. Заўважу, што тры з чатырох кандыдатаў — гэта пэнсіянэры. Пытаюся ў грамадзтва: няўжо ўсур’ёз ад іх варта чакаць істотных эканамічных прапановаў? Што да Тацяны Караткевіч, мяркую, у яе праграме — вытрымкі з розных праграмаў апазыцыі, якія складаліся ў розныя часы. Таму, на маю думку, больш цікавая праграма Аляксандра Лукашэнкі. Але тут можна паспачуваць, бо эканоміка ў стане клясычнага крызісу. Тое, што ён рабіў 20 гадоў, завяло ў тупік, прычым з усімі наступствамі, зь якімі ён змагаўся зь першых дзён свайго прэзыдэнцтва. Гэта і прадпрыемствы, якія ня могуць рэалізаваць сваю прадукцыю, і лішняя працоўная сіла, і запасы гатовай прадукцыі, і заробкі. Яны, вядома, сталі большыя, у сярэднім ужо 400 даляраў, але паводле пакупной здольнасьці можна паспрачацца і з гэтым паказчыкам як нібыта пасьпяховым.

Што Лукашэнку трэба было рабіць у гэтых умовах? Ён мог заняць пазыцыю, што будзем мяняць эканамічную мадэль ці хаця б зробім чыстку таго, што ёсьць, але ён і гэтага не сказаў. Бо тады б пацьвердзіў суцэльную тупіковасьць свайго курсу, які ён Беларусі 20 гадоў таму прапанаваў і рэалізаваў. То бок на сёньня, як мне бачыцца, ані ў кога з кандыдатаў эканамічнай праграмы няма. І, хутчэй за ўсё, гаворка будзе ісьці пра разавыя невялікія крокі, каб падправіць становішча. У манэтарнай, прамысловай, аграрнай сфэрах».

«Дык што, Лукашэнка — палітычны самагубца?»

Гэтак пытаньне ставіць Леў Марголін, зважаючы на тое, што эканамічная праграма, якую прапаноўвае Аляксандар Лукашэнка, не прадугледжвае эканамічных рэформаў, якія могуць вывесьці краіну з эканамічнага каляпсу і палітычнага тупіку.

Палітоляг Валер Карбалевіч з такім вызначэньнем на адрас Лукашэнкі нязгодны:

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

«А гэтага яму і ня трэба, ён дастаткова рацыянальны чалавек і глядзіць на сытуацыю рацыянальна. Калі б у краіне былі нейкія сацыяльныя канфлікты, страйкі, людзі б выходзілі на вуліцы, перакрывалі дарогі, нечага патрабавалі — тады б ён сказаў, што так, трэба нешта рабіць. А калі спакойна, дык нешта рабіць неразумна. Што — самому дэстабілізаваць сытуацыю? Бо любая трансфармацыя — гэта ёсьць дэстабілізацыя. Сур’ёзныя рэформы для Лукашэнкі — гэта рызыка, прычым нават большая, чым нічога не рабіць. Сёньняшняя мадэль аптымальная для ўтрыманьня ягонай улады. І нават ня так важна, што стане больш беспрацоўных у выніку закрыцьця некаторых прадпрыемстваў, якія трэба закрыць. Галоўнае, ён упэўнены, што калі ён кантралюе эканоміку, ён кантралюе і палітыку, і грамадзтва. Бо калі кажуць пра рэформу эканомікі, гэта значыць — прыватызацыя. А прыватызацыя азначае, што эканамічная ўлада пераходзіць на нейкі зусім іншы ўзровень, а ён перастае кантраляваць працоўныя калектывы. Між тым працоўныя калектывы — гэта той таталітарны каркас, з дапамогай якога ён утрымлівае грамадзтва ў паслушэнстве. Невыпадкова ў кожным працоўным калектыве ёсьць намесьнік дырэктара па ідэалёгіі, невыпадкова праз працоўныя калектывы праходзіць выбарчая кампанія. Таму ён страшна баіцца прыватызацыі, баіцца што эканоміка сыдзе з-пад кантролю дзяржавы, а значыць, і ягонага асабістага. Як ва ўмовах рэфармаванай эканомікі можна кіраваць ёй уручную? Як можна езьдзіць па заводах, па калгасах, даваць каманды, калі сеяць, калі жаць? Як праводзіць сэлектарныя нарады? А гэта ж ягоны стыль, бяз гэтага ён перастае быць Лукашэнкам.

Я лічу, што ні на якія сур’ёзныя структурныя рэформы Лукашэнка пасьля выбараў ня пойдзе

Акрамя таго ён страшна баіцца зьяўленьня алігархаў. Досьвед Расеі і Ўкраіны, асабліва ельцынскі пэрыяд у Расеі, паказаў, што як толькі зьяўляюцца багатыя людзі, яны абавязкова пачынаюць уплываць на ўладу і змагацца зь ёй. Лукашэнка баіцца канкурэнтаў, таму ствараць сваімі рукамі сабе канкурэнтаў не зьбіраецца.

Плюс у выпадку рэформаў яму трэба мяняць электарат. Адмовіцца ад сацыяльных аўтсайдэраў, на якіх ён сёньня абапіраецца, ад працаўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў ды калгасаў, і пераарыентавацца на новы сярэдні кляс, які зьявіцца. Але ня факт, што гэты сярэдні кляс яго падтрымае. То бок ён губляе стары электарат, але можа не здабыць новы. Сындром Гарбачова для яго вельмі жывы, ён яго добра памятае. Да таго ж, як слушна заўважае Леанід Заіка, прыйдзецца прызнаць, што 20 гадоў ён вёў краіну не туды. Таму я лічу, што ні на якія сур’ёзныя структурныя рэформы Лукашэнка пасьля выбараў ня пойдзе, ва ўсякім разе, пакуль у краіне ціха і спакойна. Адзінае, на што ён можа пайсьці пад уплывам Захаду, — гэта на касмэтычную лібэралізацыю. Тут ва ўладзе вялікія мастакі дурыць галаву, асабліва заходнім экспэртам, якія дрэнна разумеюць сытуацыю ў Беларусі».

Кандыдаты — спарынг-партнэры Аляксандра Лукашэнкі

Гэтак мяркуе Дзяніс Лаўнікевіч, незалежны эканамічны экспэрт.

Менавіта з правага флянгу мы бачым грунтоўныя эканамічныя прапрацоўкі, а левы флянг працуе на папулізм

«Усе кандыдаты — спарынг-партнэры Лукашэнкі. Яны ўсе дружна абышлі некалькі ключавых тэмаў, зьвязаных з уласнасьцю. Гэта прыватызацыя, уласнасьць на зямлю і рэформа аграпраму. У гэтай сувязі адзначу, што ў нас поўна сацыялістычных партыяў, іх 4 ці 5, поўна левых партыяў, а правых, мякка кажучы, мала, тых, якія б адстойвалі каштоўнасьці, зьвязаныя з уласнасьцю. Між тым менавіта ў правых палітыкаў і іхніх структураў я бачу наяўнасьць пэўных эканамічных праграмаў, вось як праграма „Мільён працоўных месцаў“, зь якой АГП спрабавала выйсьці і на гэтыя выбары. Бачу, што гэтая праграма шмат у чым выйшла з праграмы польскіх рэформаў. Яшчэ ў хрысьціянскіх дэмакратаў ёсьць добрая сацыяльная праграма, аб’ёмны праект эканамічных рэформаў, распрацаваны „Нашым домам“ Вольгі Карач. Такім чынам, менавіта з правага флянгу мы бачым грунтоўныя эканамічныя прапрацоўкі, а левы флянг працуе на папулізм. Яны ўсе кажуць, што трэба зрабіць, але ніхто ня кажа, як зрабіць. Гэта добра бачна па кандыдатах, якія бяруць удзел у выбарчай кампаніі».

Папулізм як сродак атрымаць залік па кандыдацкім мінімуме

Удзельнікі дыскусіі пагадзіліся: эканамічныя і сацыяльныя разьдзелы праграмаў усіх кандыдатаў сатканыя з супярэчнасьцяў. Прывялі ў прыклад Тацяну Караткевіч, якая прапануе падвысіць пэнсіі праз пэнсійную рэформу, але не прадугледжвае павышэньня пэнсійнага ўзросту. Не падвышаць пэнсійны ўзрост прапануе і Аляксандар Лукашэнка. Зноў не зьбіраецца стрымліваць абяцаньне?

Леанід Заіка: «Перакананы, што Аляксандар Лукашэнка сам не пісаў нічога з гэтай праграмы. Як напісалі ягоныя дарадцы, гэтак і атрымалася — і гэта вялікая праблема для Беларусі, што палітыкі праз 15 хвілін пасьля выбараў забываюць, што абяцалі. Але самае прыкрае, што праграмы і Лукашэнкі, і Караткевіч, і Гайдукевіча з Улаховічам ніякага выбару для беларусаў не даюць. Беларусы прызвычаіліся ня верыць словам і праграмам. Іх цікавіць толькі курс рубля, што будзе з заробкам і калі зноў здарыцца крызіс. А на гэтыя пытаньні ані Лукашэнка, ані іншыя адказу не даюць».

Валер Карбалевіч: «Ня згодны, што эканамічныя рэформы немагчымыя без таго, каб прайшлі сапраўдныя выбары. Тут можна згадаць краіны зь ліку гэтак званых „азіяцкіх тыграў“ ці хаця б Казахстан. Але важны момант — сёньня ў грамадзтве няма попыту на альтэрнатыву, на рэформу. Затое ёсьць страх і траўма, якую сфармавалі ўкраінскія падзеі. На іх улады спэкулююць. Як доўга гэта працягнецца — сказаць цяжка. Але пакуль гэтая траўма ёсьць, нават сур’ёзнага абмеркаваньня рэформаў не атрымаецца.

Галоўны фактар, які можа паўплываць на эканамічную сытуацыю, — гэта зьнешнія спонсары. Расейскі спонсар будзе даваць грошы вельмі асьцярожна і за тое, чаго хоча ад Беларусі. Прыклад — гісторыя з крэдытам ЭўрАзЭС. А што будзе з раманам з МВФ — яшчэ невядома, ці яго дадуць нават за зьнешнюю лібэралізацыю».

Леў Марголін

Леў Марголін

Леў Марголін: «Падвядзем рысу дыскусіі. Складаецца ўражаньне, што галоўны рэжысэр выбараў — Аляксандар Лукашэнка — сьвядома выводзіць рынкавыя рэформы за рамкі працэсу. Чаму? Бо лічыць, што на сёньняшні момант можа абысьціся без такіх рэформаў. Паводле прымаўкі „не чапаць ліха, пакуль яно ціха“. Што да крэдытаў, таксама мяркую, што наўрад ці за авіябазу на нашай тэрыторыі дадуць крэдыт большы, чым 2 мільярды даляраў. Наўрад ці і МВФ раскашэліцца. Лукашэнка спадзяецца, што празь лібэралізацыю разьвяжа гаманец МВФ, але, на мой погляд, Захад на гэта глядзіць інакш. Мяркую, яны ў абмен на гэтую паказную дэмакратызацыю здымуць зь яго статус неўязнога, пусьцяць у Эўропу ў надзеі на тое, што ён паглядзіць, як там жывуць людзі, і, магчыма, яго ўдасца нейкім чынам перавыхаваць, і на гэтым усё».

Дзяніс Лаўнікевіч: «Мяркую, калі Лукашэнка здолее неяк адкруціцца ад авіябазы, ён крэдыт ад МВФ абавязкова атрымае».

Валер Карбалевіч: «Дык ён і так, і так атрымае. Калі не адкруціцца — з боку Расеі. Калі адкруціцца — ад МВФ».

Леанід Заіка: «Але гэта не ратуе. Расея аказвае падтрымку штогод недзе на 8 мільярдаў даляраў, ніякі МВФ гэтага не кампэнсуе. Канечне, грошай у іх усё меней, але пакуль недзе 150 мільярдаў даляраў ад продажу нафты маюць».

XS
SM
MD
LG